Захацелася напісаць на гэтую тэму, бо падаецца, што праз велізарнейшыя чэргі на мяжы па закупы і канвеер палітуцекачоў і палітстудэнтаў нашая суседка Польшча робіцца недасяжна далёкай для нас краінай.
Агульны стан польскай моладзі я б ахарактарызаваў з дапамогай формулы: “Паміж “Вольнай Беларуссю і “Канаплянай праўдай”*. Некалі пасля прагляду фільма “Жыве Беларусь” у варшаўскім кінатэатры адна жанчына расказала гісторыю свайго сына. Бацькі разведзеныя, сын застаўся з маці ў выпешчанай пасля чэмпіянату “Еўра-2012” Варшаве. Ёсць у Польшчы ультралевы “Рух Палікота”, які на апошніх выбарах атрымаў 10% галасоў. У асноўным гэта была моладзь, якая і на выбары пайшла менавіта таму, што нарэшце ўдзел у іх узяў свой герой, які, паміж іншым, выступаў за легалізацыю марыхуаны і іншыя “прыемныя” рэчы. Непаўналетні сын маёй знаёмай не мог удзельнічаць у выбарах, але зрабіўся актыўным удзельнікам руху за легалізацыю марыхуаны “Вольныя каноплі”, нават не з’яўляючыся спажыўцом гэтага зелля. Такі юнацкі ідэалізм і запал. Ён вырашыў на знак пратэсту супраць уціску тых спажыўцоў выгадаваць раслінку і прынесці яе ў школу. Так і зрабіў. Вялікага розгаласу не было, у турму ён не трапіў, але са школы выключылі са скандалам. Пасля гэтага выправілі сына да бацькі, які жыве ў беспрацоўнай польскай правінцыі. Перажываючы за сына, маці сказала: маўляў, а мог бы і заангажавацца ў рух на карысць дэмакратыі ў Беларусі “Вольная Беларусь”. Дапамагаў бы ладзіць у Варшаве аднайменны штогадовы канцэрт, паспрыяў бы неяк палітуцекачам і палітстудэнтам, карацей, стаў бы засяроджаным і свядомым чалавекам, якому баліць за Беларусь. Гэта калі б рэчаіснасць не была такой спакуслівай, як у Варшаве, а вось менавіта такой гнятлівай, як у польскай правінцыі часам бывае, як паказаная ў фільме чарнобыльская зона. Не ведаю, чым скончыўся выхаваўчы працэс, але не скажу, каб моладзь сёння была здольная зрабіць любы свядомы выбар і зарыентавацца ў прасторы і часе, ці то ў Польшчы, ці то ў Беларусі.
Але моладзь у Польшчы здымае фільмы. Мне пашчасціла пабываць на даволі камерным фестывалі кароткаметражнага дакументальнага кіно “Вокам маладых” у Свідніцы для маладых рэжысёраў (не старэйшых за 30).
Свідніца знакамітая сваім драўляным касцёлам/кірхай, які ўваходзіць у спіс спадчыны ЮНЕСКА.
Фестываль сёлета праводзіўся шосты раз. З 64 фільмаў на конкурс адабралі 17, у тым ліку адзін замежны (аўтара гэтага артыкула). Тэма фільма “Лагер” Томаша Язёрскага для беларускай рэчаіснасці была б, напэўна, новай. У ім расказваецца пра летні лагер, арганізаваны для падлеткаў з лішняй вагой. Аўтар выдатна перадае атмасферу псіхалагічнага дыскамфорту, які адчуваюць удзельнікі лагера. У фокус фільма трапіла тэма, актуальная для заходняга грамадства, крытычна разглядаюцца і выхаваўчыя падыходы вырашэння гэтай праблемы. Цяжка сказаць, якой матывацыі больш у бацькоў, што вырашаюць аддаць дзяцей у такі лагер. Каб такое сабе дазволіць, патрэбныя немалыя грошы, але выхаваўчыя метады ў гэтым лагеры часам нагадваюць атмасферу лагера больш суворага тыпу ўтрымання. Жаданне, каб дзеці выглядалі прыгожа, імкненне пазбавіць іх псіхалагічнага дыскамфорту і комплексаў, якія яны адчуваюць і па-за лагерам, у паўсядзённым жыцці, школьным асяроддзі?
Відавочна тое, што, пазбаўляючыся лішняй вагі, людзі развітваюцца і з часткай сябе, з такімі, якімі яны ёсць.
У фокусе фільма “Цені мінуўшчыны” Юліты Пасікоўскай — споведзь жанчыны, якая набліжаецца да 90 гадоў. За плячыма вельмі пакручасты лёс. У сучаснай Польшчы жанчына не саромеецца сказаць, што яна камуністка. Расказвае пра нямецкі канцэнтрацыйны лагер, вязнем якога была, дзеліцца драматычнымі перажываннямі з дзяцінства, калі да яе, маладой дзяўчынкі, непрыстойна заляцаўся ксёндз. Крытычна ўспрымае жанчына і антыкамуністычную прапаганду ў сучаснай Польшчы. Тэмы вельмі нязручныя для сучаснай Польшчы, але трэба аддаць належнае моладзеваму журы фестывалю, якое аддало менавіта гэтаму фільму спецыяльную ўзнагароду.
Прагучала і тэма цяжкіх падлеткаў у фільме “Васямнаццаць” Марты Прус. Гэтая тэма даволі актуальная і для Беларусі. Дзяўчынка, калі ёй толькі спаўняецца 18, сыходзіць з інтэрната і пачынае вольнае жыццё. Выпрошвае ў маці грошы, каб адразу ж спусціць іх на дыскатэку. Сумнеўныя сувязі, стасункі, нездаровае асяроддзе. Цікава, што спецыяльны прыз фестывалю прызначалі вязні мясцовай калоніі, якія глядзелі ўсе фільмы. Дык у ацэнцы асяроддзя, у якое трапіла дзяўчына пасля інтэрната, у іх было адназначнае меркаванне: “Да дабра гэта не прывядзе”. “Значыць, польская турма сапраўды перавыхоўвае людзей”, — зрабілі выснову гледачы ў зале.
Задачай многіх аўтараў было знайсці ўнікальнага героя. Былі і далакопы, і своеасаблівая творчая моладзь. Найбольш прыцягнуў увагу гледачоў Эдвард, герой аднайменнага фільма Эміліі Снягоўскай, які ў гарадскім парку пабудаваў сабе хаціну і жыве там. Пра яго ведаюць гарадскія ўлады, але не чапаюць. Атрымаўся станоўчы, самабытны персанаж, які ў гэтым знайшоў сэнс свайго жыцця. Чалавек цяжка працуе, каб уладкаваць свой куток у такім нязручным месцы. Так яму хочацца.
Як адзначылі арганізатары фестывалю, важна звяртаць увагу на моладзевае кіно, якое будзе вызначаць абрысы польскага кіно ў будучыні. Дзеля гэтага і быў арганізаваны кінафестываль.
У сувязі з гэтым хацелася б, каб у Польшчу не толькі ездзілі на закупы, але і глядзелі польскае кіно, як гэта было раней, за савецкім часам.
Ягор Сурскі
*“Вольная Беларусь/Wolna Białoruś” — грамадская ініцыятыва ў Польшчы, створаная на карысць дэмакратызацыі Беларусі.
“Конопляна правда” — украінская газета, створаная для легалізацыі марыхуаны.
“Вольныя каноплі/Wolne konopie” — грамадская ініцыятыва ў Польшчы, якая выступае за легалізацыю марыхуаны.
У артыкуле з дазволу аўтара фільму “Цені мінуўшчыны” выкарыстаны адпаведныя матэрыялы.