У Мінск прайшоў вечар памяці Рыгора Барадуліна – літаратара, значнасць якога для Беларусі надзвычай складана пераацаніць. 24 лютага Народнаму паэту споўнілася б 80 гадоў.
У залі Палаца Мастацтваў сабраліся бадай што самыя блізкія сябры Барадуліна, ушанаваць памяць паэта, а таксама падзяліцца ўспамінамі.
“Я заўважыў, што нават двор, дзе жыў Барадулін – змяніўся, – кажа мастак Рыгор Сітніца, які жыў побач з паэтам. – Я іду праз яго і думаю – двор Барадуліна, сквер Барадуліна, пад’езд Барадуліна, такое адчуванне што цяпер усе гэтыя рэчы, месцы зменшыліся ў аб’ёме, змяніўся ландшафт”.
Старшыня Пэн-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч прачытаў для прысутных нешта кшталту невялікай лекцыі, і падзяліўся меркаваннем, што было б добра стварыць невялікую анталогію Барадуліна з простай назвай “Вушацкі верабей”, што можа ўспрыняць у штыкі частка грамадства – прывыклі ў нас, што нельга пра выбітных асобаў без пафасу. Аднак сам Барадулін быў чалавекам самаіранічным, і, як падаецца, у вобразе вушацкага вераб’я вывеў сябе.
Уладзімір Някляеў, Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя выступоўцы, які прыгадвалі Дзядзьку Рыгора, паўтаралі адное і тое слова – “геній”, але пры гэтым падкрэслівалі, што карыстацца ім трэба надзвычай асцярожна: слова за апошнія гады страціла частку сэнса, пра каго цяпер толькі не пачуеш, што ён геніяльны. Аднак у выпадку Барадуліна гэта хутчэй не эпітэт, а канстатацыя факта.
Цягам вечарыны адбылася і другая важная падзея – прэзентацыя кнігі “Дзённікі і запісы” (Частка першая): зборніка нататак, дзённікавых запісаў, уражанняў ад паездак. У чым каштоўнасць кнігі? Відавочна, што цікавая яна будзе не толькі для літаратуразнаўцаў – укладальніца Наталля Давыдзенка кажа, што сама магла б шмат разоў перачытваць дзённікавыя запісы Барадуліна, пра якія сам паэт пытаўся “няўжо гэта каму-небудзь можа быць цікава?”.
“Дзённікі і запісы” даюць магчымасць убачыць невядомага нам Барадуліна – не толькі паэта, ці суразмоўцу ў шматлікіх інтэрв’ю, а хутчэй чалавека які сістэматычна занатоўвае нейкія хай дробныя, але важныя для яго рэчы. Спадарыня Наталля спадзяецца, што першая частка дзённікаў (якая ахоплівае перыяд з 1951-га па 69-ы год) не стане апошняй. Да таго ж попыт на кнігу – надзвычай вялікі.
Дык кім жа быў Барадулін? Вушацкім вераб’ём, Брэйгелем (з якім яго параўнаў Рыгор Сітніца), шчаслівым творцам, з болей як сотняй кніг, чалавекам, якога не любілі ўлады (пра вуліцу Барадуліна пакуль застаецца толькі марыць)? Жартаўніком, традыцыяналістам, наватарам, мадэрністам? Выглядае на тое, што ў кожнага з нас – свой Барадулін. А гэта яшчэ раз даказвае, што Дзядзька Рыгор абсалютна адпавядае званню Нацыянальнага генія.
Мікалай Левертаў, фота lit-bel.org, Аляксандра Дварэцкая
Фотарэпартаж Зарыны Кандрацьевай
Звяртаем увагу! Да гадавіны смерці народнага паэта на магіле Рыгора Барадуліна ў родных Ушачах на Віцебшчыне плануецца паставіць помнік. ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” лічаць, што годна ўвекавечыць памяць — справа гонару ўсіх беларусаў, і звяртаюцца да кожнага, хто шануе памяць пра славутага беларускага песняра, выказаць яму сваю любоў і пашану, зрабіўшы свой унёсак на выраб і ўсталяванне помніка. Як далучыцца да годнай справы – чытайце ТУТ.