«Вконтакте» будзе інтэгравацца з iTunes — побач з аўдыёзапісамі мабільнага дадатку для iPad з’явяцца спасылкі на пакупку кампазіцый у анлайн-краме кампаніі Apple. Такім чынам сацыяльная сетка часткова легалізуе свой музычны кантэнт. Пра гэта паведамляе газета «Ведамасці».
«У найбліжэйшым абнаўленні нашых iOS-дадаткаў сярод іншага мы інтэгруем падтрымку iTunes. Гэта значыць, усю музыку, якой карыстальнікі абменьваюцца у дадатку сацыяльнай сеткі для iPad, можна будзе набыць за некалькі клікаў у музычнай краме», — патлумачыў Георгій Лобушкін, прадстаўнік «Вконтакте». З боку Apple каментароў не было.
Дзмітрый Конаў, гендырэктар расійскага аддзялення Universal Music, лічыць, што інтэграцыя не прывядзе да значнага павышэння музычных продажаў. Тым не менш гэтае рашэнне зможа аслабіць ціск мэйджар-лэйблаў на «Вконтакте». Нагадаем, 3 красавіка стала вядома, што Sony Music Russia, Universal Music Russia і Warner Music UK падалі ў суд на сацыяльную сетку за наўмыснае садзейнічанне ў распаўсюдзе пірацтва.
Дадатак «Вконтакте» для iPad выдалілі з App Store 16 траўня, дадатак для iPhone — 26 красавіка. Рэліз новай версіі адбудзецца ў найбліжэйшы час.