Беларускія песні ў выкананні аднаго з найбуйнейшых калектываў, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, можна паслухаць у філармоніі 25 чэрвеня. Якой песняй закалыхаць дзіця, што заспяваць падчас пасядзелак з сябрамі альбо як не зганьбіцца перад замежным госцем, які папросіць намармытаць штосьці роднае? — народная песня жыве ва ўсе часы і для ўсіх пакаленняў, упэўнены кіраўнік хору Міхаіл Дрынеўскі.
Выпадковыя людзі на канцэрты хору, якія ў філармоніі здараюцца ўсяго некалькі разоў на год, трапляюць рэдка, кажа Дрынеўскі. У калектыву ёсць свая аўдыторыя, якая складаецца з даўніх аматараў народных спеваў, і падчас выступаў зала ніколі не бывае пустой. Але той, хто апынаецца на канцэрце ўпершыню, абавязкова зачароўваецца чысцінёй народных галасоў. «Мы ніколі не карыстаемся мікрафонамі, — удакладняе мастацкі кіраўнік. — Нашыя выступы — гэта сінтэтычнае мастацтва песні, танцу і музыкі, якое мы бяром з народных крыніц і вяртаем у народ у сцэнічным выглядзе. У гэтай песні ёсць жывая душа, сэнс, гісторыя. Бо таленавіцейшага за народ няма нікога».
На канцэрце абавязкова прагучаць усім вядомыя «Ой, рэчанька, рэчанька», «Закаці, ясна сонейка», «Купалінка», але напалову праграма будзе складацца з песень, якіх хор на сцэне філармоніі яшчэ не выконваў.
Напярэдадні канцэрта народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі падзяліўся неардынарнымі фактамі пра свой калектыў.
Большасць артыстаў — з вёскі. «Народны голас адрозніваецца ад акадэмічнага, гэта зусім іншая прырода голасу, — кажа Міхаіл Паўлавіч. — Увогуле такія галасы маюць толькі беларусы, рускія і ўкраінцы. Нават у прыбалтаў ужо зусім іншая манера выканання».
Звычайна прыгожыя народныя галасы маюць вясковыя людзі, хаця ў хоры спяваюць і дзве мінчанкі — Ганна Сафронава і Анастасія Раманава.
Цітовіч і народны гумар. Знакаміты дырыжор, музыказнаўца і фалькларыст Генадзь Цітовіч, які быў першым кіраўніком хору, апроч іншых талентаў меў адметнае пачуццё гумару, блізкае да народнага. “Многія ягоныя байкі і выразы “салёныя” я ведаю, і яны пераказваюцца ў вузкім коле, нешта не дазваляе мне цяпер іх цытаваць, — смяецца Дрынеўскі. — Ён абышоў Беларусь шмат разоў, запісваў народную творчасць і карыстаўся ёй у размовах. Калыханкі часам спяваў з такім эратычным зместам — усё як у фальклоры”. Але галоўнае, што пастараўся пераняць Міхаіл Дрынеўскі ад свайго легендарнага папярэдніка, — глыбокае адчуванне прыроды песні: “Гэта вельмі памяняла маё ўспрыманне народных твораў. Цяпер я не ўспрымаю апрацоўкі, пасля якіх не пазнаеш, што гэта за песня, нельга здзекавацца, змяняць песню трэба вельмі далікатна, на “вы”.
Танцоры з’язджаюць. Самая праблемная — балетная група. Летась, калі хор святкаваў 60-годдзе, у калектыве было 12 хлопцаў-танцораў, праз паўгода засталася толькі палова. “Заробак маленькі, людзі з’язджаюць у Эміраты, у Кітай, арганізуюць групкі і едуць зарабляць грошы. Так што цяпер не найлепшы па колькасці артыстаў будзе наш выхад на сцэну”, — каментуе мастацкі кіраўнік.
Але нягледзячы на недахоп танцораў, калектыў, уключна з адміністрацыяй, касцюмерамі ды машыністамі сцэны, налічвае 143 чалавекі.
“Зорны час” у Паўночнай Карэі. За 61 год існавання хор аб’ездзіў паўсвету, за савецкім часам гастролі доўжыліся па тры месяцы, калі артысты змушаныя былі літаральна жыць у цягніках. З самых экзатычных краінаў Міхаіл Дрынеўскі прыгадвае паездкі ў Кітай: “Для кітайцаў нашыя народныя галасы былі незвычайныя, ды і карагоды, танцы з трукамі таксама іх вельмі цікавілі, прыходзілі нават за кулісы, прасілі пайграць на цымбалах, дудачках, жалейках”. У Паўночнай Карэі хор наведваў фестываль “Карэйская вясна”, прысвечаны дню народзінаў Кім Ір Сена, на якім нават узяў тры галоўныя прызы і займеў магчымасць выступіць у палацы Мансудэ. “Гэта была вельмі важная ўзнагарода для нас”, — згадвае Міхаіл Дрынеўскі.
Царкоўныя спевы для слыху. Апроч асноўнага напрамку хор займаецца і царкоўнымі спевамі, за што браў Гран-пры на некалькіх фестывалях духоўнай музыкі. “Гэта не абязалаўка, а маё ўвядзенне, — тлумачыць мастацкі кіраўнік. — Царкоўная музыка — асаблівая, звязаная з Богам, я лічу, што гэта патрэбна і для слыху, і для музычнага развіцця выканаўцы, і для акапэльных спеваў”. Таму часам канцэрты хору складаюцца з двух аддзяленняў — царкоўнай і традыцыйнай музыкі.
Заслужаная артыстка без адукацыі. Хоць калектыў прафесійны, але ёсць сярод залатых галасоў хору сапраўдныя самародкі. Заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч, напрыклад, скончыла 10 класаў школы ў вёсцы Буда-Люшава і была прынятая ў хор без музычнай адукацыі. “Сёння па гадах Валянціна ўжо на пенсіі, але дзякуючы сапраўднаму таленту яе голас малады і гучыць дагэтуль”, — кажа Міхаіл Дрынеўскі.
Самыя ўдзячныя слухачы. “Калі людзі з мазолістымі рукамі, якія працуюць на фермах, слухаюць беларускія песні і атрымліваюць такі светлы зарад, артыстаў гэта хвалюе да слёз”, — прызнаецца мастацкі кіраўнік.
Аляксандра Дорская