04.08.2014 | Свой погляд

Вышыванкі перажывуць. Альгерду Бахарэвічу адказвае Стась Карпаў

Круціцца, ведаеце, у галаве такі вобраз. Здаровы, ёмісты страўнік разам з кішэчнікам. Самі сабой, асобна ад цела. Такія органы, якія існуюць, каб атрымліваць ежу і вырабляць г…. У імя працэсу.

Вакол страўніка адбываюцца падзеі. Людзі расчароўваюцца, натхняюцца, пачынаюць, сканчаюць. А ён, крыху ўздрыгваючы і пераліваючыся абалонкай брушыны, спакойна і важна робіць сваю справу. Брыкецікі, брыкецікі, брыкецікі.

Учора — брыкет, а заўтра цагліна, якую трэба закласці на правах скарбу ў наш культурны мур.

Ну, вось апошні — эсэ Бахарэвіча «Ганаровая вешалка». Тэкст, калі хто не чытаў, прысвечаны модзе на вышыванкі, якая абвешчана прыкметай заняпаду і перамогай эстэтыкі калгаса і прыгону.

Тэкст вельмі такі, ведаеце, іранічны. Тэкст пяра мэтра, які ўзнёсся і адтуль, з вышынь, прыплюшчыўшы вока, выдае свае вердыкты.

Мода на вышыванкі, між тым, і сапраўды ёсць. Гэта і дакладныя рэпрадукцыі беларускай нацыянальнай вопраткі, і стылізацыі на сучасны манер тыпу Honar, і мілыя майкі з прынтамі беларускіх арнаментаў ад Франака Вячоркі. І што? Вось яна, новая кансэнсусная эстэтыка? Новы спосаб расказаць свету пра сябе, нічога ў свету не патрабуючы і ні на што не скардзячыся? А вось і не!

Чытаеш «вешалку» і ўяўляеш нараджэнне брыкета. Як акт, як працэс. І сказ за сказам, як сантыметр за сантыметрам. Асобна, канечне, дастаўляе, што артыкул выйшаў на сайце «Будзьмы», дзе нават лагатып стылізаваны пад арнамент. Гэта выклікае некаторыя гамы і трывожыць некаторыя струны.

Аўтар абураецца

Трыумф вышыванкі значыць, што ўсё было дарэмна. Мы прапалі. Вышываначная Беларусь зноў перамагла Беларусь еўрапейскую. Мы вярнуліся туды, дзе былі. Да Беларусі льняной, жытнёвай, баравой, а таксама баваўнянай, саматканай, паркалёвай, пладова-ягаднай і сінтэпонавай.

Адразу пытанне. А калі заўтра ўсе ў адзіным памкненні скінуць і спаляць свае вышыванкі, ці прачытаю я, што нарэшце еўрапейская Беларусь перамагла лапатную? Па-другое, хто такія мы, каторыя вярнуліся? Вялікая частка людзей не здагадваецца ні пра наяўнасць вышыванак, ні пра наяўнасць Бахарэвіча. Як быць з імі? Акрамя таго: некаторым людзям пашчасціла, уявіце сабе, мець джынсы. Куды іх адсылае гэтая шмотка? Няўжо да часоў Леві Штраўса на залатыя руднікі?

Аўтар заглыбляецца

Людзям у вышыванках вельмі важна адчуць, што іх шмат. Толькі тады яны моцныя. І ў гэтым нашае з імі адрозненне. Еўрапейцу важнае крыху іншае — адчуць сваю каштоўнасць і свабоду, застаўшыся самому, без грамады. У гэтым яго моц. А моц вышываначнага чалавека — ва ўзоры пад яго падбароддзем.

Праблема нават не ў тым, што, пажыўшы ў Германіі, аўтар прапусціў нямецкую моду на нацыянальныя строі, якая не згасла і сёння, справа ў тым, што наогул нястача прадмета размовы нярэдка кампенсуецца імкненнем абагульніць нешта ў грандыёзным маштабе. У нацыянальным, а то і ў кантынентальным. Дапусцім — расказаць, што важна для еўрапейца. Бо еўрапеец жа — штуковіна простая і квадратная. Вось у яго патрэбы, а вось у яго ўласцівасці. Ідзі паспрачайся. А вось — вышываначны чалавек. Нібыта ён ёсць, і нібыта для яго самае галоўнае ў жыцці — вышыванка. Прыдумаўшы такія сутнасці, ты становішся галоўным і адзіным экспертам у гэтай галіне. Напрыклад, па вышываначных людзях. І вось твой тэкст ужо цагліна ў мур. А ты — муляр-будаўнік.

Аўтар супастаўляе

…увогуле ў папулярнасці вышыванак ёсць нешта паўночнакарэйскае. Тысяча абсалютна голых людзей будзе выглядаць больш індывідуальна, чым гэткая самая тысяча ў вышыванках.

Ну, па-першае, ніколі не сустракаў словы «салідарнасць» і «статкавасць» у адным сінанімічным шэрагу. Калі тысячы людзей выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі ці з папулярнымі зараз жоўта-блакітнымі стужкамі на вуліцу, ці ведаюць яны, што ўжо ўтварылі паўночнакарэйскі статак і выклікалі духа паныласці і калгаса? Не ведаюць. Магчыма, гэта не адбываецца, калі мільярды людзей купляюць сабе майкі са Спанч-Бобам, і адбываецца, калі з нацыянальнымі беларускімі арнаментамі.

Аўтар адсылае да аўтарытэтаў

Знаёмая літоўская літаратарка расказвала неяк пра першага пабачанага ёй у жыцці беларускага паэта. Прозвішча яна не запомніла. Вершаў таксама. І ніхто не запомніў. «Вершы былі такія самыя, як яго вышыванка… — сказала знаёмая. — Такія архаічныя. Вось вышыванку запомнілі ўсе. І з гэтым вы хочаце ў Еўропу?»

Во як. І спытала яго аўтарка: вы з гэтым у маю Еўропу хочаце, Альгердзе? Альгерд, каторы таксама нічога не запомніў, у літаратарчыну Еўропу з гэтым не захацеў. А вось за суайчыннікаў яму стала страшна сорамна. Бачачы чэргі беларусаў, каторыя сціраюць лапці па дарозе на «Акропаліс», і няроўныя сляды, якія на пыльнай дарозе пакідаюць іх слуцкія паясы… Літоўскія гастарбайтары, якія як пчолкі працуюць на катэджах да самога Мінска, такіх прэтэнзіяў да нас не выстаўляюць, што і не дзіўна, бо літоўскую літаратарку не ведаюць. Але гэтае вечнае жаданне постсавецкага інтэлігента, такога ж бездапаможнага, як і яго папярэднік, каб яго «прызналі за граніцай», жаданне «быць еўрапейскім».

Сорам за сваю дэпрэсіўную рэчаіснасць так моцна ўядаецца ў мозг, што там трансфармуецца у сорам і за мінулае, якое карціць каму-небудзь падарыць, і за сваю будучыню, якая становіцца прадметам пакаяння перад кожным балванам, які захоча згуляць у суддзю. Сорам і джынсы.

Аўтар іранізуе

Навошта кніжкі чытаць, калі ёсць вышыванка? На ёй усё напісана, то бок вышыта. Ці намалявана, як тату на скуры. А больш беларусу ведаць неабавязкова.

Як сказала беларуская рэкламшчыца Юля Ляшкевіч: «Навошта есці, калі спаць? Навошта Бахарэвіч, калі поўдзень? Навошта жыць, калі Марс?» У прынцыпе і ў мяне да аўтара, апрача названых, пытанняў больш няма.

З цэлым народам гутарку весці

А вось вам (нам) яшчэ. Аляксандр Фядута заявіў, што беларуская нацыя — другасерыйная, а калі пад маркай вышыванкі прадаюць яшчэ і вопратку з прынтамі арнаментаў, то ўсё гэта бессэнсоўна і нічога не варта. Вышыванка павінна быць вышытай, «а калі не, то грош цана ўсім вашым развагам». Як у пушкініста, хочацца спытаць у яго — ці ёсць у яго майка з выявай Пушкіна і, калі так, то якая частка Пушкіна належыць персанальна яму? А наогул, як я і пісаў вышэй, прага мысліць нацыянальнымі катэгорыямі ўласціва людзям, каторыя мысляць катэгорыямі выключна.

Дапусцім, хіпаны рэаніміравалі ўзор «слёзы Алаха» ці «турэцкі агурок».

У Латвіі дызайнер Ліга Аўзіня выпусціла калекцыю вопраткі з нацыянальнымі латышскімі арнаментамі, якія ад беларускіх адрозніць няпроста.

Шатландская клетка замацавалася ў модзе, думаецца, назаўсёды.

Адыдас шые вушанкі.

Gorenje распісвае (не драўляныя) лядоўні пад хахламу, мода на скандынаўскія арнаменты паспела ўжо надакучыць і адрадзіцца не адзін раз.

Але ўсе гэта не важна. Важна, што ты павінен стварыць брыкет. Выказацца. Пра іх. Пра гэтых беларусаў. Што ім нельга і яны нейкія там — не тое, што я. І хай я не бачу розніцы паміж прыгожым і непрыгожым. Хай для мяне дзень смерці Высоцкага — гэта дата, а дзень смерці Караткевіча… не, не чуў. Затое я ўсё адно вам раскажу, што вы за нацыя і як вам жыць. Бо мне Пушкін ліру перадаў. Хоць і не да канца.

Постсавецкі пост

Севярын Квяткоўскі напісаў, што вышыванкі звязаны з савецкім культам сялянскасці. Таму яны шкодныя для нашай нацыі, якая якраз прэтэндуе на элітарнасць і старажытнасць. Калі зразумець сутнасць прэтэнзіі, то хочацца спытаць: а што рабіць з тымі, у каго такіх асацыяцыяў няма? Дапусцім, нехта нарадзіўся ў 1991 годзе? Ці проста прапусціў савецкі культ сярпа да развалу СССР міма вачэй? У Савецкім Саюзе быў яшчэ і культ спорту, ці варта ўсім цяпер заплываць тлушчам з гэтай нагоды і на зло бабулі адмарожваць вушы?

Культ каранёў

Людзі тыпу Бахарэвіча ўвесь час выводзяць новага чалавека. Учора падобныя яму выводзілі новага савецкага чалавека. Сёння — новага еўрапейскага. Прычым і савецкі быў як белы аркуш, і еўрапейскага выводзім нейкага стэрыльнага. Без мінулага. Хто ён? У якой краіне ён жыве, гэты эталонны еўрапеец? Што гэты чалавек, які ў Беларусі павінен перамагчы, рабіў 300 гадоў таму? На якой мове гаварыў? Што пісаў? Што спяваў? На чым граў? Што еў? І што апранаў? Амерыкана-яўрэйска-нямецкія джынсы? Гавайскія кашулі? Індзейскія макасіны?

Ці абавязкова нам усім прайсці рытуал адрачэння ад вышываначнага мінулага?

У кожнай вартай краіне свету культ сваіх каранёў з’яўляецца часткай нацыянальнай свядомасці. Часам ён прыгасае, але калі з’яўляецца выклік, калі ёсць пагроза, калі нацыя гуртуецца, ён адраджаецца. Толькі радасць адчуваю за прыгажосць вышыванкі і тых беларусаў, якія носяць іх тут і цяпер.

Гэтыя ўзоры жылі стагоддзямі. Яны бачылі рознае. Ляжалі, пыліліся, гнілі, брудзіліся. Іх апраналі на святы, іх апраналі ў самыя цяжкія дні.

Гэтыя маленькія ромбікі і квадрацікі дапамагаюць нам парадавацца, гледзячы адно на аднаго. Яны перадаюць усё, што мы хацелі б сказаць, і нават крыху болей.

Яны перажылі многае. Комплексы постсавецкія, не заўважыўшы, таксама перажывуць.

Стась Карпаў


3 Каментаў у “Вышыванкі перажывуць. Альгерду Бахарэвічу адказвае Стась Карпаў”

  1. Таццяна says:

    Дастойны адказ. Усе мы звыкліся ўвесь час кагосьці ці штосьці вінаваціць з-за сваіх комплексаў. То мова матчына вінаватая. Бачыш ты, калі я на ёй размаўляю, то я выпячваюся. узвышаюся над астатнімі. То вопратка вінаватая, кашулі-вышыванкі. Дзікі погляд у Бахарэвіча на некаторыя рэчы…

  2. Алесь Емяльянаў says:

    Калі хто-небудзь з папярэдніх камэнтатараў ведае, што зашыфравана ва ўзоры вышыванак, ці калі хто-небудзь дакладна патлумачыць якая розьніца – насіць вышыванку ці саколку – “чэсьць яму і хвала”, але ніхто гэтага ня зробіць, бо ніводзін фальклорны калектыў нат ня ведае, што зашыфравана ў іх на грудзях. Беларусам можна быць і без вышыванкі і без Спанч-Боба. Галоўнае, што дзякуючы А. Бахарэвічу літаратура хоць неяк рухаецца і жыве поўнавартасным жыцьцём. І культура таксама. Хоць дыскутаваць пачалі, нейкія артыкулы пішуць, дружна ганяць і асуджаюць аўтара за няправільны артыкул, а тымчасам – мы застаемся тым самым быдлам, як і за савецкім часам. Адно “одобрям”, а іншае “осуждам” і пры чым масава, татальна. Мне прыгадваецца выпадак, калі я трапіў на грамадскі прагляд аднаго спэктаклю з мэтай абмеркаваньня ці варты ён Дзяржаўнай прэміі, ці не. Усе, каго пыталі – актораў, тэатральных крытыкаў, музыкаў, мастакоў, і яшчэ шмат каго, казалі ўхвальныя словы, казалі, што гэта геніяльны і варта даць спектаклю дзяржаўную прэмію, а адзін з гледачоў, звычайны чалавек, які прыйшоўшы пасьля працы ў тэатр паглядзеў спектакль, зразумеў, што ён не спадабаўся і адкрыта пра гэта сказаў. Божа, што туут пачалося, ледзь не да сьмертазабойства – як ён, такі паганец, пасьмеў пакусіцца на сьвятое, такі спектакль, такі рэжысэр, такая пастаноўка, гульня актораў і г.д. і г. д. А гэта сьведчыла толькі пра тое, што спектакль сапраўды таго варты, што ён заслугоўвае ўвагі. Так і тут. Вышыванка сапраўды будзе жыць і няхай давеку жыве, але пакуль у нашых галовах калгаснае ўспрыняцьце жыцьця і несусьветны гармідар – вышыванка нам недапаможа. мы да вышыванкі яшчэ не дарасьлі, пра Эўропу і казаць няма чаго. Спачатку трэба зьмяніць сваё сьветаўспрыманьне і стаўленьне да гэтага жыцьця, бць проста чалавекам, які добра працуе і прыносіць карысьць сваёй працай,паэт няхай напіша добры верш, гандляр не будзе ўскручваць кошты, а Стась Карпаў напіша проста добры карысны артыкул пра тое, што ў беларусаў у брыкетах, а што не ( часткі страўнікавага тракту, дарэчы, не існуюць асобна, бо калі сп. Стась будзе толькі жаваць, скрыгатаць зубамі і малоць языком, што ён іробіць у сваім гнеўным артыкулы, дык у яго дзярмо, прабачце, пойдзе праз рот), музыка напіша такую песьню, якую людзі будуць сьпяваць і ведаць, што яны проста людзі, якія жывуць разам і жывуць мірна, можа тады нешта ў іх галовах зьменіцца. І беларусы стануць беларусамі, і на мове сваёй будуць размаўляць і всельле спраўляць у нацыянальных строях, а пакуль – карані-руны вышыванкі не даюць ні ствалу, ні пладоў. Я за плён.

  3. Sotnieks says:

    Артыкулы “плённага літаратара” амаль ніхто не чытае і не каментуе, акрамя тых выпадкаў, калі ён пачынае кагосьці паліваць лайном. Гэта красамоўна характарызуе вартасць літаратара.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика