Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар у Познані запрашае на адкрыцьцё асабістай выставы Міколы Дробыша, якая пройдзе 17 ліпеня па адрасе ul. J. Chełmońskiego 15. Пачатак а 19-й гадзіне.
“Слуцкі прывід”. Мікола Дробыш
Аўтабіяграфія :
Случчына – край маіх бацькоў
Каталіцкая вера – вера маіх продкаў
Менск – горад, у якім я нарадзіўся 14 лютага 1974 г., дасюль жыву і працую
Баян – музычны інструмент, які бацька даў у рукі мне, пяцігадоваму
1982 г. – год, у які з баянам было ўсё скончана і з запісу ў мастацкі гурток распачалася кар’ера мастака
Бальныя танцы, дзюдо, веласпорт, бокс – усё гэта гурткі, якія я наведваў
1984 г. – мастацкая школа
1989 г. – быў залічаны ў Менскую дзяржаўную мастацкую вучэльню імя А. К. Глебава на спецыяльнасць “Скульптура”; год, у які з бацькаўскага гнезда я паляцеў у свет, сляпым, дурным і задавоооооленым….
1993г. – стаў студэнтам Беларускай Акадэміі Мастацтваў, кафедры скульптуры – месца, дзе набыў майстэрства
1999 г. — пасля заканчэння БелАМ працаваў выкладчыкам у Беларускай Дзяржаўнай Палітэхнічнай Акадэміі
2001 – 2005 гг. – Творчыя Акадэмічныя майстэрні графікі, скульптуры і жывапісу пры Міністэрстве культуры, дзе набыў розум і мастацкі густ
2003 г. – ажаніўся
З 1994 г. удзельнік рэспубліканскіх, маладзёвых і тэматычных выстаў.
У 2004 г. І-я прэмія ў конкурсе на экстэр’ерную скульптуру для “Priorbank” JSC, Raiffeisen Zentralbank Österreich AG (RZB) –group
З 2005 г. ствараю арт-аб’екты ў інтэр’ерах – круглая і рэльефная скульптура, роспіс, архітэктурныя дэталі і эксклюзіўная фурнітура
Жонка – мая каханая
Бацькаўшчына – тое, што міла сэрцу
Бог – мая Любоў, Надзея і Дапамога
Жыццё – аб’ект пільнага вывучэння
Мастацтва – мой покліч
Шэраг скульптурных і графічных твораў знаходзіцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расеі, Шатландыі і Швецыі.