8 лістапада ў Белдзяржфілармоніі адбыўся другі канцэрт па ініцыятыве папулярызатара музыкі Аляксея Фралова” TUBA MIRUM”, прысвечаны 500-годдзю беларускай Бібліі, на гэты раз – з удзелам духавых інструментаў. Па запрашэнні беларускага боку паўдзельнічаць у праекце згадзіўся вядомы трамбаніст з Францыі і Швейцарыі, прафесар Жак Мажэ. Музыказнаўца і дырыжор Аляксей Фралоў прадставіў Мінскі квартэт трамбаністаў і духавы аркестр “Няміга”. У праграме прагучалі творы Г. Тэлемана, К.Сэн-Санса, В.Пэтэрсана, Фэрана, і іншых еўрапейскіх і сусветных кампазітараў. Аповеды пра музычныя творы вядоўца праграмы А. Фралоў назваў шкельцамі з вялікага вітража эпохі Рэнесанса.
“Трамбон узнік напрыканцы ХV cтагоддзя, прыблізна, калі нарадзіўся Францыск Скарына, – распавёў музыказнаўца.- 500 гадоў таму трамбон, рэканструяваны са старажытнай трубы, пачаў займаць важнае месца ў аркестры і патрапіў у царкву. Гэта дастаткова віртуозны інструмент, што прыкмецілі кампазітары. Трамбон суправаджаў касцёльныя і саборныя хоры, дынамічна развіваўся. У канцэрце Тэлемана прысутнічае і свецкі, і духоўны аспект.” Сола з ансаблем трамбаністаў выканаў славуты прафесар Жак Мажэ.
“Трамбон узнік ў Нюрнбергу у сям’і Нойшэляў, трубачы стварылі інструмент басавага тэмбра, -дэталізаваў свой аповед старшы выкладчык Акадэміі музыкі Аляксей Фралоў.- У эпоху Рэнэсанса існавала шэсць разнавіднасцяў трамбона і ў 16-тым стагоддзі яны занялі сваю нішу на хорах у саборы. Неўзабаве, трамбон быў заўважаны венецыянцамі. Кампазітары сабора святога Марка Антоніо і Джавані Габрыэлі стварылі хоры з трамбона. Венцыянцы прыдумалі стэрэафект і ўключылі яго ў свае партытуры. А потым у іншых краінах Еўропы кампазітары напісалі пералажэнні для трамбона. Моцарт не мог абысціся без яго ў сваім вялікім Рэквіюме, дзе трамбон іграе ролю голаса Бога. Менавіта рэквіем Моцарта TUBA MIRUM даў назву сёняшнему канцэрту.“
Ушаноўваючы 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і эпохі 500-годдзя Рэфармацыі, у праграме быў прадстаўлены старажытны твор, расшуканы Светланай Немагай і Аляксеем Фраловым у Віленскіх архівах сярод калекцый з Барунаў, Гародні і Пінску. Музычны твор 18-га стагоддзя, знойдзены ў Вернедзвінскім раёне, названы “Духавой сімфоніяй з Полаччыны”. Яго выканаў канцэртны аркестр “Няміга”пад кіраўніцтвам Аляксея Пятровіча Сасноўскага. Праграма, арганізаваная Аляксеем Фраловым, была ўспрынята гарачымі апладысментамі публікі.
Эла Дзвінская, фота аўтара