У інтэрнэце адбылася прэм’ера відэаверсіі канцэрта «J:морс» і Прэзідэнцкага аркестра РБ з праграмай «Беларускае золата». На пачатку лістапада 2016 паслухаць лепшыя песні гурта «J:морс» у сімфанічных аранжыроўках сабраўся поўны Палац Рэспублікі.
– Гэта адзін найбольш складаных і масштабных праектаў за больш як 15 год існавання гурта, – распавядае лідар «J:морс» Уладзімір Пугач. – Мы рыхтавалі яго амаль паўгады: планавалі тэхнічны бок, адбіралі песні, рабілі аранжыроўкі з Уладам Мазуркевічам і каля трох месяцаў рэпетавалі з Прэзідэнцкім аркестрам. Магчыма, гэтыя рэпетыцыі былі больш патрэбныя менавіта нам – самае складанае было проста прызвычаіцца, што на сцэне не шэсць чалавек, а шэсцьдзесят, стаць з імі адным цэлым. Прыемна, што ў нас гэта атрымалася.
– Вельмі драйвовы і эмацыянальны канцэрт, заключную частку якога публіка правяла на нагах, не жадаючы сядаць, – адзначае галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віктар Бабарыкін. – Мы ведалі гурт «J:морс», але нам было вельмі прыемна на практыцы пераканацца, што ў Беларусі ёсць свае артысты, якія ні ў чым – ані па матэрыяле, ані па прафесійнасці, ані па колькасці публікі ў залі – не саступаюць замежным, з якімі мы працавалі вельмі шмат. Атрымалася выдатная праграма, якая можа стаць адной з візітовак беларускай музыкі.
За стварэнне відэаверсіі праекта адказваў рэжысёр Кірыл Зелянко і тэлеканал АНТ. У студзені гурт плануе выдаць DVD з поўнай версіяй канцэрта, у якую патрапяць 18 песень. Партнёр праекта – кампанія STA Logistic.
Наступны выступ «J:морс» у Мінску адбудзецца 14 лютага ў Prime Hall. Квіткі ад 30 руб. Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Primehall.by, а таксама ў салонах «Связной» і «Евросеть». Інфалінія: (029) 851 77 06, (044) 551 77 06.