Выйшаў з друку чарговы, трынаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Кацярыны Массэ, Аліны Паўлоўскай, Кацярыны Глухоўскай, Веранікі Міхалёвай, Ірыны Зоркі, Лізаветы Дамінікі Панамаровай, Уладзіміра Чараухіна, Рагнеда Малахоўскага, Кацярыны Шчаснай, Ігара Канановіча і Паўла Змітрука.
Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Аляксандры Сымановіч, Алеся Яшчанкі, Сяргея Белаяра, Юры Несцярэнкі а таксама прыпавесці Эдуарда Дубянецкага і герадоцінкі Леаніда Дайнекі.
У раздзеле “Пераклады” друкуецца ўрывак з рамана албанскага празаіка Ісмаіла Кадарэ “Хроніка ў камені”, пераствораны па-беларуску Максімам Мудровым. А таксама раздзелы з кнігі “Пра гаспадара і літаратуру” Вікторыё Аліф’еры ў перакладзе з італьянскай мовы Аксаны Данільчык.
Раздзел “Крытыка” адкрывае культуралагічны артыкул Ірыны Хадарэнкі “Выкраданне Еўропы”. Аб “шчаслівай залежнасці” ад беларускай літаратуры разважае ў сваім эсэ Васіль Дэ Эм. Пра вытокі творчага натхнення ў гутарцы з Эдуардам Акуліным распавядае маладая паэтка і музыка Кацярына Ваданосава. Запісамі з “памятнай кніжкі” дзеліцца Леанід Дранько-Майсюк. Пра тое, “што трэба рабіць творцу, каб стаць сапраўдным паэтам” – гутарка з маладым літаратарам Алесем Емяльянавым-Шыловічам. У цыкле “Шчонаўскія абразкі” вяртаецца ў гады свайго дзяцінства Ала Петрушкевіч. Пра месца песні ў жыцці чалавека – фальклорны артыкул Генадзя Лапаціна. Падабенства паміж “жанчынай і леапардам” шукае ў рэцэзніі на кнігу Таццяны Барысік крытык Таццяна Мацюхіна. У рэцэнзіі “Ад медытацыі да шансона…” вымярае творчы дыяпазон паэтаў Ігара Канановіча і Васіля Дэбіша літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык. Па традыцыі заканчваецца нумар “дыскаграфіяй” музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.
Пытайце “Верасень” № 13 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com.