“Місія невыканальная: Племя ізгояў”
(ЗША, 2015)
Рэйтынг: 16+
Жанр: баявік, прыгоды
Працягласць: 131 хвіліна
Рэжысёр – Крыстафер МакКуоры(“Джэк Рычар”, “Шлях зброі”).
У ролях: ТомКруз, Сайман Пег, Джэрэмі Рэнер, Рэбэка Фергюсан, Алек Болдуін.
Прэм’ера ў Мiнску: 6 жніўня 2015
Ідзіце ў кінатэатры на гэты фільм! Калі вы збіраецеся, але не ведаеце, якую стужку выбраць, аддайце перавагу пятай “невыканальнай місіі”. Калі наогул кіно ў планах не прадугледжвалася, знайдзіце дзве гадзіны часу і крыху грошай. Я сур’ёзна. Калі яшчэ вам выпадзе магчымасць у першых кадрах галівудскага блакбастара прачытаць надпіс: “Минск. Беларусь.”!!! У Расіі, дарэчы, напісалі “Белоруссия”.
Так, на гэты раз прыгоды спрытнага Ітана Ханта (Том Круз) пачнуцца на тэрыторыі нашай краіны. І ведаеце шчасце ад гэтага факту працягвалася роўна да таго моманту, як пад Мінскам скінулі груз нервова-паралітычнага газу. Да таго ж снімалі не ў нас і, наогул нашай краіне не асобна шчасціць з удзелам у гэтых буржуйскіх стужках, так што давайце пакінем гэта на іх сумленні і пагаворым пра сам фільм.
Звычайна ў пачатку рэцэнзіі трэба пару слоў сказаць “за сюжэт”. Але на гэты раз неяк дужа няёмка пералічваць усе штампы шпіёнскага баявіка, якія нам пакажуць на экране. І недаверлівае высокае начальства, якое толькі перашкаджае і закрывае аператыўны аддзел. І верныя сябры, якія дапамогуць у барацьбе з мегасуперсакрэтнай тэрарыстычнай арганізацыяй насуперак гэтаму самаму высокаму начальству. І небяспечная прыгажуня, якая вядзе ці то двайную, ці то трайную гульню, але яўна сімпатызуе галоўнаму герою.
Вось пералічваць было няёмка, а на вялікім экране гэта ўсё выглядала ні ў якім разе не свежа, але вельмі годна. Гэта як нейкая звыклая ўжо страва, якую на гэты раз прыгатаваў добры повар па асобаму рэцэпту.
Поварам “Племені ізгояў” выступіў Крыстафер МакКуоры, які адмеціўся камерцыйна паспяховым “Джэкам Рычарам” з тым жа Томам Крузам у 2012 годзе. Не атрымалася ў яго сказаць новае слова ці вывесці ўсю франшызу на больш высокі ўзровень, а вось не апусціць планку і стварыць цікавы прыгодніцкі фільм пра шпіёнаў удалося.
Першая і другая часткі “Місіі невыканальнай” здымаліся Браянам Дэ Пальмай (“Кэры” 1976, “Твар са шрамам”, “Шлях Карліта”) і Джонам Ву (“Без твару”, “Час адплаты”) адпаведна. Дзякуючы не ў апошнюю чаргу рэжысёрскім вынаходніцтвам гэтыя стужкі лічацца арт-блакбастарамі. Але ўжо ў трэці фільм рэжысёр Дж. Дж. Абрамс (“Зорны шлях”, “Супер 8”) паспрабаваў дабавіць ванільнай драмы і ажаніў галоўнага героя. Вы можаце сабе ўявіць “акальцованнага” агента 007? Вось і гледачы не ацанілі Ханта-жанаціка, таму ў чацвёртай стужцы Абрамс выступіў толькі як прадзюсар, а ў рэжысёрскім крэсле апынуўся Брэд Бёрд (“Стальны гігант”, “Суперсямейка”, “Рататуй”). Пад яго кіраўніцтвам “Місія невыканальная: Пратакол Фантом” стала абсалютна тыповым камерцыйным кіно, якое запомнілася разбураным Крамлём і іншымі грушамі на вярбе.
На гэты раз усе памылкі прааналізавалі і выдалі драйвовы баявік у лепшых традыцыях сучаснасці. Тут вам і пагоні на матацыклах, і палёты на самалёце. Прычым іменна НА. Прыгожыя еўрапейскія і паўднёва-амерыканскія краявіды. Шмат страляніны і ўцёкаў.
Крыху логікі і фізікі не хапае, зразумела. Дарэчы, калі верыць фільму, аўтамат – гэта самая неэфектыўная зброя ў свеце. Не кажучы ўжо пра страляніну на вуліцы, нават у цесным прамым! калідоры можна ўмудрыцца толькі адзіны раз параніць уцякаючага чалавека. Але, шчыра кажучы, такога папрання фізічных законаў як у сёмым Фарсажы ўсётакі не было.
Том Круз ужо ў пяты раз грае Ітана Ханта. Тыя, хто бачыў хоць адну папярэднюю стужку, убачаць прыкладна тое ж самае. Стыльны загадкавы мужчына, які можа быць упартным, смяртэльна небяспечным і абаяльным адначасова. Прывабна, але тыпова. Здаецца, да гэтага часу лепшая роля Тома Круза – Лес Гросман з “Салдат няўдачы”.
З другога боку, трэба аддаць належнае фізічнай форме акцёра, якому ўжо за 50. Амаль усе трукі ён выконваў сам. Напрыклад, сцэну з палётам на самалёце здымалі за восем дубляў без дублёра.
Джэрэмі Рэнер, Алек Болдуін і Рэбэка Фергюсан на сваіх месцах і грошы адрабляюць прафесійна. Парадавала тое, што абышлося ў гэты раз без пацалункаў і іншых блізкіх адносін паміж галоўным героем і гераіняй. Рамантычная лінія ёсць, але больш намёкамі і шматзначнымі абяцаннямі.
Знакава вылучаецца Сайман Пег. Ён тут адказны за тэхнічную дапамогу і за гумар: і ў “Halo”паспее пагуляць, і дэтэктар хлусні абмане, і на знакамітую Венскую оперу паглядзіць … з экрана манітора … ў падсобцы.
Крыху смазанай выглядае канцоўка фільму, але гэта разумееш ужо па-за сценамі кінатэатру. Калі трохі схлыне адрэналін ад уратавання свету і спыніўшыхся на апошняй секундзе таймераў.
Вольга Шкрадзюк