Гэтым вечарам “Ў-бару” бракавала ўсяго некалькіх дэталяў: добрага клезмера і пачастункаў кшталту фаршмаку з селядцом. Усё астатняе было: і цырульнік Ізя, і кравец Фіма. Свой маленькі габрэйскі сусвет, кажа мастак Валерыя Гайшун, яна стварыла адной іголкай з кавалка воўны. У выніку атрымалася самабытная і падрабязная выстава пад агульнай назвай “Пятая графа”.
Тут, безумоўна, усё трэба бачыць на ўласныя вочы. Бо гэта не проста ваўняны хэнд-мэйд — гэта дакументалістыка, мастацкія замалёўкі габрэйскага жыцця, такога, якое мы ведаем з барадатых анекдотаў пра Ізю. І не толькі анекдотаў — у работах Валерыі Гайшун шмат лірыкі, тонкага псіхалагізму. Лялькі з сумнымі вачыма прадстаўленыя ў розных сітуацыях. Вось эмігрант Фіма пераходзіць мяжу з агромністай валізкай у руцэ. Побач кіяскёр Лёва прадае за савецкія капейкі часопіс “Огонёк”. Чакае кліентаў цырульнік Ізя, за столікам п’юць каву настаўніца матэматыкі Сіма Ісаеўна і настаўніца нямецкай мовы Бэла Львоўна.
Цяжка паверыць, што ўсю гэтую прыгажосць стварыла эканаміст па адукацыі. Валерыя ніколі не займалася мастацтвам сур’ёзна. Ну хіба што, як усе жанчыны, трошачкі шыла, нешта вязала.
Але аднойчы любімы муж з’ехаў у Афрыку. Гэтае расстанне спачатку засмуціла Валерыю, а потым… натхніла. Яна зрабіла сваю першую ляльку. За першай з’явілася другая, а праз тры з паловай месяцы — цэлая серыя.
Сімпатыю да габрэйскай тэматыкі аўтар тлумачыць настальгіяй. Найлепшыя сябры — габрэі. Сёння яны жывуць хто ў Амерыцы, хто ў Ізраілі. А Валерыя сумуе. Дзядуля таксама быў габрэем. Ад яго мастачка пераняла ўменне любіць сям’ю (муж і шасцёра дзяцей) і свае лялькі (якія таксама ўжо як дзеці).
“Спачатку я баялася, што ўсе лялькі атрымаюцца з аднолькавымі тварамі, — кажа аўтар пра сваю калекцыю. — Але потым страх прайшоў. Яны не могуць быць аднолькавымі, таму што ў іх розныя гісторыі. У габрэяў непараўнальны гумар і неверагодная сіла духу, якую я і паспрабавала перадаць”.
Гэтая серыя лялек атрымала бестэрміновую прапіску ў доме Валерыі, бо Ізі ды Моні зрабіліся любімцамі дзяцей і мужа (“Вось гэты крытык Аркадзь з люлькай у руцэ вельмі падобны да майго мужа”). А новыя заказы аўтар прымае, толькі пасля творчых камандзіровак.
Адразу ж пасля прэзентацыі ў Мінску Валерыю чакаюць у Санкт-Пецярбургу на маштабнай выставе “Час лялек”. Таксама ў планах — выставы ў Маскве і Адэсе. І, безумоўна, у Мінску.
Кася Кірпацік