Выйшаў новы 5-6 нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, прысвечаны жанчыне, пад назвай “Выкраданне Еўропы”.
Мастацкія творы нумара складаюць дзве часткі, два “погляды” на знакаміты старажытнагрэцкі міф, якія прадстаўляюць дзве версіі таго, што адбылося некалі на востраве Крыт: Версію Еўропы і Версію Быка. Жаночая версія Еўропы – погляд на саму сябе. У гэтым раздзеле змешчаныя творы як шырокавядомых пісьменніц розных часоў: Джэйн Остэн (урывак са знакамітага раману “Пыха і перадузятасць”), Інгеборг Бахман, Сапфо, Эмілі Дыкінсан, Віслава Шымборска, Марына Цвятаева, Сельма Лагерлёф, Айн Рэнд, Джойс Кэрал Оўтс, так і не зусім яшчэ адкрытых беларускаму чытачу: партугалкі Тэрэза Вэйга, амерыканкі Шарлота Пэркінс Гілман і Сара Тыздэйл, чэшкі Пэтра Дваржакава і Марыя Шцястна, украінкі Анастасія Афанасьева і Аксана Забужка, грузінкі Мая Сарышвілі, фінкі Катры Вала і іншых.
Погляд на Еўропу збоку, паводле “Версіі Быка”, у часопісе прадстаўляюць такія вядомыя творцы, як Шарль Бадлер, Оскар Ўайлд, Фэрнанду Пэсоа, Анатоль Франс, Роберт Вальзэр, Сяргій Жадан і іншыя.
Таксама ў новым нумары падводзяцца вынікі традыцыйнага конкурсу паэтычнага перакладу, які ўжо ў чацверты раз ладзіўся “ПрайдзіСветам”.
Акрамя ўласна літаратурных твораў, у нумары змешчаныя артыкулы, што тычацца творчасці пісьменніц Вірджыніі Вулф і Айн Рэнд, а таксама даследуюць “ружовы раман” – распаўсюджаны, але не вывучаны ў айчынным літаратуразнаўстве жанр масавай літаратуры, скіраваны пераважна на жанчын.
Натуральна, раскрыццё галоўнага канцэпту нумара было б не поўным без звароту да асобаў жанчын-перакладчыкаў. Тры розныя інтэрв’ю з Верай Бурлак, уладальніцай прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” у намінацыі “Проза” за 2009 год, Настай Лабадой, перакладчыцай Тувэ Янсан на беларускую, а таксама паэткай і перакладчыцай, якая цяпер жыве ў ЗША, Вальжынай Морт прадстаўленыя ў часопісе.
І ў рубрыцы “Майстар-клас” гэтым разам змешчаны запіс круглага стала па праблемах айчыннага перакладу, які прайшоў сёлета ў траўні напярэдадні ўручэння прэміі часопіса “ПрайдзіСвет”. Пра цяперашняе і будучае беларускага перакладу разважалі вядомыя перакладчыкі, выкладчыкі, выдаўцы і рэдактары: Андрэй Хадановіч, Зміцер Колас, Барыс Пятровіч, Сяргей Сматрычэнка, Марыя Мартысевіч, Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч, а таксама сябры рады “ПрайдзіСвета”.
Наступны нумар часопіса выйдзе ўзімку і будзе прысвечаны літаратуры Афрыкі і Афрыцы ў літаратуры.