Будзьма беларусамі!
Caйт
Кампанія
Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com

Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!

  • Актуаліі
  • Калумністыка
  • Літаратура
  • Гісторыя
  • Фотарэпартаж
  • Крылы БНР
  • Разам да справы!
  • Афіша
18.04.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Як быць харошым грамадзянінам

Tweet

Адной з базавых штучак, неабходных для камфортнага жыцця, з’яўляецца дакладнае разуменне мяжы, пераступіўшы якую, ты трапляеш пад раздачу. Раней мяжа была выразна акрэсленая: “не лезці ў палітыку”.

Hostage-650x360

Зразумела, што кожны грамадзянін, які спрабаваў быць “харошым”, трактаваў тое “не лезці” ў меру сваёй баязлівасці. Для кагось “не лезці” азначала не вылучацца ў прэзідэнты, бо колькі ўжо іх перасаджалі, тых кандыдатаў. Для кагосьці — не толькі не ўваходзіць у перадвыбарчыя штабы, але нават не сябраваць з тымі, хто “пайшоў”, не размаўляць з імі па тэлефоне, не пісаць “палітычных статусаў” у сацыяльных сетках, не каменціць, не лайкаць, адфрэндзіцца.

Паняцце “палітыкі” тым часам рабілася ўсё шырэйшым. Як “палітыку” пачалі трактаваць енкі пра падвышэнне пенсійнага ўзросту, скаргі на нізкія заробкі і беспрацоўе. Але ўсе трывалі, не лезлі. Маўчалі. Не пісалі. Не згадвалі. Не сябравалі. Адфрэнджваліся. Калі рабілася немагчыма — лезлі на вежавы кран і расказвалі пра сваё гора адтуль. Кшталту мы не на плошчы, мы ў паднябессі, таму не карайце нас, а?

Чым адметная вясна 2017-га, дык гэта тым, што папярэдняе вызначэнне “харошага грамадзяніна”, якому “няма чаго баяцца”, болей не працуе.

Вось узяць хлапцоў, пра якіх на БТ паказалі бульба-хорар. Я наўмысна не буду называць гэта “справай Белага Легіёна”, бо Белага Легіёна, як мы ведаем з медыяў, не існуе больш за 10 гадоў. Не буду я называць затрыманых і фігурантамі “справы патрыётаў”, каб не ўводзіць у зман сваіх замежных чытачоў. Бо, ведаеце, гэта ж толькі ў нас “патрыётам” завецца той, хто любіць Радзіму. У сучаснай англійскай мове “патрыёт” — той, хто лічыць, што мексіканцаў трэба дэпартаваць за сценку на мяжы ЗША. У Нямеччыне “патрыётамі” называюць сябе людзі, што вераць у неабходнасць “ачышчэння” Еўропы ад мусульман. Мяркуючы па інтэрв’ю, ніхто з хлапцоў на шавінізм не хварэе. Таму адзіная назва, прымяняльная да гэтай справы, — “справа тых, хто любіць Радзіму”.

Яны “не лезлі ў палітыку”, болей за тое, публічна дэкларавалі, што калі спатрэбіцца бараніць незалежнасць, будуць дапамагаць існаму рэжыму. Дык чаму б ім не быць спакойнымі? Але не! Выявілася, што спакойным і ўпэўненым у заўтрашнім дні сёння не можа быць проста ніхто.

Уласна, пачуццё свідруючай трывогі тут узнікае ад таго, што ўся краіна ўсведамляе: узялі іх ні за што. Праз тэрміновую патрэбу паказаць па тэлебачанні страшнае. Каб людзі спалохаліся і вярнуліся са сваімі праблемамі на вежавыя краны. І паколькі за дзесяцігоддзе выціскання людзей са сферы палітычнага ніякіх сапраўдных “ворагаў” унутры краіны не засталося, ворагаў трэба было імкліва прыдумаць. У строгай адпаведнасці са справамі 1920-х — 1930-х: “Маладняка” і “Саюза вызвалення Беларусі”. Таму прыйшлі да тых, хто некалі быў у базах. Не вінаваты? Нічога не рыхтаваў? І што з таго? У краіне, дзе ролю следства бяруць на сябе ананімныя дыктары на ТБ, невінаватасць не мае аніякага значэння.

Але гэты допіс — не пра герояў прапагандысцкіх пужалак. Ён — пра нас з вамі, пра гледачоў. Што чухаюць цяпер патыліцы з думай, як жыць далей, каб па табе не праехаліся. Я спрабую вылучыць з падзей мінулых тыдняў нейкую новую канвенцыю, “правілы жыцця добрага грамадзяніна” і проста не магу. Не дапаможаце?

Ну вось, напрыклад, бізнесовец Кныровіч. Ён у палітыку не лез, не вылучаўся ў дэпутаты і толькі зрэдку, у межах піяр-суправаджэння сваіх бізнес-праектаў, дазваляў сабе пабурчаць на маднявых гарадскіх сайтах. Закрылі. Значыць, бурчаць на маднявых гарадскіх сайтах нельга. Але як разумець затрыманне бізнесоўца Арбузава? Бо ён якраз нічога нідзе не бурчаў, усведамляў і баяўся. Як вынікае з допісаў на буйных парталах, быў упэўнены ў тым, што з праваахоўнікамі пытанні вырашыў. Чыж, Пракапеня, Авяр’янаў — вы бачыце сістэму? Я яе не бачу.

Бо яе насамрэч няма. Сярод бізнесоўцаў гэтымі днямі гуляе апокрыф пра “праскрыпцыі” — спісы тых, да каго даяры прыйдуць наступнымі. І рэч не ў тым, што фігуранты спісу ў нечым вінаватыя. Проста краіне патрэбныя грошы. Вось і ўсё.

Гэтыя два матывы — “патрэбныя грошы” і “патрэбныя відовішчы” — здольныя загнаць у вязніцу любога.

Займаешся ёгай? Канае пад мерапрыемствы, накіраваныя на падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Збіраўся, сука, праслізгваць паміж шчытамі АМАПа! Не еў мяса? Вызнаваў дэструктыўную ідэалогію веганства? Пад следства за падрыў сельскагаспадарчай бяспекі дзяржавы! Разам з Данквертам! Не п’еш? Падазрона, хутчэй за ўсё шпіён! П’еш — алкаголік, пазбаўленне правоў кіроўцы і на прымусовае лячэнне ў ЛТП! Сын ходзіць у секцыю дзюдо? Гатовы баявік, рыхтуецца праломваць міліцэйскія шыхты (у фільме пра яго пакажуць кадры з Майдана і з праспекта ў 1996-м). Дома ёсць цукар? Алей? Шрубы і гайкі? Капец, чакай групы захвату!

Але і на тым баку шыхтоў таксама няма спакою. Як вельмі трапна адзначыў адзін абазнаны чалавек, пацанчыкі з камерамі патрэбныя зусім не для таго, каб здымаць людзей, што злезлі з вежавых кранаў. Бо людзям гэтым хапае адной звіздзюліны дручком, каб вярнуцца на кран. Відэа патрэбнае для аналізу тых самых, з дручкамі. Каб, калі нехта завагаецца выконваць загад, своечасова выклікаць да начальства і разглядзець паводзіны на прадмет адпаведнасці ўставу.

Сілавікі баяцца сілавікоў, чыноўнікі баяцца людзей, што злезлі з кранаў, людзі баяцца і чыноўнікаў, і сілавікоў — і з усім гэтым можна было б спакойна жыць (жылі ж дагэтуль!), калі б засталіся хаця б якія межы. Але бульба-хорары па ТБ і нуар-камедыі ў “СБ” патрэбныя якраз для дэманстрацыі: межаў болей няма, рабяты. Што б вы ні рабілі, як бы ні любілі краіну, дастаткова адной паперкі ад фраў, якая ніяк не вызначыцца, які акцэнт імітаваць, балтыйскі ці французскі (о, гэтае “провакатэўры”!), каб па вас праехаліся.

Прававую крыніцу турботнага перакосу вызначыць лёгка.

Праблема ў тым, што пакаранне ў нас аддзялілася ад правіны. Ты можаш быць вінаваты ў адным (бараніў Курапаты, удзельнічаў у мітынгу), а закрыюць цябе за іншае (рыхтаваў беспарадкі, лаяўся матам).

Больш за тое, ты можаш быць проста ні ў чым не вінаваты. Але паколькі краіне патрэбныя грошы і відовішчы, табе прыдумаюць і правіну, і пакаранне, каб толькі абшчыпаць і папужаць насельнікаў вежавых кранаў тваёй ёгай і тваім веганствам.

Калі ўлада збіраецца калі-небудзь згарнуць рэжым неаб’яўленай надзвычайнай сітуацыі, у якім няўтульна жыць ужо проста нікому, пачынаць трэба з вяртання простай узаемасувязі паміж злачынствам і адказнасцю.

Віктар Марціновіч

Апошняе ў рубрыцы:

vm2
"Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Чаго чакаць беларусам ад Трэцяй сусветнай вайны

  Вы кажаце, Трэцяй сусветнай не будзе? Я запярэчу: яна ўжо ідзе. Бо сітуацыя, калі два адвечныя апаненты рубяцца адзін з адным у Сірыі, — гэта ўжо Трэцяя...

4a9859d2b4ec7ca82bd191f298c5cba2
"Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Логіка — за дармаедаў

  Рэакцыя экспертаў на апублікаваныя пастановы ўрада, што рэгулююць выкананне дэкрэта пра дармаедства, — расслабон і заспакаенне. Кшталту: гэта згортванне...

istambul
"Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Палац пад кавярняй — гэта нецікава

Я п’ю гарбату з чабаром са шклянога кубачка ў кавярні пры гатэлі. Тыповы, нічым не прыкметны для Стамбула інтэр’ер: стракатыя кілімы, трубкі ад кальянаў,...

do2
"Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: “Дэльфін” напісаў саўндтрэк да сучаснасці

Як вы маглі заўважыць, я ніколі не пішу эсэ пра музыку. Хаця б адна сфера павінная захавацца для чыстай асалоды. Па-за аналізам. Каб пачуцці, якія ўзніклі...

Дадаць каментар

Click here to cancel reply.

Апошнія навіны

    Афіша
    У Мінску ўпершыню пройдзе бясплатная «Ноч дэгустацыі серыялаў» – 11 мая
    Афіша У краіне
    Фэст экскурсаводаў у Віцебску – 2018 г. Поўны спіс экскурсій
    Багдан Сакалоў: “Адэпты мовы – часам як сведкі Іеговы”
    Гісторыя
    Леакадзія Шышэя: “Добра, што я пасядзела — шмат даведалася ў жыцці…”
    Культура
    Конкурс: арт-аб’ект у памяць пра Алеся Адамовіча
    Замежжа Літаратура
    “Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі”. Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі
    Музыка
    Першы канцэрт Osimira за 5 гадоў (фота)
    Мастацтва
    Выстава пад адкрытым небам сюррэаліста Георгія Скрыпнічэнкі
    Грамадства
    У Мінску могуць з’явіцца вуліцы Алеся Дудара, Аркадзя Смоліча і парк Чынгіза Айтматава
    Гісторыя Літаратура
    Андрэй Мельнікаў: Не талды-курган
    Асоба Музыка
    Ірэна Катвіцкая, фестываль «Беларускі стыль» і не толькі музыка (фота)
    Грамадства
    Спадчына як рэстаран, альбо Ці месца дзіцячаму садку ў палацы?
    Гісторыя
    Поспехі савецкага развіцця вачыма спецслужбаў
    Афіша Навіны "Будзьма!" Разам да справы!
    Ад ідэі да справы: як зрабіць фестываль, цікавы кожнаму? Дыскутуем у Докшыцах ужо сёння!
    Грамадства
    Лёс Старога замка ў Гродне зацікавіў польскага дэпутата

Афіша

  • 22.04Тэатральна-чайная сустрэча з Гражынай Быкавай
  • 22.04“Живой уголок” в музее Азгура: Руж Янг (18+)
  • 22.04Стары Ольса / У карчме
  • 22.04Банкер фест 2018
  • 22.04Все свои: Красавчики & Gunships to Colorado & Fake Lab
  • 24.04Адкрыццё выставы акварэлі “Зямное і нябеснае”
  • 24.04Вечар памяці Мая Данцыга

УСЕ ПАДЗЕI

  • VK

  • Facebook

Апошнія каментары

  • Дятловчанин: Уже с момента написания данной стат …
  • N: Вельмі добра, дзякуй Макс Жбанкоў! …
  • Віктар Марціновіч: у чым толькі цікава вымяраецца розн …
  • ВР: Першыя два сказы В. М. - проста спр …
  • Віктар Марціновіч: 1. Tak, i pra heta esc zhadka u tek …

Папулярнае

    • Багдан Сакалоў: “Адэпты мовы – часам як сведкі Іеговы”
    • Як прэзентавалі новы сінгл гурта “Петля Пристрастия” (фота)
    • “Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі”. Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі
    • Віктар Марціновіч: Чаго чакаць беларусам ад Трэцяй сусветнай вайны
    • Першы канцэрт Osimira за 5 гадоў (фота)

Ахова спадчыны

  • Малапольскі накірунак
  • Пярліны Падляшша
  • ПАДНЯПРОЎСКІЯ СКАРБЫ
  • Специалистов нет, денег мало, законы несовершенны. Что не так с белорусской реставрацией
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2016.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM