Бабіцкая ікона ўяўляе сабой вынік сумеснага праекта двух музеяў Гомельшчыны — Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Мэтай супрацоўніцтва сталі вывучэнне і дэманстрацыя для шырокага кола аматараў мастацтваў унікальнай нацыянальнай культуры — бабіцкага народнага іканапісу. Менавіта ў вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці жылі і тварылі яшчэ ў канцы XІX — XX ст. апошнія майстры вядомай сялянскай дынастыі іканапісцаў — Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы. Яны пісалі абразы для мясцовых храмаў і сельскіх жыхароў, якія верылі ў заступніцтва святых. Творы, якія паходзяць з вёсак Чачэрскага і Веткаўскага раёнаў — Бабічаў, Фёдараўкі, Покаці ды іншых — аб’яднаныя агульнымі тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі, адмысловым творчым почыркам, наяўнасцю распрацаваных іканаграфічных узораў, сярод іх сустракаюцца як кананічна праваслаўныя, так і заходнееўрапейскага паходжання. Наяўнасць характэрных рысаў дазволіла вызначыць гэтую традыцыю як “бабіцкую школу” па назве в.Бабічы, дзе, паводле ўспамінаў жыхароў, здаўна пісаліся такія творы. У XVІІІ ст. праз уніяцтва, што панавала на землях Рэчы Паспалітай, адбывалася ўзаемадзеянне праваслаўнага іканапісу і заходнееўрапейскага алтарнага жывапісу. Пейзаж, архітэктурныя дэталі сучасных мастаку стыляў, бытавыя сцэны — усе рысы рэалізму, адкрытыя Рэнесансам, асэнсоўваліся мясцовымі мастакамі як доказ фальклорнага ўяўлення аб тым, што “Бог па зямлі ходзіць”.
Узрушанасць пачуццяў, што несла наступная хваля прафесійнага ўплыву — барока, — сталася прыкладам напружаных вобразаў у “Каранаванні Багародзіцы” альбо “Цудзе Георгія аб змеі”, поўных складаных рухаў. Кантрасты святлаценю ў жывапісе былі нібыта ўзорам эмацыйнага стану саміх вернікаў. Але малітоўны дыялог паміж вернікам і святым заступнікам не мяняецца з новай стылістычнай плынню. Старая праваслаўная іканаграфія падае постаці святых статычна і годна — яны гатовыя да спакойнай размовы з простым чалавекам, што звяртаецца да іх, напрыклад, Зосімы і Савація — апекуноў пчолаў, альбо да Уласа, што бароніць каровы. Гэты тып іконаў блізкі да фальклорнага жанру замоваў. І ікона, і моўны тэкст прасякнутыя архаікаю, што ўзыходзіць да глыбінных, яшчэ дахрысціянскіх уяўленняў. Выстава будзе адчыненая для наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музея аж да 28 лютага.
Аляксей Сталяроў