У кастрычніку ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” стартавала серыя канцэртаў “штомесяц 13-га” — беларускамоўных рок-канцэртаў у клубе “Салтайм” (пр. Незалежнасці, 131/1). Пра ідэю стварэння, перспектывы развіцця і стан беларускага року нам расказала Вольга Акуліч, арганізатар канцэртаў.
— Вольга, як узнікла ідэя правядзення канцэртаў “штомесяц 13-га”? Хто яе аўтар?
— Ідэя ўзнікла, калі я ў межах агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступала ў вёсцы Зялёны Бор. Тамтэйшы дырэктарат Дома культуры вось ужо 2 гады ладзіць канцэрты “штомесяц 19-га а 19-й”. І калі першыя такія імпрэзы былі малалюднымі, то потым вяскоўцы прывыклі і ўжо чакаюць новых выступаў. І тады я падумала: а чаму б не зладзіць такую рэгулярную імпрэзу на адной з мінскіх пляцовак?
Так, сталіца “перакормленая” канцэртамі і канцэрцікамі. Звычайна гэта або выступы заезджых зорак з вялікім коштам квіткоў, або недарагія клубныя выступы, так званыя “салянкі”, дзе бяруць удзел маладыя гурты. Бадай, галоўны недахоп апошніх — вельмі, скажам так, непрадказальны ўзровень выступоўцаў. Ці не таму наведнікі ўсё меней ахвотна ходзяць на “сваіх”.
Я выдатна разумею, што мае памкненні досыць наіўныя і ідэалістычныя. Але ж хочацца зрабіць нешта адметнае. Па форме гэта будзе канцэрт, на якім сваю творчасць прадстаўляюць тры беларускамоўныя каманды: два гурты, адзін з Мінска, адзін — госці, якія маюць ужо досвед і пэўную вядомасць і могуць прадставіць праграму на гадзіну, і “дэбютанты” — маладая каманда, якая толькі робіць першыя крокі. 13 лістапада, напрыклад, на сцэну выйдзе рок-гурт “Індра” з Полацка, мінская каманда “Lavatrina”, апроч таго некалькі кампазіцый прадставяць дэбютанты на сталічнай сцэне — блюз-рокавы бэнд “На ўзлёт!” з Мар’інай Горкі.
Гурт “Індра” ўтварыўся ў Полацку ў 2003 годзе. Сёння ў яго складзе дзве закаханыя ў сваю справу дзяўчыны — Вольга Андрэева (спевы, гiтара) і Марына Шэф (гiтара), а таксама два таленавітыя хлопцы — Арцём Новікаў (бас-гітара) і Павал Кухто (бубны). “Індра” стала “Адкрыццём года” на “Рок-коле — 2004”, была лаўрэатам “Open Graffity Music Fest” і “Бардаўскай восені — 2010”. А за перамогу ў хіт-парадзе Еўрарадыё атрымала магчымасць запісаць альбом на польскай студыі Rembrandt: альбом “Сонцавакол” выдадзены ў 2007 годзе. Цяпер гурт працуе над другім альбомам. У творчасці стаўка робіцца на тэкст, якасныя аранжыроўкі, прыгожыя гітарныя сола, якія падкрэсліваюць усю моц голасу Вольгі. “Індра” плённа супрацоўнічае з полацкай паэткай Лерай Сом, якая з’яўляецца аўтарам большасці тэкстаў гурта.
На сцэне музыкі заўсёды запальваюць, выкладаючыся напоўніцу. Музыка “Iндры” — музыка для тых, хто слухае вушамі.
Гурт “Lavatrina” існуе тры гады. Назва гурта ў перакладзе з лаціны азначае “ванны пакой”, На думку лідара гурта Васіля Сідарка, ванны пакой — тое месца, дзе можна падумаць пра ўсё, што адбываецца наўкол. Гурт працуе ў стылістыцы пост-гранжу з элементамі брытанскага року. Вас чакае вялікая беларускамоўная праграма гурта.
Гурт “На ўзлёт!” з Мар’інай Горкі толькі робіць свае першыя крокі, але абяцае хоць і кароткую, але змястоўную блюз-рокавую праграму па-беларуску.
— У нас так шмат таленавітых музыкаў… Чаму выступаюць толькі беларускамоўныя гурты?
— Музыкаў шмат, канцэртаў шмат — настолькі, што ў гэтай плыні проста перастаеш неяк арыентавацца… Хочацца не проста правесці чарговы канцэрт, але і стварыць свайго кшталту асяродак, традыцыю — штомесяц 13-га тут будзе добрая музыка на роднай мове. Любая імпрэза мае сваю канцэпцыю, гэтыя імпрэзы адбываюцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму іх канцэпцыя — класная сучасная беларускасць. У дадзеным выпадку ўсё вельмі проста: добрая музыка, высокі ўзровень выканання, родная мова, дэмакратычныя кошты і дэмакратычнае месца. У іншыя дні ў клубе “Салтайм”, які падтрымаў ідэю “штомесяц 13-га”, выступаюць самыя розныя гурты самых розных стыляў і на розных мовах. А тут — вось такі “рыбны дзень”. Увогуле, дазволю сабе мару: някепска было б, каб такую ініцыятыву падтрымалі і ў іншых гарадах…
— Чаму менавіта 13-га? Не баіцеся “чортавага тузіну”?
— Першапачаткова планавалася іншая дата, але ўсё так склалася, што выпала 13-га. Тым лепш, гэта ж мая любімая лічба!
— Чыіх выступаў чакаць найбліжэйшым часам і да канца года? Чаму глядач павінен пайсці менавіта на канцэрт “штомесяц 13-га”?
— 13 лістапада — як я ўжо згадвала, будзе рок-гурт “Індра” з Полацка, мінская каманда “Lavatrina”, апроч таго некалькі кампазіцый прадставяць дэбютанты на сталічнай сцэне — блюз-рокавы бэнд “На ўзлёт!” з Мар’інай Горкі. 13 снежня чакаем гурт “Да!Бл” з Нарачы, дэбютны выступ мінскай хард-рок каманды “Dziakuj”. 13 студзеня, мяркую, прадставіць сваю праграму і гурт “Верасень”, у якім я граю (мы якраз цяпер запісваем міні-альбом). Цікавасць да імпрэзы выказалі многія каманды — застаецца толькі ўзгадніць графікі (усміхаецца).
Прыйсці варта хаця б таму, што тут можна будзе пачуць добрую музыку — і гэта пры смешных коштах квіткоў! А таксама ёсць шанец атрымаць прызы ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Ну а калі сур’ёзна, то музычную прастору ствараюць не толькі і не столькі музыкі, колькі слухачы і наведнікі канцэртаў. Хочаш, каб добрай беларускай музыкі і месцаў, дзе яна гучыць, было болей — дык галасуй за гэта нагамі і рублямі (смяецца).
— Як гурту трапіць у абойму “штомесяц 13-га”? Якія патрабаванні, з кім звязвацца?
— Звязвацца можна непасрэдна са мной праз мэйл [email protected]. Патрабаванні простыя: беларуская мова выканання, высокі музычны ўзровень (прадбачу іранічныя заўвагі — і як гэта вызначыць? — вызначым), для дэбютантаў — мінімум 3 кампазіцыі.
— Чаго пажадаеце беларускім музыкам ды меламанам?
— Парадокс беларускай музыкі: мы гатовыя палюбіць сваё толькі пасля таго, як яно “рээкспартам” вернецца да нас з-за мяжы. Мы наракаем, што “тут нічога не адбываецца”, але ж знаходзім процьму прычын для “не” — не пайсці на канцэрт, не набыць дыск, не цікавіцца, што дзе адбываецца. А потым кажам: вось недзе там добра, а тут… Дык давайце разам ствараць тут асяродак, які будзе нам самім цікавы. Наіўна? Так. Але лепш хоць дробная, але справа, чым сотня прыгожых размоваў.
Алесь Плотка