22 студзеня 1558 года для ВКЛ пачалася адна з самых важных ў геапалітычным плане войнаў — Лівонская. Можна без перабольшання сказаць, што краіна, якая выйшла з той вайны, мела няшмат агульнага з краінай, што ў яе ўступіла. Шмат чаго выйграла, але і шмат у чым прайграла. Хаду 27-гадовага канфлікту ў адным артыкуле апісваць я не буду, спынюся толькі на яго прычынах — дакладней на прычынах уступлення ў вайну менавіта Княства.
“Дзяржава мае не сяброў, не ворагаў, а інтарэсы”
Папулярнае тлумачэнне пачатку Лівонскай вайны даволі дзіўнае. Маўляў, быў дрэнны цар і вялікі князь Іван IV, які жадаў здабыць выхад да Балтыкі і напаў на безабаронную Лівонію. І было добрае Вялікае Княства Літоўскае, якое заступілася за безабаронную Лівонію і такім чынам уцягнулася ў вайну. У вайну, якую самастойна выйграць не здолела — таму было вымушанае тэрмінова аб’яднацца з Польшчай, саступаючы ёй Украіну.
Згодна з гэтым тлумачэннем, на ўсіх этапах вайны ВКЛ выступала не як суб’ект, а як аб’ект палітыкі — ніякіх сваіх інтарэсаў не праводзіла, то ўступалася за Лівонію, то адбівалася ад Масквы, то саступала Варшаве. І самае галоўнае — зусім не зразумела, навошта было лезці ў гэтую вайну. Даюцца адказы кшталту “нельга было даваць Маскоўскаму княству заваяваць Лівонію”, але такая матывацыя не лепшая за “Нельга было Расійскай імперыі даць Аўстрыі абразіць Сербію — давялося лезці ў Першую сусветную”. Абстрактная дабрыня і палітычны альтруізм нічога добрага пра кампетэнтнасць кіраўніцтва дзяржавы не кажуць. На шчасце, з ісцінай такая канцэпцыя агульнага мае мала.
Фактычна, Інфлянцкая вайна можа быць названая, на ўзор мноства іншых войнаў, “Вайной за лівонскую спадчыну”. Перажытак сярэднявечча, нашчадак духоўна-рыцарскіх ордэнаў часу крыжацкіх паходаў, Лівонская канфедэрацыя знаходзілася, мякка кажучы, не ў найлепшым стане. Аточанае моцнымі суседзямі, ардэнская дзяржава думала ўжо не пра хрышчэнне паганцаў агнём і мячом, а пра ўласнае выжыванне. А моцныя суседзі — то бок Літва, Польшча і Рускае царства — актыўна працавалі над тым, каб “апошні ўздых” дзяржавы прынялі менавіта яны. Літва не была выключэннем.
Навошта Літве Лівонія?
Што магло зацікавіць эліту ВКЛ у Лівоніі? Шмат чаго. Па-першае, нягледзячы на тое, што Літва, у адрозненне ад Масквы, мела фармальны выхад да Балтыкі, нармальных партоў на гэтым вузкім адрэзку зямлі не было, і адзіная невялічкая Паланга забяспечыць патрэбны транзіт грузаў не магла. А ў Лівоніі былі Рыга і іншыя парты з велізарным абаротам тавару і грошай — атрымаць такі выхад да мора было проста марай. Пагатоў экспарт сыравіны і тавараў з ВКЛ у асноўным ішоў на Захад, а з аўтабанамі і чыгункай тады ўсё было не надта добра. Краіны ў XVI ст. падзяляліся на тыя, што мелі выхад да мора, і тыя, што мелі дзіры ў бюджэце (часам марскія дзяржавы таксама мелі дзіры ў бюджэце, але гэта ўжо іншая гісторыя). Наяўнасць лівонскіх партоў давала грошы і магчымасць пабудаваць магутны флот, які, у сваю чаргу, дазваляў актыўна ўплываць на балтыйскую палітыку (гэтак жа будзе разважаць праз 150 гадоў расійскі цар Пётр I. А ў XVIІ стагоддзі кароль польскі і вялікі князь Уладзіслаў IV, займаючы трон, нават даў клятву стварыць флот, за які не будзе сорамна).
Больш за тое, Лівонія мела выдатнае размяшчэнне для вайны з Рускім царствам. А такая вайна заўсёды была напагатове — мір між Масквой і Вільнам быў у асноўным выкліканы неабходнасцю накапіць сілы і ўдарыць ізноў. І пачаўшы наступ з Лівоніі, можна было спадзявацца на хуткі поспех (потым Стэфан Баторый так і зробіць, асадзіўшы Пскоў).
З пункту погляду гандлю валоданне Лівоніяй абяцала ВКЛ поўны кантроль над Дзвіной — больш не патрабавалася выплачваць велізарныя пошліны нямецкім купцам з Рыгі, прыбытак ад гандлю ўзрастаў нашмат.
