Прэм’ерным паказам спектакля “Жар-птушка” на музыку Ігара Стравінскага на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску адкрыўся Міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ.
Балет па матывах рускіх народных казак пра жар-птушку, Івана-царэвіча і Кашчэя Бессмяротнага (лібрэта і харэаграфія легендарнага Міхаіла Фокіна, мастацкае афармленне Льва Бакста і Аляксандра Галавіна) упершыню быў прадстаўлены ў знакамітай антрэпрызе Сяргея Дзягілева “Рускія сезоны” на сцэне парыжскай Гранд-апера ў 1910 годзе, дзе прысутнічалі Марсэль Пруст, Сара Бернар ды іншыя знакамітасці.
Як і іншыя творы дзягілеўскай антрэпрызы, “Жар-птушка” амаль не ішла ў Расіі, хоць свае рэдакцыі ў 20-я, а потым у 60-я гады прадставілі Фёдар Лапухоў, Мікалай Баярскі, Барыс Эйфман. Толькі ў 1993 годзе фокінскую рэдакцыю ў Расію вярнуў народны артыст Расіі Андрыс Ліепа. Рэканструкцыя стала дастаткова смелым крокам, таму што дакументальных сведчанняў арыгінальнай пастаноўкі не захавалася, і спектакль узнаўляўся літаральна з нуля, паводле фатаграфій і архіўных малюнкаў. Першы паказ у межах праекта “Рускія сезоны XXI стагоддзя” адбыўся 22 сакавіка 2006 на сцэне Дзяржаўнага крамлёўскага палаца. Таксама вядома, што ў 2003 годзе Ліепа перанёс фокінскую “Жар-птушку” ў Італію – у Рымскі балет. І вось цяпер – Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета, беларускія акцёры.
Аўтарам касцюмаў і дэкарацый да той самай – дзягілеўскай – пастаноўкі з’яўляецца наш зямляк, ураджэнец Гародні, выбітны мастак-сцэнограф і ўдзельнік аб’яднання “Свет мастацтва” Леў Бакст. Сёння тэатральныя эскізы Бакста, ад якога млеў увесь Парыж, за неверагодныя грошы прадаюцца на сусветных аўкцыёнах. У 2013 годзе Белгазпрамбанк набыў на аўкцыёне Christie’s “Эскіз касцюма Жар-птушкі”. Гэта першая работа мастака, якая трапіла на радзіму творцы.
Маляўнічая пастаноўка “Жар-птушкі” будзе цікавая і дарослым, і дзецям. Паводле сюжэту, Іван-царэвіч трапляе ў змрочнае царства Кашчэя Бессмяротнага, дзе ў начным садзе гуляюць пад яблынямі яго палонніцы-царэўны. У адну з іх – Царэўну Ненаглядную Красу – закахаўся Іван-царэвіч. Каб выратаваць каханую, ён уступае ў бітву з Кашчэем. Пры дапамозе чароўнага пяра, якое дасталася Івану на знак падзякі ад адпушчанай ім на волю Жар-птушкі, ён кліча яе на дапамогу. Дзева-птушка сваім танцам наганяе сон на царства Кашчэя, а Іван-царэвіч разбівае чароўнае яйка, у якім, як мы памятаем з маленства, знаходзіцца Кашчэева смерць.
Міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ працягнецца да 22 кастрычніка. Сёлета тэатралы Мінска ўбачаць больш за 20 спектакляў з Германіі, Даніі, Славеніі, Польшчы, Латвіі, Расіі, Літвы і Беларусі. Арганізатары форума – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” і ААТ “Белгазпрамбанк” пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Генеральны партнёр – ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь”.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева