7 студзеня ёй споўнілася бы 26 гадоў… Сьпявачка, журналістка і проста жыцьцярадасная дзяўчына нечакана для ўсіх пайшла ў іншы сьвет. 7 сьнежня памерла Вольга Самусік.
Вольга мела праблемы з здароўем, але, падавалася, зусім не надавала гэтаму значэньне. «А я вось у больніцы некалькі дзён ізноў», — часам казала яна абсалютна бесклапотным голасам. Аказалася, што ўсё яшчэ як сур’ёзна. Яе блізкі чалавек, Андрэй Кміт кажа, што апошні месяц яна праляжала ў шпіталі з падазрэньнем на востры панкрэатыт на штучнай вентэляцыі лёгкіх. Фактычна не магла дыхаць, амаль увесь час у рэанімацыі. Ёй зрабілі тры апэрацыі, апошнюю ўначы з 6 на 7 сьнежня, але ня здолелі ўратаваць. Не прыходзячы ў сьвядомасьць дзяўчына памерла.
Разьвітаньне з Вольгай Самусік адбудзецца ў чацьвер, 9 сьнежня ў 12.00 у Менску па пр.Ракасоўскага, 40-67. Дакладная інфармацыя пра месца і час пахаваньня будзе вядомая ў другой палове дня ў сераду.
Гэта біяграфія, якую Вольга сама напісала для аднаго з сваіх матэрыялаў на «Тузіне Гітоў» у 2006 годзе. Потым яна яшчэ сьпявала ў гурце Tarpach, у складзе якога перамагла на фэсьце «Рок-Кола» і атрымала званьне «рок-князёўны» на цырымоніі «Рок-Каранацыя», затым была Hasta La Fillsta. Зусім нядаўна Воля казала, што думае над уласным музычным праектам.
Нарадзілася я 7 студзеня 1985 году ў Менску («першакрасавіцкі жарт у якасьці падарунка на Каляды»). У дзяцінстве пасьпела пазаймацца мастацкай гімнастыкай, плаваньнем, нейкімі ўсходнімі адзінаборствамі (праўда, зусім нядоўга). Як апафэоз — чатыры гады ў прафэсійным ансамблі эстраднага танцу. А на музыку бацькі неяк і забыліся. У сувязі з чым сьпявала сама: пад рып радыёпрыймача, «Рождественские встречи Аллы Пугачевой» і г. д. Эстэтыкі прагнула ня толькі душа, але і галава. Таму ў 2002-м паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі. Да гэтай пары актыўна супрацоўнічала з газэтамі «Народная воля», БДГ, «Белорусская молодежная»… У «Музыкальную газету» прыйшла ўвесну 2004-га. Жыцьцё ў журналістыцы не зашкодзіла жыцьцю ў музыцы. Абодва існавалі паралельна. Адзін з апошніх падарункаў лёсу і настойлівасьці характару — «пранікненьне» ў zygimont VAZA (непатопны айсбэрг беларускага року)…
Біяграфіі заўжды маюць канец, але несправядліва, калі яны абрываюцца вось так…