Фолк-гурт Pawa разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч запісаў беларускі кавер на песню «Я свободен» – адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава. Акцыя прымеркаваная да вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кипелов», які адбудзецца 31 сакавіка ў Палацы спорту.
У Мінск «Кипелов» прывязе лепшыя песні і новы альбом «Звезды и кресты». Гэта першы прыезд калектыва ў сталіцу Беларусі за 5 год. Лідар гурта беларускую версію «Я свободен» ужо слухаў і ацаніў яе станоўча.
– Прачытанне Pawa мне спадабалася, – кажа Валерый Кіпелаў. – Добра, калі кавер-версіі зроблены якасна. А гэта менавіта той выпадак.
Тэкст песні на беларускую пераклаў фолк-музыка Віталь Воранаў. Аранжыроўку і інструментальныя партыі запісаў гурт Pawa, які спалучае ў сваёй творчасці фолк, рок і электроніку. Для лідара калектыва кавер стаў вяртаннем у юнацтва.
– Кіпелаў быў для мяне постаццю нумар адзін, калі яшчэ падлеткам у 90-х я ўпадабаў рок-музыкай, – распавядае Юрый Панкевіч з Pawa. – Я набываў яго запісы ў складзе гурта «Ария» на касетах, я меў усю атрыбутыку таго часу: чорны заплечнік з надпісам «Я свободен», берцы і касуху з кожзаму. Усе песні і тэксты былі завучаныя на память і перажытыя. Дарэчы, гэта быў мой першы рок-канцэрт – памятаю, што адбываўся ён у цырку. Таму з задавальненнем пайду паслухаць Валерыя і зараз.
Ведучую партыю вакала ў беларускай версіі «Я свободен» выканаў Ілля Сільчукоў – адзін з лепшых оперных барытонаў Беларусі, саліст Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, запрошаны саліст вядучых оперных тэатраў Італіі, Германіі, Бельгіі, Францыі, Ізраілю, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Эстоніі і іншых краін.
– Валерый мае бязмежны голас, за якім угнацца вельмі складана нават прафесійным оперным спевакам. Я выдатна памятаю, як па яго запісах вучыліся тэнары ў нашым каледжы пры кансерваторыі. Ды і сама песня патрабуе шырокага дыхання і доўгай канцілены, таму спяваць яе вельмі няпроста, – кажа Сільчукоў. – Але адна з разынак нашай версіі – менавіта жаночы вакал Вольгі Вашкевіч, маёй калегі па Вялікаму тэатру Беларусі.
ГУРТ «КИПЕЛОВ»
«15 год гурту і новы альбом»
31 сакавіка – Мінск, Палац спорту – 20:00
Квіткі: ад 63 руб, фан-зона – 73 руб.
Продаж: Chg.by, Kvitki.by, Ticketpro.by
Інфалінія: +375 44 722 87 40