27 лютага ў Гарадской выставачнай зале па вуліцы Болдзіна, 1 урачыстай імпрэзай была адкрытая выстава-кірмаш “Усе адценні прыгожага”.
Творчае аб’яднанне рамеснікаў “Магілёўскія майстры” ўжо даўно вядомае не толькі ў Магілёве, але і далёка за яго межамі. Без яго прадстаўнікоў не абыходзіцца ніякі кірмаш як у гарадах і мястэчках Беларусі, так і па-за яе межамі. Але гэтым разам майстры адважыліся на пэўны эксперымент і вырашылі асвоіць новыя, незвычайныя і для іх, і для горада гарызонты. Таму ў перадапошні дзень зімы аматарам сапраўднай прыгажосці пашчасціла трапіць (адкрыццё выставы з прычыны недахопу месца для ўсіх ахвочых было вырашана зрабіць закрытым) на даволі цікавую і арыгінальную падзею.
Мерапрыемства ўяўляла сабой “модны паказ”, сапраўднае дэфіле мадэляў, з дапамогай якіх майстры прадстаўлялі свае творчыя вынаходніцтвы. Тут можна было пабачыць унікальныя вырабы ручной працы, незвычайныя аксэсуары, сувеніры, аўтарскія цацкі, керамічныя вырабы і ўпрыгожанні.
“Ідэя прыйшла два гады таму, але не моднага паказу, а нечага накшталт прысвячэння, праслаўлення жанчыны наогул і жанчыны-рукадзельніцы ў прыватнасці, – тлумачыць Ала Смалякова, кіраўнік аматарскага аб’янання “Магілёўскія майстры”. – Адсюль і фотавыстава, якая суправаджае асноўную частку экспазіцыі. І ўжо потым нарадзілася ідэя моднага паказу як дэманстрацыі таго, што вырабляюць рамеснікі. Дэманстрацыя магчымасцяў. Бо многія з трынаццаці майстроў, якія прадстаўлялі свае калекцыі, упершыню распрацавалі агульную канцэпцыю для сваіх новых работ, выкарысталі новыя тэхнікі ў сваім рамястве.
Наогул гэта выстава работ удзельнікаў аматарскага аб’яднання рамеснікаў “Магілёўскія майстры” і творчага складу “Шчырай майстэрні”. Хацелася паказаць, як традыцыйныя рамёствы і жаночае рукадзелле могуць выкарыстоўвацца ў сучасным жыцці. Таму тут прадстаўленыя выключна навінкі і аўтарскія рашэнні”.
Трэба сказаць, што для Магілёва імпрэза такога кшталту новая. Не распешчаныя мерапрыемствамі магілёўцы з цікавасцю назіралі за тым, што адбывалася ва ўтульным памяшканні выставачнай залы. А паглядзець было на што: мадэлі дэманстравалі адзенне і ўпрыгожанні магілёўскіх майстроў, маленькія дзяўчынкі (якія, зразумела, адразу выклікалі замілаванне публікі) прадстаўлялі hand-made лялькі, а модны цяпер кірунак бодзі-арт цікава спалучаўся з ваўнянымі аксэсуарамі.
Дарэчы, майстар па валянні Марыя Куляшова, якая вырашыла ў незвычайнай форме пазнаёміць гледача са сваімі работамі ў спалучэнні з бодзі-артам мастака Алены Штаге, адзначае, што менавіта абраны фармат дэфіле падкрэслівае эксклюзіўнасць прадстаўленых рэчаў: “Такая новая, актыўная форма прэзентацыі жаночых аксэсуараў дае магчымасць пабачыць, як тую ці іншую рэч трэба насіць, як яна павінная выглядаць, данесці аўтарскую канцэпцыю. Канечне, усе мы вельмі хваляваліся. Але тое, што атрымалася, выглядае яшчэ ярчэй, чым мы планавалі. На жаль, у Магілёве больш няма дзе пабачыць і набыць такія эксклюзіўныя рэчы. Але мы ўвесь час намагаемся данесці, што наш горад не перыферыя, мы тут таксама крочым у нагу з часам”.
Урачыстае адкрыццё скончылася віншаваннямі, кактэйлямі, сумеснымі фотаздымкамі гасцей з аўтарамі і ўдзельнікамі праекта, пажаданнямі плёну і першым продажам. Ну а сама выстава будзе працаваць да сёмага сакавіка. Таму ўсім аматарам прыгажосці раім не марнаваць часу, а хутчэй акунуцца ў свет цудоўнага.
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва