16.03.2017 | Гісторыя

Як чытаць сымболіку хрысьціянскіх надмагільляў?

Бабруйск, фрагмэнт надмагільля 1890 году

Наведваючы менскую Кальварыю, ці варшаўскія Павонзкі, ці віленскі нэкропаль Росы, ці парыскі Пер-Ляшэз, мы сустракаем паўсюль вельмі падобную сымболіку, якая збольшага нам зразумелая — крыжы, вянкі, пахавальныя урны, анёлы. Можна сказаць, што здаўна ў Эўропе існавала агульная сымбалічная мова месцаў памяці, зразумелая ва ўсіх яе дэталях. А ці багаты яе лексыкон у Беларусі? І як чытаць сымболіку хрысьціянскіх надмагільляў? Гутарка з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, наколькі разнастайная сымболіка беларускіх хрысьціянскіх могілак?

Сяргей Грунтоў: Яна дастаткова багатая, каб пры мінімальных ведах шпацыр па любым вялікім старым нэкропалі стаў захапляльнай справай. Калі ацэньваць у лічбах, то на беларускіх хрысьціянскіх могілках сустракаецца ня меней за 60–70 розных сымбаляў, і, думаю, пры далейшых дасьледаваньнях гэтая лічба можа вырасьці. Гэта нямала, але меней, чым, напрыклад, у Францыі ці Англіі, што павязана са значна большай кансэрватыўнасьцю інтэлектуальнага жыцьця ў нас. Дамінуюць сымбалі, якія павязаныя з хрысьціянскай культурай.

Сяргей Грунтоў

Сяргей Грунтоў

Ракіцкі: Адпаведна, можна меркаваць, што прадказальна найбольш пашыраны сымбаль — крыж?

Грунтоў: Безумоўна. Але крыжы бываюць розныя, як скажа любы даведнік па сымболіцы. У нас на могілках найбольш пашыраны ўнівэрсальны лацінскі крыж. Ён базавы для каталікоў, але нярэдка яго можна сустрэць і над праваслаўнымі пахаваньнямі. Калі побач не было каталіцкіх пахаваньняў, аслаблялася неабходнасьць маркіраваць канфэсійную прыналежнасьць, і лацінскі крыж выступаў проста як унівэрсальны хрысьціянскі сымбаль.

Ракіцкі: А як зразумець, што нейкі сымбаль належыць менавіта хрысьціянскаму кантэксту? Тое ж сэрца, напрыклад — гэта хрысьціянскі сымбаль ці проста ўнівэрсальны сымбаль каханьня?

Грунтоў: Трэба зьвяртаць увагу на кантэкст ужываньня любога знаку, у тым ліку сымбалю на могілках. Сэрца на надмагільлях сустракаецца ў абсалютнай большасьці выпадкаў у двух варыянтах. Першы — сэрца з полымем над ім. Гэта сымбаль сэрца Езуса, добра вядомы з іконаў і гравюраў. Другі — выява сэрца разам з крыжам і якарам. Гэта хрысьціянскія сымбалі любові, веры і надзеі. Адпаведна, прыходзім да высновы, што сэрца ў большасьці выпадкаў належыць да хрысьціянскага кантэксту. Але ёсьць і выключэньні. У Кашубінцах пад Скідалем на каталіцкіх могілках ёсьць цікавы чыгунны помнік у форме больш як мэтровай цыліндрычнай «клеткі», як для птушак, накрытай дахам. Унутры яе замацаваная выява сэрца са стужкаю над ім. Хрысьціянскі кантэкст тут невідавочны. Верагодна, сэрца выступае ў якасьці сымбалю каханьня, а вось чаму яно ў стылізаванай клетцы, застаецца загадкай.

Кашубінцы, сэрца ў клетцы

Кашубінцы, сэрца ў клетцы

Ракіцкі: Ці ўлічвала ўжываная на помніку хрысьціянская сымболіка індывідуальныя асаблівасьці нябожчыка, яго прафэсію, біяграфію? Або для ўсіх яна была прыкладна аднолькавая?

Грунтоў: Часьцей за ўсё на могілках мы сустракаемся са стандартнымі варыянтамі помнікаў, сымболіка якіх нічога ня кажа пра асобу памерлага. Асабліва гэта заўважна ў «тыражных» літых помніках. Выключэньне — пахаваньні ксяндзоў. На іх надмагільлях прынята было даваць выяву літургічных прадметаў і стулы — часткі літургічнага адзеньня. Для пахаваньняў праваслаўных сьвятароў аналягічная сымболіка не характэрная.

