Вечарына ўсмешак і добрага настрою, спеваў і мультфільмаў – “Усмешка ў падарунак” – ладзілася дойлідамі праекту “Вежа міру” ў мінскім музеі Максіма Багдановіча ў пятніцу 9-ага кастрычніка.
Праграма вечарыны была эксперыментам – шматжанравай мяшанкай розных тыпаў творчасці. Музыка чаргавалася з мульцікамі, а жывапіс з адчайнымі спартовымі спаборніцтвамі.
Музычнае аздабленне вечарыны — рэгі ад “Сонечнага сахаліна” разбаўлялася мульцікамі ад выпускнікоў Глебаўскай вучэльні. Былі прэзентаваны працы Яўгеніі Пархімовіч, Сіліч Святланы і Леанард Марыянны, а таксама флэш-мульцікі пра Васілька ад аніматаркі парталу generation.by, Волі Кузьміч.
У межах імпрэзы прайшла прэзентацыя выставы “У свеце” мастачкі Вольгі Крывец. Яе творы — творчы эксперымент, касмічнае адлюстраванне стыхій, што перацякаюць адна ў адну.
Апошняя частка вечарыны — чэмпіянат па гульні “Камень, нажніцы, папера” спрыяў падняццю спартовага духу сярод наведвальнікаў ды ўдзельнікаў.
“Усмешка ў падарунак” – гэта ўжо шостая імпрэза ад суполкі “Вежа міру”, якая займаецца пошукам талентаў у розных галінах творчасці і арганізацыяй вечарынаў розных фарматаў і жанраў. Сёлетняя імпрэза адзначылася неверагоднай дагэтуль колькасцю наведвальнікаў, лаваў ды крэслаў на ўсіх не хапіла, таму многім прыйшлося мясціцца ў праходах і на падлозе, каля імправізаванай сцэны.
Пра наступныя вечарыны ад “Вежы міру” можна прачытаць тут: http://vkontakte.ru/club8990405