У Беларусі ёсць два музыкі, якія аператыўна рэагуюць на падзеі. Лявон Вольскі выказваецца праз персанажаў свайго бясконцага серыялу “Саўка ды Грышка” на сайце беларускай службы Радыё Свабода (ЗША), а кіраўнік “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў першы сезон спрабуе сябе ў якасці аўтара злабадзённых вершыкаў на беларускай версіі праекта “Спутнік” (Расія).
Дыяпазон тэмаў як у “Саўкі ды Грышкі”, так і ў Шарапава-калумніста досыць шырокі: іх цікавяць як сусветныя праблемы, так і беларускія. Але Вольскі ўсё ж больш зважае на мясцовыя дзівосы: “выбарчая карусель”, праваслаўны фэст на лініі Сталіна, расійская авіябаза, збіццё журналіста ў судзе… Гэтых тэмаў няма ў Шарапава. Затое Вячаслаў звяртае ўвагу на тое, што засталося па-за ўвагаю “Саўкі ды Грышкі”: прэпарацыя льва ў дацкім заапарку, адмова беларускаму гею ў відзе на жыхарства ў Літве, парада навукоўцаў не ўжываць каўбасу. Але бывае, што тэмы супадаюць. Атрымліваецца такі ідэалагічны двубой, за якім досыць цікава паназіраць.
“НОВАЯ ФІШКА ХІПСТАРСКАГА СОЦЫУМУ”
Са стаўленнем герояў Вольскага да нацыянальнага пытання справа ясная: Грышка – зацяты нацыяналіст, агітуе за гістарычную сімволіку і радуецца любой праяве беларускасці. Саўка – савок. У сваёй дыскусіі на тэму сцяга і герба яны дакладна абазначаюць свае ўпадабанні. Па версіі Саўкі, народ “не ўрот” і зрабіў слушны выбар, калі прагаласаваў за правільны сцяг – “блізкій, савецкі, радной”. На думку Грышкі, “народ наш абраў зіму, чырвона-зялёны лубок і пахавальны вянок”.
Вячаслаў Шарапаў пазіцыі па сімволіцы пакуль не выказаў, затое выявіў сапраўдную грамадзянскую пільнасць у сваёй калонцы, прысвечанай папулярнасці вышыванак. Парадокс, але душа кіраўніка ансамбля з гордай назвай “Песняры” аніяк не прымае гэты новы трэнд. Ён бачыць тут адно з двух: ці “кволую спробу праступіць ды абазначыцца на фоне ўкраінскіх падзеяў” ці “проста новую фішку хіпстарскага соцыуму”. У стылістыцы старых савецкіх газет ён супакойвае чытачоў: “Сёння, – піша ён, – казаць пра нейкую “беларусізацыю” ці разварот дзяржавы і грамадства ў бок ідэяў “літвінства” наўрад ці актуальна. Усе мерапрыемствы ў межах Года беларускай культуры маюць сапраўды культурны характар, без прэтэнзій на нейкае пераасэнсаванне курса”. І ўжо ў вершы ўласнага сачынення падсумоўвае: “За печенюшки чуждых “мамок” мы на майданы не пойдем!”. Саўка і Грышка нервова кураць у куточку. Шарапаў іх абставіў. 1:0 на карысць кіраўніка БДА.
“Я РАСЧАРАВАНЫ. “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ” НЕ БЫЛО СКАЗАНА”
У адрозненне ад Шарапава, Вольскі абраў сабе больш зручную пазіцыю для сузірання, бо адпачатку выказвае розныя пункты гледжання на тую ці іншую праблему. Прычым можа быць так, што ні пазіцыя зацятага праўдаруба-нацыяналіста Грышкі, ні пазіцыя недалёкага кар’ерыста Саўкі яму самому не блізкая. Як, напрыклад, у сцэнцы, дзе выказваецца незадавальненне Нобелеўскай прамовай Святланы Алексіевіч. Грышка, які пару серыяў таму радаваўся трыумфу беларускай пісьменніцы, тут паўстае разгубленым: “Я расчараваны лекцыяй Святланы! “Жыве Беларусь” не было сказана!”. Саўка, ясна, наогул не лічыць Нобелеўскую лаўрэатку творцам і выказвае ўпэўненасць, што “Нобеля ёй уручылі за тое, што ана ў нас тут падрывала устоі”.
Вячаслаў жа Шарапаў выказвае ў сваёй паэзіі і публіцыстыцы канкрэтны пункт гледжання, без аніякіх. Так, даваць рады ў ролі эксперта ва ўсім дужа няпроста, але галоўнае – мабілізаваць усе свае разумовыя здольнасці. У артыкуле, прысвечаным не Нобелю нават, а інтэрв’ю нашай нобелеўскай лаўрэаткі, ён дае несуцяшальную для спадарыні Святланы і прыхільнікаў яе таленту характарыстыку: “Святлана Аляксандраўна дэманструе традыцыйны падыход, які, на жаль, сваё аджыў і які яўна не ўлічвае існыя рэаліі”. Шарапаў прапануе са спагадаю ўспрымаць меркаванні нашай зямлячкі, бо гэта – увага! – “чыста жаночы, эмацыйны погляд на працэсы…”. Саўка і Грышка зноў у шоку: яны не дапялі, што можна пакпіць з полу нобелеўскай лаўрэаткі. 2:0 – Шарапаў вядзе.
“МАСОНЫ Ў РАСІІ СПРАВАЦЫРАВАЛІ КРЫЗІС”
Падзенне беларускага рубля негатыўна адбілася як на кішэні Саўкі, так і Грышкі і Шарапава-калумніста. Ажно настолькі, што змусіла музыку-аналітыка ўжыць той жа прыём падваення. У вершы на зададзеную тэму ён разважае спачатку ад імя “незадаволенага лёсам абывацеля”, які нібы пытае: “Что мы строим? Куда и зачем мы идем? И доколе терпеть эту бедность?”. Але да палымяных рэвалюцыйных заклікаў справа не даходзіць, хоць аўтар і выказвае меркаванне, што прыйшоў час “нашым лідарам сумлення пагаварыць з народам”, бо супярэчнасці дужа абвастрыліся. “Нас валят, валят изо всех сил!” – б’е трывогу музыка. “Нас” – гэта значыць брацкія краіны Расіі і Беларусі.
Саўка не ходзіць кругам, а тлумачыць сітуацыю проста: “Масоны ў Расіі справацыравалі крызіс”. Шарапаў, дарэчы, схільны верыць у існаванне тэорыяў змовы (пра гэта ён выказаўся ў сваім бліскучым інтэрв’ю “Анлайнеру”), але тут сваю думку не разгарнуў напоўніцу, таму гэты гейм за дасціпным Вольскім. 2:1.
ГУЛЬНЯ Ў АДНУ БРАМУ
Але кантраляваць гульню далей нерэальна. Шарапаў канкрэтна нясецца ў адрыў: часам ёсць адчуванне, што дапамагае яму ў гэтым допінг ці іншыя спосабы дасягнення высокіх вынікаў. Ён радуецца перамозе на беларускім адборы на “Еўрабачанне” стаўленіка Дробыша, пужае “крывавым ценем” Муамара Кадафі і раіць тым, што “не могуць як усе”, “сядзець ды не свяціцца ў сваёй блакітненькай красе”. Саўка з Грышкаю такі тэмп і напор проста не вытрымалі і за апошнія два тыдні не выціснулі з сябе ні радка.
Увесь гонар (ці сорам) – Вячаславу Шарапаву.
Гульню судзіў Сяргей Будкін
Учора апублікавана на Радыё Свабода –
Саўка ды Грышка сьпяваюць пра палітычны стрыптыз: «Сьнімае Запад санкцыі!»
Апублікавана 18.02.2016
Музычныя героі Лявона Вольскага спрачаюцца пра рашэньне Эўразьвязу зьняць большасьць санкцыяў з кіраўніцтва Беларусі.