19.04.2017 | Гісторыя

Выйшаў альманах, які не варта чытаць мітрапаліту Паўлу і Севярынцу

Паганцы існуюць па ўсім свеце. Беларусь тут, натуральна, не выключэнне. Ужо больш за чатыры гады існуе сайт svajksta.by, вакол якога гуртуюцца тутэйшыя неапаганцы. А зусім нядаўна выйшаў альманах з той самай назвай Svajksta. Гэта слова з старапрускай мовы, якое азначае «святло».

Фота Ірыны Арахоўскай.

Калісьці нішу неапаганскіх выданняў займаў Аляксей Дзерман, які выдаваў Druvis і «Сівер», аднак потым ён перайшоў на пазіцыі еўразійства і апраўдвання дзеяння рускага свету. Таму месца нішавага выдання заставалася пуставаць.

«Паганства цікавіць заходні свет, заходніх мысляроў. Ёсць навукоўцы-спецыялісты па паганстве, да якіх прыслухоўваюцца. Менш слухаюць тых, хто намагаецца рэканструяваць рытуалы, — але паганская спадчына застаецца цікавай. І не ў якасці экзотыкі, а ў якасці рэальнай альтэрнатывы», — піша рэдакцыя ў прадмове да нумара.

Альманах атрымаўся дастаткова «олдскульным» у сваім афармленні, нібыта з 90-ых. Над дызайнам трэба працаваць далей. Матэрыялы падзеленыя на рубрыкі «Краіна», «Процістаянне», «Традыцыя», «Дзень адзінства балтаў», «Літва», «Латвія», «Нашы», «Свет», «Думкі», «Гутаркі», «Тэксты».

З галоўных навін у краіне: апісанне з’яўлення помніку «каменя са слядочкам» у Маладзечне, ахова сасны «Ведзьміна лапа» ў Віцебскім раёне, стварэнне пад Гроднам заказніка «Чортава балота», лекцыя «Віцебск балцкі», невядомы раней абрад «Сава» з Пружанскага раёна.

Вялікі артыкул прысвечаны графіці з выявай Ярылы ў Мінску. «І графіці не арыгінальнае, і «Ярыла» фэйкавы, і людзі абураюцца», — канстатуе выданне. «Такі персанаж як «Ярыла» быў вядомы ў рускіх па верхнім цячэнні Волгі (Кастрама і побач) і ў больш паўднёвых расійскіх губернях. Калі разабрацца, дык высвятляецца, што і не «беларускі», і не «паганскі», і не «бог» той «Ярыла» — так нейкая частка рускіх называла святога Георгія, які на гербе іх сталіцы».

У альманаху прыводзяцца слова мітрапаліта БПЦ Паўла, які жорстка крытыкуе неапаганства. «Насамрэч гэта страшная з’ява. Не прапаноўваюць вярнуцца да тых вучэнняў, караням, якія жылі пакаленні да князя Уладзіміра, а ўжо сёння прапануюць новае, вычварнае, сатанінскае, шаманскае, гэта збівае многіх людзей з толку».

Аднак і самі аўтары «Свайксты» тут не адстаюць ад хрысціянскіх іерархаў. Тэме «працістаяння» прысвечаная значная частка альманаху. Напрыклад, вось дастаткова маніпулятыўны загаловак «Каталіцкае Раство адзначаюць у 10 разоў менш людзей, чым паганскую Радаўніцу».

Падаюцца і іншыя навіны: «16 тысяч подпісаў супраць царквы на возеры Балдук», «Віцебск: фэйкавая царква гораду не патрэбная», «Менчукі перашкодзілі пачаць будаваць касцёл».

«Разбуральны ўплыў на традыцыю [Радаўніцы — «НН»] робіць праваслаўная царква. Натуральна, царкоўнікі дзейнічаюць у межах сваіх правілаў. Аднак гэтая суцэльная забарона ежы на могілках, якая сёння ідзе ад святароў, успрымаецца ў штухі носьбітамі традыцыі, якія кажуць: «Не мы гэта прыдумалі, не на нас гэта скончыцца», — піша этнакультуролаг Таццяна Валодзіна.

Цікавым падаецца дайджэст навін паганскага руху з суседніх краін, а таксама заходняй Еўропы. Напрыклад, вы ведалі, што ў Латвіі цалкам адсутнічала традыцыя галашэння па нябожчыках? «Яшчэ і па сёння старыя вяскоўцы кажуць не плакаць ля нябожчыка, бо яму тады будзе «мокра ляжаць», неспакойна, цяжка. А калі памерламу ў магіле неспакойна, тады паводле латышскіх вераванняў, ён можа прыходзіць да жывых і непакоіць іх».

Цікавая навіна з Цвярской вобласці Расіі, дзе выйшаў «Толковый словарь жарковского языка». Яго аўтарам стаў Сяргей Голубеў — старшыня Заканадаўчага сходу Цвярской вобласці. Адзначаецца, што жаркаўскія гаворкі вельмі блізкія да беларускіх.

На дадзены момант альманах прадаецца ў краме «Рагна» ў Мінску, аднак яго могуць даставіць вам і па пошце пры папярэдняй замове.

Зміцер Панкавец, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика