У чацвер, 4 снежня, у 17:00 У Мінску, у Музеі гісторыі і культуры Беларусі пасол Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Майра Мора і дырэктар Музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар у прысутнасці арганізатараў — Інспекцыі па наглядзе за Дзяржаўнай пробай і яе начальніка Пэтэрыса Брангуліса – адкрыюць выставу “Дзяржаўныя ўзнагароды Латвіі”.
Асноўная экспазіцыя выставы створана ў 2004 годзе з мэтай даць уяўленне пра гісторыю Латвіі і яе ўзнагароды.
У стварэнні экспазіцыі бралі ўдзел Дзяржаўны Нацыянальны музей гісторыі, Рыжскі музей гісторыі і суднаходства і Дзяржаўны гістарычны архіў.
На выставе экспануюцца Латвійскія дзяржаўныя узнагароды (эталонны камплект), гістарычныя ўзнагароды (уключаючы Ордэна Лачплесіса), гістарычныя прадметы з сімволікай Дзяржаўных узнагародаў. Кожная з іх расказвае пра якую-небудзь важную для Латвійскай дзяржавы падзею.
Латвія мае чатыры віды ўзнагародаў – Ордэн Віестурса, Крыж Прызнання, Памятны знак удзельніка барыкадаў 1991 года і вышэйшая ўзнагарода – Ордэн Трох Зорак. Закон аб заснаванні Ордэна Трох Зорак падпісаны ў 1924 годзе. Яго дэвіз: “Праз церні да зорак”. Першы кавалер ордэна – першы прэзідэнт Латвіі Яніс Чакстэ.
“Дзяржаўныя ўзнагароды Латвіі” – гэта перасоўная выстава, якая пабывала ўжо ў Летуве, Эстоніі, Даніі, Люксембургу, Бельгіі, Германіі, сёлета, у рамках 90-годдзя абвяшчэння ЛР, выстава падарожнічала па латвійскіх рэгіёнах. Экпанаты выставы з’яўляюцца таксама і выкшталцонымі ювелірнымі творамі, і ў гэтым сэнсе Латвія ненашмат адстае ад краінаў з даўнімі традыцыямі ўзнагародаў. Але галоўная ўсё ж сімвалічная – не эстэтычная – вартасць гэтых вырабаў. Гісторыя ведае багата выпадкаў, калі ўзнагароды былі сведчаннем чалавечага імкнення да славутасці, але найбольш за ўсё – гэта гонар і ўдзячнасць, якія дзяржава аказвае і выказвае сваім і замежным грамадзянам.
Выставу арганізуе Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Інспекцыяй па наглядзе за Дзяржаўнай пробай Латвіі і Музеем гісторыі і культуры Беларусі.