01.03.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Жыроўка як культурны здабытак

Відавочна, што знакамітая апошнімі тыднямі квітанцыя з пералікам рахункаў, якія патрабуецца аплаціць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, каб не апынуцца на дварэ, даўно ўжо перастала быць – калі наогул некалі была – проста фінансавым дакументам.

Гэта што заўгодна, але не пагадненне, якое рэгулюе адносіны паміж уласнікам жылога памяшкання і яго абслугай. Таму што – для пачатку – не мы гэтую ЖКГ наймалі, не мы з яе тарыфамі пагаджаліся. А дзе яшчэ ты будзеш плаціць за паслугі (кшталту «капрамонту», якога ніколі не было), якіх не заказваў? Не мы вырашаем, калі пачынаць ацяпляльны сезон і калі яго спыняць. Мы не можам уплываць нават на тэмпературу батарэяў у сваіх кватэрах! Гэта прыкладна тое самае, калі б касіркі ў краме самі выбіралі, чым мы будзем вячэраць, а мы толькі моўчкі плацілі за прадукты.

Так і тут: нам пра нашыя пазыкі паведамляюць у аднабаковым парадку, і адмовіцца мы не можам. Толькі аспрэчыць. І тое тоненькім голасам, бо «ваш «разгавор» са спецыялістам касава-разліковага цэнтра запісваецца». Гэтая «асблуга» паводзіць сабе з такой пыхай, быццам уласнік нашых кватэраў – яна. І будзьце ўпэўненыя, калі на ваш падвал ці на дзіцячую пляцоўку пад вокнамі знойдзецца інвестар, вам у сціслы тэрмін нагадаюць, хто ў гэтым двары ці доме ўладар, а хто – сэрвіс.

Жыроўка – гэта новае медыя, вынайдзенае ў Беларусі. Гэта новы канал камунікацыі між падданымі, халопамі і тымі, хто ўсталёўвае памеры падаткаў па краіне. Жыроўка – гэта падатак на жыццё, плата за цеплыню і магчымасць памыцца, сама форма спагнання якой –адна з найяскравейшых прыдумак той выбітнай культуры, да якой мы належым у 2016 годзе.

Спынімся на невідавочных функцыях жыроўкі, якіх мы ўжо не заўважаем.

1. Выпрацоўка пачуцця віны. Нам убілі ў галовы, што «грамадзяне Рэспублікі Беларусь плацяць толькі 30, 60, 80 адсоткаў ад рэальных сум за ацяпленне, усё астатняе кампенсуе дзяржава». Таму кожны раз, углядаючыся ў лічбы жыроўкі, мы разумеем, што замест пяцісот тысяч мог быць мільён. А тут толькі пяцьсот тысяч. Дзяржава паклапацілася. Дзяржава нас любіць. Дзякуй дзяржаве. Варта быць паслухмяным, пяшчотным, варта любіць ЖЭС і ўсіх, хто вышэйшы за яго. Пры гэтым рэальны адсотак той кампенсацыі ведае хіба што Бог ды бухгалтэрыя ў якой-небудзь найвышэйшай установе. Усе астатнія жывуць, працятыя пачуццём удзячнасці. Гэта афігенны трык – вымусіць грамадзян падчас аддавання грошай адчуваць удзячнасць да дзяржавы!

2. Сацыяльная кара, сацыяльная ўзнагарода. Горай за ўсё цяпер уласнікам кватэр, у якіх ніхто не прапісаны. Большасць такіх уласнікаў – людзі, якія паклалі здароўе на тое, каб у залатыя часы набыць сабе другую кватэру метраў на 90, пакуляцца на трох працах, выплаціць крэдыт і цешыць сябе надзеяй, што на пенсіі яе можна будзе здаваць, каб не абгрызаць бяросту ў лесе на пенсію ў два мільёны. І вось кватэра раптоўна зрабілася залатой, бо на яе ўтрыманне трэба аддаваць $100 у месяц, здымаць з такімі камунальнымі яе ніхто не хоча. Пры тым суседзі-алкаголікі, якія не працуюць, сядзяць на дзяржаўнай рэнце і плацяць толькі 300 тысяч, бо іх там пяць і яны маладыя бацькі. Такім чынам, праз жыроўку дзяржава даводзіць сваім грамадзянам, якія паводзіны прымальныя, а якія – не. Жыроўка, з яе зніжкамі і штрафамі за «пустуючае» майно, робіцца сродкам выпрацоўкі ў падданых прыдатных паводзін. Хочаш маленькі «падатак» – не ірвіся, не набывай нерухомасць, а лепей наогул хутчэй зрабіся пенсіянерам на два мільёны з клункам для бяросты. Пагодзімся, што квітанцыі на ацяпленне, якія прыходзяць наймальнікам у Вене ці Лондане, такімі мэсіджамі не азначаюцца.

3. Цудадзейнасць дзяржавы. Адзінае дзіва, веру ў якое не страцілі людзі ў нашыя прагматычныя часы, – гэта дзіва нечаканых грошай. Зараз, пасля разгрому наверсе, КДК «пералічыць» тарыфы, і ў наступным месяцы грамадзяне атрымаюць меншыя жыроўкі. І будуць думаць, што дзяржава стварыла сапраўдны міракль, «кампенсаваўшы» ім празмерныя выдаткі, хаця тлумачэннем таго «міракля» будзе простае супастаўленне тэмпературы надвор’я ў лютым і студзені. Але для ўмацавання боскага статусу тых, хто вызначае тарыфы, будзе зроблены яшчэ адзін крок.

4. Выхаванне пакоры. Жыроўка – такі ж файны настаўнік добрых сацыяльных модусаў, як той кантракт, які трэба ўзнаўляць раз на 2 гады і які можна лёгка страціць. Справа ў тым, што кожны з нас у пэўны момант усведамляе, што цэны ў жыроўцы могуць быць наогул любымі. І паколькі не мы заказвалі пакеты паслуг, якімі нас забяспечваюць, нам лёгка можна выставіць замену звычайнага цепланосьбіта ў батарэях ацяплення на падагрэтую мінералку «Нарзан» – праверыць мы ўсё роўна не здолеем, а спагнаць за гэта можна пару мільёнаў. Таму мы падсвядома баімся жыроўкі, як баімся міліцыі, страты кантракту ці схаваных радараў на трасе «Брэст–Мінск». Гэта старанна ўведзенае ў побыт “memento mori”. Грамадзянін мусіць быць крыху напужаным. Асабліва калі ўзрушацца ў адказ на бязглуздыя дзеянні тых, хто выстаўляе рахункі, ён не звыклы.

5. Паўсюднасць жыроўкі ёсць яшчэ адным крокам у нацыяўтварэнні. Задумаемся: кожны жыхар гарадской кватэры атрымлівае гэтае медыя. Літаральна кожны. І міністр, і прэм’ер. Калі б я быў Мінгарвыканкамам, я б змяшчаў легендарную «ўбедзіцельную просьбу…» прыбраць снег вакол машын не ў смс-паведамленнях, а на жыроўках, бо, як бачна з папярэдняга пункту, найлепшы канал камунікацыі – гэта той, праз які табе паведамляюць пра твае пазыкі. У іншых краінах, нават у вельмі блізкай нам Літве, кожнае таварыства ўласнікаў мае сваю абслугу, сваё ацяпленне, сваю сістэму выплат і зніжак. Жыроўка – агульная для ўсіх беларусаў халера. Калі-небудзь мы будзем сумаваць па гэтай паперчыне з большым пакрыццём, чым у тэлебачання (бо людзей, якія не глядзяць беларускае тэлебачанне, да халеры, а вось людзей, якія наважыліся не звяртаць увагі на паперкі ў паштовай скрыні, – адзінкі). Жыроўка, такім чынам, – гэта голас, які звяртаецца адразу да ўсёй нацыі ва ўсёй яе стракатасці. Цяпер гэты голас кажа толькі пра адно – пра тое, што недзе побач ёсць дзяржава. Але вельмі проста зрабіць так, каб да гэтага мэсіджу далучыліся іншыя, больш тонкія паведамленні. Напрыклад, пра тое, што тая дзяржава – беларуская. Кіраўнік БТ абураўся, што трэба пашыраць ужытак нацыянальнай мовы – дык няма праблем, зрабіце жыроўкі беларускімі!

Паводле наяўнага статусу ў беларускім знакавым полі, жыроўка – гэта нешта кшталту пакрытых знакамі абеліскаў, якія ставіліся ў старажытным Егіпце дзеля таго, каб нашчадкі памяталі пра жыццё і дзеі фараонаў. Гэта помнік нашай сучаснасці, яе стылю і вельмі характэрнаму тыпу пісьменнасці. Калі-небудзь жыроўку заменіць звычайны чэк, які будзе калькулявацца на падставе пагадненняў з абранымі на канкурэнтных умовах правайдарамі вады і цяпла. І нашая культура страціць вельмі яскравы, хай сабе і каструбавата-савецкі па сваёй сутнасці, артэфакт. Адно дакладна: сумаваць па ім мы дакладна не будзем.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика