У сеціве з’яўляюцца вясельныя кліпы на беларускай мове.
Адзін з такіх ролікаў выклаў у сеціва вясельны аператар Аляксей Білецкі. Гэта вельмі кранальнае дынамічнае відэа, змантаванае пад песню гурта ili-ili «Танчыць». Арыгінальны кліп на гэты твор, зняты Ideas Studio, якраз прысвечаны вясельнай тэматыцы: паводле сюжэту жаніх спазняецца да сваёй любай, святкаванне пачынаецца без яго, нявеста, вядома ж, злуецца, але заканчваецца ўсё добра. У здымках паўдзельнічалі выдатныя беларускія акцёры Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Аўчыннікаў і Аляксандр Паўлаў. У роліку Аляксея задзейнічаныя аматары, уключна з маладымі – Яраславам і Лізаветай, але глядзіцца ён не менш цікава. Удзельнік гурта ili-ili Міхась Зуй кажа, што нявесты і жаніха не ведае, а відэа выпадкова пабачыў у сеціве і, безумоўна, цешыцца таму, што іх песня пайшла ў народ.
На відэа пазнака, што гэта першы вясельны ролік па-беларуску. Насамрэч яно не зусім так. Нядаўна кранальнае “home-made” відэа было зробленае яшчэ да аднаго беларускага вяселля. Яго музычнай асновай стала песня гурта BosaeSonca “Люблю”. У адрозненне ад ili-ili, лідар BS Алесь Кот-Зайцаў жаніха Сержука і нявесту Лізу ведаў добра і на іх вяселлі прысутнічаў асабіста. Ролік атрымаўся таксама вельмі душэўным.
Попыт на вяселлі ў беларускім стылі сапраўды расце. На гэтую тэматыку звяртаюць увагу і айчынныя гурты. На вяселлях па-беларуску былі заўважаныя, напрыклад, “Палац”, “Крама”, “Стары Ольса”, а гурт Guda сёлета нават выдаў цэлую праграму пад назваю “Вяселле”, у якой беларуская вясельная традыцыя прадстаўленая ва ўсёй разнастайнасці рэгіянальнага гучання. Нават не вельмі свядомыя ў беларускім сэнсе пары хочуць вызначыцца і пакінуць на ўспамін нешта незвычайнае. Таму важна, каб была шырэйшая прапанова. А попыт на такое заўжды знойдзецца.
Сяргей Будкін