Пазбавіцца іміджу пакутнікаў і радыкалаў. Знайсці паспяховых, адказных і шалёных суайчыннікаў ды расказаць пра іх усяму свету. Budzma.by пазнаёмілася з калегамі па духу ва Украіне.
Год таму, у лютым, які для нашых суседзяў аказаўся не жартуючы лютым, у адной з львоўскіх кавярняў трое сяброў абмяркоўвалі мінулае, сучаснасць і будучыню Украіны. Супрацоўнік кансалтынгавай кампаніі Тарас Пракапышын, карэспандэнтка тэлеканала “ZIK” Іна Беразніцка і журналіст-фрылансер з досведам піяршчыка Уладзімір Бяглоў аналізавалі, што цяпер пра Украіну кажа ўвесь свет. Але што ўкраінцы самі гавораць пра сябе свету?
“У нас, як у кожнай нацыі, ёсць шмат перавагаў і заганаў. Гэтыя недахопы ў многім сфармаваныя гісторыяй: безадказнасць, вобраз ахвяры. Калі ты можаш паказаць сябе пакутнікам, тады на табе няма адказнасці. Так прасцей жыць. Так доўга было ва ўкраінскай гісторыі, як і ў беларускай: мы былі то пад палякамі, то пад рускімі”, — расказвае Тарас.
Да вобразу закладнікаў геапалітычных падзей дадавалася іншая скрайнасць – імідж агрэсіўнага “бандэраўца”.
Са светлай галавы Тараса і спрактыкаваных рук Уладзіміра ды Іны з’явіўся праект “The Ukrainians” – гісторыі поспеху, ініцыятывы і адказнасці аўтарытэтных украінцаў і ўкраінак.
Героі нашага часу
Усе матэрыялы праекта зробленыя ў т.зв. long form journalism – доўгія інтэрв’ю з прафесійнымі фотасесіямі. Размовы будуюцца досыць тыпова: асабістая гісторыя героя і ўласна квінтэсенцыя: “Ці лічыце вы сябе паспяховым чалавекам?”, “Што для вас поспех?”, “Які правілы вы парушалі, а якіх не парушыце ніколі?”, “Чаму сумленнасць і адказнасць – каштоўнасць?”, “Што вы цяпер чытаеце? Якія фільмы гледзіце?”
Дык хто ж, на думку аўтараў “The Ukrainians”, варты таго, каб прэзентаваць Украіну?
Заснавальнікі сеткі энергетычных інавацый “Greencubator” Раман і Андрэй Зінчанкі. Эксперыменты з узнаўляльнымі крыніцамі энергетыкі яны пачыналі ў сябе на лецішчы, а цяпер прапануюць усёй краіне. Генеральная дырэктарка адукацыйнага цэнтра для прадпрымальнікаў Ганна Пятрова. Знаны далёка па-за Украінай навуковец, гісторык, публіцыст Яраслаў Грыцак. Міс Украіна – 2013 Ганна Заячкоўская. Тая самая, што раздавала абеды на Майдане. Яна ж, бадай, самая маладая ўдзельніца праекта: на момант размовы ёй было 23 гады. Эксперт доўгатэрміновых стратэгій Яўген Глібавіцкі. Ездзіць па ўсім свеце: дзе кансультуе і выкладае, а дзе вучыцца сам. Размова з ім адбывалася а 1-й ночы, таму што раней ён проста не паспеў. Заснавальнік Кіева-Магілянскай бізнес-школы (KMBS), былы міністр эканамічнага развіцця і гандлю Павал Шарамета. Пажарнік, маёр службы грамадзянскай абароны Юрый Іваніў. Найбольш сталаму герою “The Ukrainians” споўнілася 87 гадоў на момант размовы, і ён зусім не збіраецца на спакойны адпачынак пенсіянера. Сябра Рымскага клуба, заснавальнік Сусветнага эканамічнага форуму ў Давасе, прафесар Багдан Гаўрылышын дапамагае наладжваць міжнародныя стасункі палітыкам пачынаючы з першага прэзідэнта незалежнай Украіны Леаніда Краўчука. Спадар Багдан стварыў уласны дабрачынны фонд, ён арганізуе стыпендыі для ўкраінскіх студэнтаў і штогод ахвяруе мільён грыўняў на развіццё скаўцкага руху.
Хапае інтэрв’ю і з тымі, хто сёння жыве далёка ад Радзімы.
У Вашынгтоне — журналістка і юрыстка Міраслава Гангадзэ, жонка вядомага журналіста Георгія Гангадзэ. У прадмове да размовы з ёй Іна Беразніцка напісала: “У амерыканскай сталіцы яна лабіруе ўкраінскае сярод чыноўнікаў, палітыкаў, студэнтаў і калег, а сярод украінцаў – заходнія каштоўнасці і прынцыпы”. У Кёльне – спявачка, кампазітарка, акторка Мар’яна Садоўская. У Каліфорніі – колішні скаўт з Кіева, бізнесмен Яраслаў Ажнюк. Ягоны стартап – прыставанне для кантролю і забаваў са свойскімі жывёламі – на амерыканскай платформе “Kiкcтартэр” сабраў 250 000 долараў.
Ці не самая ўражвальная гісторыя ў праекце – у спявачкі Брыі Блэсінг. Амерыканка па паходжанні і пашпарце (нават не дачка эмігрантаў!) жыве ва Украіне з 13 гадоў і лічыць сябе “справжньою” ўкраінкай. Яе сям’я пераехала з Тэхаса спачатку ў Луганск, затым у Львоў, дзе адкрыла пратэстанцкую царкву. Блэсінгі планавалі сваю місію на пару гадоў, але засталіся дасёння. Брыя дасканала вывучыла ўкраінскую мову, выйграла папулярны конкурс “Голас краіны”, пачала грамадскую дзейнасць, каб змагацца з гандлем людзьмі. За іх яна адчувае асаблівую адказнасць.
У якасці апініямэйкераў у беларускія свецкія СМІ рэдка трапляюць людзі ў расах. А вось у праекце “The Ukrainians” іх ужо тры. Епіскап УГКЦ, епарх епархіі Св. Уладзіміра Вялікага ў Парыжы, прэзідэнт Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Барыс Гудзяк. Вярхоўны архіепіскап Любамір Гузар. Ваенны капелан Сцяпан Сус. Апошні, каб зарабіць аўтарытэт у дэсантнікаў, прабег з імі 72-кіламетровы марш-кідок на палігоне.
Запісана інтэрв’ю з валанцёркай. Праўда, праз тое, што тая часта ездзіць у ваенную зону, з ёй цяжка арганізаваць фотасесію. Таксама плануецца размова з “кібаргам”.
Гісторыі поспеху, ініцыятывы і адказнасці вядомых украінцаў на ўкраінскай мове былі незанятай нішай у медыях, сцвярджаюць аўтары праекта.
“Пра такіх, як нашыя героі, звычайна кажуць “шырока вядомыя ў вузкіх колах”. Мы хочам зрабіць іх шырока вядомымі ў шырокіх колах, – расказвае Тарас Пракапышын. – Трэба паказваць ролевыя мадэлі людзей, што жывуць маральна, могуць дасягаць поспеху не дзякуючы чамусьці ці камусьці, а насуперак – дрэнным абставінам, постсавецкасці, карупцыі. Могуць. А чаму ты не можаш?”
Украінская мара: што далей?
“The Ukrainians” з’явіўся насуперак адсутнасці стартавага капіталу: у траіх сяброў не было аніякай фінансавай падтрымкі. Ніхто з аўтараў не атрымлівае ганарар, а фота робяць знаёмыя бясплатна. Каб запусціць сайт праекта, Іна, Тарас і Уладзімір скінуліся ўласнымі грашыма.
А вось укласці кнігу з двума дзясяткамі размоваў ім прапанавала львоўскае выдавецтва “Старого Лева”. Глянцавы зборнік “theUKRAINIANS: історіï успіху” прадаецца ў папулярнай сетцы кнігарняў “Є” і каштуе каля 6 долараў.
Цяпер аўтары праекта робяць невялікі гастрольны тур па Украіне: праводзяць прэзентацыі разам з дыскусіямі.
Адпачатку “The Ukrainians” задумваўся як англамоўны праект, аднак ангельскую версію вырашылі адкласці на пазней. Гэта палічылі другараднай справай, калі выявілася, што ўкраінцы дрэнна ведаюць пра ўкраінцаў. Да таго ж “ідэолагі” праекта зразумелі, што звычайны пераклад тэкстаў не спрацуе: у Еўропу трэба ісці з іншымі мэсіджамі пра Украіну. Як будзе выглядаць “The Ukrainians” па-ангельску, пакуль што сакрэт. А вось перакладаць інтэрв’ю на іншую мову міжнародных зносін – рускую – сябры дакладна не плануюць.
“Я лічу, што якаснага рускамоўнага медыяпрадукту ва Украіне хапае, – тлумачыць Уладзімір. — Усе ўкраінцы – і на ўсходзе, і ў Крыме, — разумеюць украінскую мову і могуць на ёй чытаць. Гэта наша правакацыя: мы даем вельмі якасны тэкст – чытайце яго на ўкраінскай”.
Дык у чым украінская мара? Які рэцэпт поспеху па-ўкраінску? Ці адрозніваецца паспяховы ўкраінец ад паспяховага беларуса ці амерыканца?
Пасля дзясяткаў інтэрв’ю Уладзімір Бяглоў упэўнена адказвае:
“Кожны наш герой паўтарае словы ўкраінскага філосафа Грыгорыя Скаварады: “Калі ты хочаш быць шчаслівым, ты маеш займацца толькі тым, да чаго ляжыць тваё сэрца”. Усе нашыя суразмоўцы ніколі не здраджвалі сабе. Гэта першае, што іх аб’ядноўвае. І другое – яны ўсе кажуць пра паняцце місіі. Якая мая місія?”
Тарас Пракапышын дадае, што героі “The Ukrainians” разбіваюць стэрэатып пра матэрыяльнасць поспеху, “залаты батон”, што доўга панаваў ва ўкраінскім грамадстве:
“Супербагатыя людзі – як экс-міністр Павал Шарамета – не кажуць, што класна мець “Lexus”, хоць гэтае аўто ў яго ёсць. Ён кажа, што трэба знайсці сваю місію і месца, трэба жыць у гармоніі, пражыць жыццё годна”.
Што да ацэнкі паспяховасці, то тут усё вымяраецца ў глабальным свеце:
“Напрыклад, амерыканскі рынак адукацыі. Няважна, з якой ты краіны, але ты маеш валодаць пэўнымі ведамі, прынцыпамі, каштоўнасцямі, каб трапіць у тамтэйшы ўніверсітэт. Тут усё ўніверсальна. Для беларусаў наш праект таксама будзе цікавым. Мы дзве краіны, якія маюць вопыт перабывання ў савецкай дзяржаве, досвед гісторыі рэпрэсій, нацыянальных траўмаў, адсутнасці кіравання сабой”, — падсумоўвае Тарас.
Цяпер аўтары “The Ukrainians” рэгіструюць грамадскае аб’яднанне, каб мець яшчэ больш магчымасцяў для прасоўвання ідэй паспяховасці і адказнасці сярод украінцаў. Яны ўпэўненыя, што героі для праекту ніколі не скончацца, таму што “у цій, тепер уже дійсно нашій, Украïні є щонайменше кілька мільйонів успішних людей, які не схильні поступатися власними принципами й цінностями, які готові відповідати за тих, хто поряд і за процеси довкола”.
Хрысціна Марчук
Фота аўтара