У выдавецтве І.П. Логвінаў пабачыла свет новая кніга паэзіі Валянціны Аксак “Ружоўніца”. Пад адной вокладкай у ёй сабраныя творы, напісаныя паэткай за апошнія пяць гадоў. Гэта пяты па ліку зборнік аўтаркі. У працы над ім таксама бралі ўдзел рэдактар Леанід Дранько-Майсюк і карэктарка Аляксандра Макавік. Дызайн вокладкі выканаў мастак Міхал Анемпадыстаў.
Як прызнаецца Валянціна Аксак, яе не вабіць пісаць на сацыяльныя ці палітычныя тэмы, яе больш хвалюе тое, што расце знутры, расце, як кветкі. Нездарма эпіграфам да кнігі абраныя словы Крыстыяна Бабэна:
“На пытаньне, ад якога заўсёды
пачуваюся няёмка, “Што ты цяпер
пішаш?”, адказваю, што пішу пра
кветкі, і іншым разам выберу прадмет
больш сьціплы і непрыкметны.
Філіжанку чорнае кавы. Прыгоды
вішнёвага лісьціка”.
Але тыя кветкі, што расцвітаюць на старонках зборніка, не лясныя ці лугавыя “прасцячкі”, адкрытыя для ўсіх і кожнага, а выкшталцоныя прыгажуні: хрызантэмы, рамонкі, лілеі і любімыя кветкі аўтаркі – ружы. У самотных палісадніках іх песціць руплівая рука паэткі-ружоўніцы
У гутарцы Валянціна Аксак зазначыла, што слова “ружоўніца,” хоць і не з’яўляецца слоўнікавым, прыцягвае яе сваёй шматзначнасцю, якую яму надае сама кніга і вершы, што ў ёй. Ружоўніца – тая, што “вартуе спакой позніх ружаў,” што з любоўю і ўвагай дапамагае сваім пястушкам прабіцца з глебы і закрасаваць. Ружоўніца –тая, што глядзіць на свет праз ружовыя акуляры, “пасвіць зоры” і верыць у русалак на беразе Люхава. І нарэшце Ружоўніца – тая, хто ў ціхай самоце, асветленай малітвай, перабірае ў руках ружанец.
Рукі ружоўніцы –
Гэта ня тое,
Што рукі маркізы –
Духменяць іначай,
Гётэ засведчыў
Розьніцу ў выбары.