У Мінску з’явілася досыць шмат білбордаў з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага з надпісам: яго імя і фраза “Жыццё і дзейнасць. 1515–1565”. Дагэтуль у такім жа стылі шырока была прадстаўленая Ефрасіння Полацкая. Б’юся аб заклад, што большасць людзей, якія звяртаюць увагу на вялізны гравюрны партрэт на білбордзе, слаба ўяўляе, хто ж такі гэты Радзівіл, хто ён для беларускай (і не толькі) гісторыі. Такія парадоксы памяці – бо ў XVI стагоддзі яго імя грымела на ўсю Польскую Карону і Вялікае Княства Літоўскае. Ён дасягнуў такіх вышыняў улады, што даў гісторыкам падставы назваць сябе “некаранаваным каралём Літвы”.
Зусім хутка – 4 лютага – будзе адзначацца 500-гадовы юбілей з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага, што з’явіўся на свет у сям’і Яна Радзівіла, троцкага кашталяна, і яго другой жонкі Ганны Кішкі. Ён вельмі рана пачаў публічнае жыццё на гаспадарскім двары і хутка ўвайшоў у лік фаварытаў і блізкіх сяброў маладога Жыгімонта Аўгуста – спадкаемцы трона Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У 1544 г. была праведзеная хітрадумная камбінацыя – пры жывым манарху Жыгімонту Старым яго сын атрымаў ВКЛ у самастойнае кіраванне. Менавіта Радзівіл Чорны прасоўваў гэтае рашэнне сярод масцітых радных паноў. І гэта ў 29 гадоў!
Праз чатыры гады Жыгімонт Стары памірае, і ўся ўлада ў дзяржаве пераходзіць да Жыгімонта Аўгуста. Ён не забыў аддзячыць Радзівілу за верную службу. Той быў абласканы самымі прэстыжнымі ўрадамі – у 1546 г. стаў земскім маршалкам, у 1550 г. – канцлерам, а праз паўгода, у 1551 г., – ваяводам віленскім. Радзівіл Чорны сканцэнтраваў у сваіх руках тры найважнейшыя дзяржаўныя пасады. Цікава, што Жыгімонт Аўгуст пасля паспяховага выгнання Радзівілам з паўднёвай Украіны татар у 1549 г. прапаноўваў яму і ўрад найвышэйшага гетмана. Але Радзвіл Чорны не меў схільнасцяў да ваеннай справы і адмовіўся ад гетманскіх абавязкаў. Як паказаў час, цалкам слушна – ён сам атрымаў больш высокія ўрады, а кіраванне войскам і абаронай дзяржавы перайшло да яго паплечніка, стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога.
У масавай свядомасці Мікалай Радзівіл часта асацыюецца з Барбарай Радзівіл – другой жонкай Жыгімонта Аўгуста. Яна даводзілася яму пляменніцай, і ён сапраўды зрабіў усе патрэбныя захады, каб патаемная каханка караля і вялікага князя ператварылася ў яго жонку. Ці пераследаваў ён пры гэтым асабістую выгаду? Безумоўна: пасля параднення з манаршым домам яго сувязі з Жыгімонтам Аўгустам толькі ўмацаваліся. Але не варта звыш меры акцэнтаваць увагу на ціску магната. Безумоўна, кароль сам прымаў рашэнне, а Радзівіл Чорны толькі мякка акцэнтаваў увагу на маральных момантах і неабходнасці ўзаконіць блізкія адносіны.
Для грамадства Польшчы і ВКЛ навіна пра новую абраную караля выклікала сапраўдны шок. Звычайна пры шлюбах манархаў рабіліся тонкія дынастычныя разлікі, а тут нейкаму магнату-літвіну можа ўдацца так наблізіцца і нават уліцца ў каралеўскую сям’ю. Супраць выступіла каралева-ўдава Бона Сфорца. Аднак урэшце, нягледзячы на вялікі супраціў не згодных з каралеўскім рашэннем, 7 снежня 1550 г. адбылася ўрачыстая цырымонія ўзвядзення Барбары на каралеўскі трон. Радзівіл мог святкаваць яшчэ адну, недасяжную да таго часу перамогу.
У ліку такіх можна згадаць і атрыманне ім ад імператара Святой Рымскай імперыі Карла V 10 снежня 1547 года прывілею на ўжыванне тытулу князёў Святой Рымскай імперыі. Радзівіл рабіў усё магчымае, каб выдзеліцца ў шэрагах магнацтва і займець патрэбныя ў Еўропе арыстакратычныя адзнакі. З таго часу Радзівілы атрымалі права выкарыстоўваць у сваім гербе нароўні з “Трубамі” выяву чорнага арла як знака княжай годнасці. Такі высокі тытул з рук германскага імператара, нефармальнага еўрапейскага правадыра, даваўся літвіну ўпершыню. Гэты факт яскрава паказвае, як першыя людзі нашай старажытнай дзяржавы імкнуліся інтэгравацца ў еўрапейскія традыцыі і структуры.
Як на тыя часы, Мікалай Радзівіл Чорны жаніўся вельмі позна – ён сыграў вяселле з дачкой каралеўскага канцлера і кракаўскага кашталяна Крыштафа Шыдлавецкага Альжбетай толькі ў 33 гады. Шлюб з полькай відавочна меў палітычны разлік і ўзмацніў пазіцыі Радзівіла сярод польскай эліты. Мы назіраем вельмі цікавую сітуацыю: з’яўляючыся праціўнікам уніі і цеснага міждзяржаўнага саюза паміж Польшчай і Літвой, Мікалай Радзівіл Чорны адначасова заводзіў сямейныя сувязі з палякамі і штурхаў у ВКЛ польскую культуру і звычаі. Недарма месцам для сваёй родавай рэзідэнцыі ён выбраў Берасце – горад удала размяшчаўся на дарозе з адной сталіцы ў другую – з Кракава ў Вільню, блізка да мяжы з Польскай Каронай. У 50-я гады XVI стагоддзя Берасце стаў цэнтрам распаўсюду пратэстанцкіх ідэй. Пратэстантызм дзякуючы падтрымцы Радзівіла Чорнага набіраў шырокую папулярнасць сярод магнатаў і шляхты ВКЛ. Дарэчы, немалую ролю ў гэтым грала звычайная прагматыка: многія шляхцічы хацелі “спадабацца” ўплывоваму Радзівілу, каб атрымаць яго пратэкцыю. У 1563 г. на грошы Радзівіла ў Берасці, у мясцовай пратэстанцкай тыпаграфіі, на польскай выходзіць шыкоўная Біблія, якая ў будучыні атрымала найменне “Радзівілаўскай”. На яе прыкладзе добра відаць, што Радзівіл Чорны спавядаў новыя рэлігійныя, філасофскія і культурныя ідэі менавіта па-польску.
Гэта, канечне, не абвяргае яго звання галоўнага “літоўскага сепаратыста” ў часы перад Люблінскай уніяй 1569 года. Аднак важна разумець (і прыклад Чорнага гэта выдатна паказвае), якой складанай і размаітай была сітуацыя на тагачасных беларускіх землях, дзе перакрыжоўваліся самыя розныя тэндэнцыі, уплывы і арыентацыі. У Мікалая Радзівіла Чорнага, як і ў іншых прадстаўнікоў магнатэрыі і шляхты, было абвостранае пачуццё свайго літвінскага грамадзянства, заснаванага на прыналежнасці да высокага прывілеяванага саслоўя. Культурныя, лінгвістычныя, этнічныя адрозненні і перавагі адступалі перад гэтым на другі план.
Мікалай Радзівіл Чорны пражыў 50 гадоў. Гэта было бурлівае і насычанае жыццё. Напэўна, пражыў бы ён і болей, калі б не падпаў пад уплыў модных павеваў у медыцыне. Для лячэння падагры, на якую пакутаваў арыстакрат, яму параілі націрацца ртуццю – новым і вельмі дарагім лекам. Вынік, як на нашыя цяперашнія веды, быў прадказальны: 30 траўня 1565 года Мікалай Радзівіл Чоны памірае. Гэта быў той выпадак у гісторыі, калі кажуць, што адышла цэлая эпоха. Сапраўды, далейшыя падзеі на палітычнай арэне і ў грамадстве развіваліся цалкам па іншых правілах і сцэнарах…
Андрэй Янушкевіч