Выйшаў з друку чарговы, дванаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Курэтава, Вікторыі Смолка, Марыі Магдалены Палхоўскай, Дар’і Дарошка, Алены Масцеравай, Сяргея Сурыновіча, Наталлі Галавач, Уладзіміра Сіўчыкава.
Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Надзеі Філон, Лявона Валасюка, Вінцэся Мудрова а таксама аповесці Паўла Ляхновіча і Алены Масла.
У раздзеле “Пераклады” друкуюцца вершы Ліны Кастэнка і апавяданне Стэфана Грабіньскага, на беларускую мову пераствораныя Дзмітром Шчарбінай і Аленай Ніякоўскай.
Раздзел “Крытыка” адкрываецца артыкулам Таццяны Мацюхінай, прысвечаным паэзіі Наталлі Арсенневай. Аб праве на рызыку ў творчасці і жыцці ў сваёй гутарцы з Эдуардам Акуліным разважае маладая паэтка Валерыя Кустава. Запісамі розных гадоў дзеліцца Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Пра тое, як “адкрыць у сабе Беларусь” — гутарка з папулярнай спявачкай і музыкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з паэтычнай спадчынай свайго земляка Леаніда Клёна. Пра вытокі сцэнічнай папулярнасці Альдона Мартыненка гутарыць з кіраўніком гурта “Разбітае сэрца пацана” Дзянісам Тарасенкам. “Спробу аўтавівісекцыі” ў новай кнізе Анатоля Кудласевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык. Па традыцыі заканчваецца нумар “дыскаграфіяй” музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.
Пытайце “Верасень” № 12 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com