Нарэшце, яшчэ адной прычынай былі значныя зямельныя латыфундыі ў Прыбалтыцы з высокакультурнай сельскай гаспадаркай — узяць іх пад сваю руку марылі многія літоўскія магнаты. Але да дзяржаўных інтарэсаў Княства ўзбагачэнне асобных “алігархаў” датычнасці не мела, больш за тое, кіраўніцтва краіны збіралася наладжваць сяброўскія адносіны з элітай Лівоніі. Таму каланіяльныя амбіцыі асабліва прагных магнатаў так і засталіся нерэалізаванымі.
Стратэгія ненаўпростых дзеянняў
Так, мы бачым, што выкарыстоўваць лівонскія землі, багацці і гандлёвыя шляхі ВКЛ магло з вялікай карысцю і задавальненнем. Але як жа эліта краіны ажыццяўляла гэтыя планы?
У сярэдзіне XVI стагоддзя вакол зносінаў ВКЛ, Польшчы, Лівоніі і Прусіі разыгралася паўнавартасная эпапея, якую прыдумае не ўсялякі раманіст. У артыкуле пра Тэўтонскі ордэн мы ўжо згадвалі, што апошні вялікі магістр тэўтонцаў, Альбрэхт фон Гагенцолерн, у фінале сваёй рэлігійнай кар’еры перайшоў у пратэстантызм, секулярызаваў прускія землі, аддаў іх самому сабе і назваўся герцагам Прусіі. Дык вось, сярод эліты Княства таго часу было наймацнейшае пратэстанцкае лобі, знакаміты магнат Мікалай Радзівіл Чорны быў кальвіністам і іншым жадаў таго ж. І гэтыя кальвіністы ўсур’ёз збіраліся зрабіць у Інфлянтах тое самае, што ўжо атрымалася ў Прусіі. Для гэтага на асноўныя пасты ў іерархіі ордэна ставіліся свае людзі, а найважнейшае месца архіепіскапа Рыгі заняў Вільгельм Брандэнбургскі, брат экс-магістра Альбрэхта, які ўжо прыйшоў да поспеху. Няцяжка здагадацца, што канчатковай мэтай Вільгельма была фактычная ліквідацыя ордэнскай дзяржавы і выкройванне з яе свецкай дзяржавы, васальнай… як паказала практыка потым, самому Сігізмунду Аўгусту, а вось у якасці каго — караля Польшчы ці Вялікага князя Літоўскага, было пытаннем нявырашаным і ў далейшым зрабілася крыніцай шматлікіх спрэчак і інтрыгаў. Сам Сігізмунд і літоўскае баярства схіляліся да падпарадкавання Лівоніі ВКЛ, польская магнатэрыя і герцаг Прусіі Альбрэхт аддана інтрыгавалі за інкарпарацыю ў польскія валоданні. Але тэмы артыкула гэта не тычыцца. Самае галоўнае, што традыцыйная Лівонія мусіла стацца здабыткам гісторыі. І кіраўніцтву ордэна гэта дужа не падабалася.
У 1556 годзе вялікаму магістру Ордэна Вільгельму фон Фюрстэнбургу і яго паплечнікам надакучыла назіраць за тым, як іх дзяржаву збіраюцца ліквідаваць, і архіепіскап Вільгельм быў арыштаваны. У дзяржаве ўзнялася нядоўгая грамадзянская вайна, названая потым “вайной каад’ютараў”. Да прыкрасці паборнікаў спрадвечнага ордэнскага ладу, у тым жа годзе ВКЛ падпісала перамір’е з Рускім царствам на шэсць гадоў, так што рукі ў Вільна былі развязаныя. У Лівонію ўвайшоў абмежаваны кантынгент польска-літоўска-прускіх войскаў, і некалі ўсёмагутныя рыцары былі вымушаныя скарыцца. 14 верасня 1557 года быў падпісаны Пазвольскі дагавор, які вярнуў Вільгельма на пост рыжскага архіепіскапа і забяспечыў таемнае ваеннае аб’яднанне ВКЛ і Лівоніі, скіраванае супраць Масквы.
Масква ў гэты час уздзейнічала на лівонцаў “рублём”. Дакладней, талерам — Іван IV прыдраўся да нясплачанага па дамове 50-гадовай даўніны “юр’еўскага падатку” і запатрабаваў выплаты грошаў за мінулыя паўстагоддзя. Прычыны ўстанаўлення падатку і дакладная сума невядомыя, але, мяркуючы па ўсім, яна межавала з нясціплай. Але ў абмеркаваныя тры гады лівонцы падатак не сабралі. Паралельна Масква навязала Рызе дагавор, згодна з якім лівонцы не мелі права заключаць ваенных аб’яднанняў ні з кім з сумежных дзяржаў — то бок ні з Польшчай, ні са Швецыяй, ні з ВКЛ. Лагічна, што пасля такой настойлівай прапановы лівонцы пачалі ліхаманкава шукаць, з кім бы ўтварыць ваенны саюз. Акурат у той час быў ратыфікаваны Пазвольскі трактат, і пытанне з саюзам было вырашанае.
Аднак у вайну Сігізмунд Аўгуст уступаць не збіраўся, князь не чакаў таксама і хуткага нападу рускіх на Лівонію — ва умовах дамовы было асабліва ўказана, што непарушны ваенны саюз пачынаецца не адразу, а толькі ў 1562 годзе, пасля заканчэння перамір’я ВКЛ з Рускім царствам. Сігізмунд спадзяваўся, што Іван IV не будзе спяшацца, але памыліўся — 22 студзеня 1558 года вайна пачалася.
Дыпламатычныя манеўры перад вайной
У пачатку 1558 года становішча ВКЛ было дваістае. З аднаго боку, асноўныя замежнапалітычныя мэты датычна Лівоніі былі выкананыя, краіна фактычна аказалася васалам, што шукае дапамогі не ў Масквы, не ў Стакгольма, не ў Варшавы, а ў Вільна. З другога — незапланаваны па тэрмінах пачатак вайны Рускім царствам быў надта нявыгадны. Сігізмунд спадзяваўся дачакацца заканчэння перамір’я з Масквой і толькі пасля пачынаць актыўную палітыку. А дзейнічаць трэба было тут і цяпер. Быў і трэці ускладняльны фактар — Крым. Праблем узроўню “Крым наш ці не наш” тады яшчэ не было, затое было Крымскае ханства, якое жыло набегамі на паўднёвыя межы Рускага царства, ВКЛ і Польшчы. У 1557 годзе адзін такі набег сілай 20 000 татарскіх коннікаў углыб Падоліі і Валыні падштурхнуў Сігізмунда перанесці асноўны вектар дыпламатычных намаганняў на поўдзень. Праблем было адразу некалькі. Па-першае, Крым было немагчыма разбіць хутка, патрэбная была зацяжная кампанія. Яшчэ адно пытанне было ў тым, што Крымскае ханства, само па сабе не вельмі моцнае, было закрытае ад ворагаў не толькі бязмежнымі стэпамі і ўмацаваннямі Перакопа, але і заступніцтвам Асманскай імперыі, наймацнейшай дзяржавай таго часу. Таму сварыцца з Бахчысараем і Стамбулам было небяспечна. Іван IV прапаноўваў Сігізмунду антыкрымскае аб’яднанне і сумесныя баявыя дзеянні супраць татар. Але пагаджацца на такія прапановы было небяспечна — “саюзнікі” не давяралі адно аднаму, а перанос ваенных сілаў ВКЛ на поўдзень мог развязаць рукі Маскве ў Лівоніі. Таму ад “адзінага фронту” супраць татар адмовіліся. Замест гэтага накіравалі паслоў да асманаў і дамовіліся на тым, што Літва лічыць набег выпадковасцю, а Асманская імперыя гарантуе, што ў найбліжэйшы час такіх выпадковасцяў болей не будзе. Тут ужо “крымскі фактар” працаваў на Літву і супраць Масквы, якая аналагічнай дамовы не заключала і магла баяцца ўдару крымцаў са стэпаў.
Літва робіць выбар
Адмовіўшыся ад аб’яднання з рускімі, Літва пачала актыўна рыхтавацца да вайны. Абставіны склаліся спрыяльныя: у сакавіку 1559 года Лівонія заключыла 6-месячнае перамір’е з Рускім царствам, пасля чаго вялікі магістр Кетлер паехаў у Вільна і 31 жніўня 1559 года падпісаў дагавор аб пераходзе тэрыторый Лівоніі пад ахову Сігізмунда Аўгуста. Гэта была ужо не таемная дамова, а паўнавартасная пальчатка Маскве. Літва зрабіла выбар і на першым этапе дасягнула велізарных дыпламатычных поспехаў. Згодна з дамовай, пад кіраўніцтва ВКЛ пераходзілі лівонскія замкі Баўцка, Разітэн, Лютцэн, Дынабург і Зельбург. Пасля сканчэння вайны гэтыя тэрыторыі альбо заставаліся за ВКЛ, альбо перадаваліся Ордэну за выкуп. Нават межы між ВКЛ і Лівоніяй засталіся адкрытым пытаннем да канчатку вайны. Хутка да віленскай дамовы далучыўся рыжскі архіепіскап Вільгельм, што вярнуў сабе свой уплыў пасля вызвалення. Ён перадаў Сігізмунду таксама замкі Марыенхаўзэн, Лобань, Бірзэн і Леневард. Хутка на тэрыторыю Лівоніі ўвайшлі войскі ВКЛ, што занялі найбольш важныя пункты, уключаючы Рэвель, Вольмар, Вендэн і іншыя. Такім чынам, уключэнне Лівоніі ў арбіту палітыкі Літвы прайшло найлепшым чынам. Афіцыйнай версіяй для Масквы зрабілася спроба не дапусціць да авалодвання інфлянцкімі землямі… палякаў. Зразумела, Івану IV такая версія надта пераканаўчай не падалася, і ўжо ў жніўні 1560 года “халодная вайна” між дзвюма ўсходнееўрапейскімі дзяржавамі стала “гарачай”. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Дзяніс Буркоўскі