Дарава, фрагмэнт надмагільля Аляксандры Лопат

Дарава, фрагмэнт надмагільля Аляксандры Лопат

Значна радзей на іншых пахаваньнях мы прасочваем сувязь паміж выбарам сымболікі і біяграфіяй нябожчыка. Такім прыкладам можа быць помнік Аляксандры Лопат у Дараве Ляхавіцкага раёну. На мэталёвай тумбе з аднаго боку мы бачым літую выяву дрэва, якое вырастае з труны, а зь іншага — трох дзяцей на каленях. Апошняе — нярэдкі сымбаль малітвы: цнатлівае дзіця ўзносіць малітву за памерлага. Але з эпітафіі мы даведваемся, што гэта трое яе сыноў, якіх яна пакінула сіротамі.

Ракіцкі: Што ж азначае дрэва, якое вырастае з труны?

Грунтоў: Сымбаль уваскрэсеньня да новага жыцьця ў час Страшнага Суду. Гэтая сымболіка асабліва характэрная для літых надмагільляў з наваградзкага рэгіёну.

Новы Сьвержань. Дрэва вырастае з труны. Фрагмэнт надмагільля

Новы Сьвержань. Дрэва вырастае з труны. Фрагмэнт надмагільля

Ракіцкі: А ці часта на могілках ХІХ стагодзьдзя сустракаецца сымболіка, зьвязаная са сьмерцю, як гэта было папулярна ў Эўропе ў Сярэднявеччы ці ў часы барока? Бо здаецца, што на сёньняшніх могілках яна цалкам зьнікла. Нікому ня прыйдзе ў галаву замаўляць на помнік выяву чэрапа ці труны.

Грунтоў: Сымбаляў, павязаных з жалобай і сьмерцю, даволі шмат. Самы папулярны зь іх — чэрап і скрыжаваныя бярцовыя косткі пад ім, яго таксама называюць «галава Адама». Ён быў асабліва папулярны ў першай палове ХІХ стагодзьдзя, верагодна, працягваючы барочную эстэтыку, а пасьля стаў сустракацца значна радзей, у асноўным на саматужных надмагільлях зь вясковых могілак. Гэтаксама як на іконах і расьпяцьцях, «галава Адама» разьмяшчаецца ў ніжняй частцы помніка. А крыж заўсёды зьверху, што ясна адсылае да хрысьціянскай ідэі перамогі Хрыста над сьмерцю. Акрамя згаданай ужо труны, часта сустракаюцца пясочныя гадзіньнікі і перавернутыя паходні — як сымбалі прамінаньня жыцьця. Бываюць і даволі арыгінальныя сымбалі, як, напрыклад, пашыраная на літых надмагільлях выява анёла, які ў смутку абапіраецца на рыдлёўку.

Браслаў, фрагмэнт надмагільля Канстанціна Васілеўскага, 1907 год

Браслаў, фрагмэнт надмагільля Канстанціна Васілеўскага, 1907 год

Ракіцкі: У Беларусі вельмі шчыльна зьвязаныя хрысьціянскія і паганскія сьвяты, абрады. Як побач з хрысьціянскай прадстаўленая паганская сымболіка на надмагільлях? Ці знаходзім мы яе ўвогуле на беларускіх могілках?

Грунтоў: Гледзячы якое паганства мы маем на ўвазе. Калі беларускае, гэтак званыя дахрысьціянскія вераваньні, то на сымбалічным узроўні яго ў ХІХ стагодзьдзі няма. (Хоць ёсьць вялікая колькасьць прыхільнікаў паганскай архаікі, якая са мною можа не пагадзіцца.) Ёсьць уласьцівыя для народнай культуры формы надмагільляў, такія, як драўляныя калоды ці дамкі над магіламі, значэньне якіх не прачытваецца праз сыстэму хрысьціянскіх кодаў. Але гэта самі помнікі, а не сымболіка. Іншая справа — грэка-рымскае паганства. Тут першаснае — запазычаньні на ўзроўні формы, але нярэдка асобныя часткі помніка маюць і сымбалічнае значэньне. Да прыкладу, калёна — проста архітэктурная форма, але зламаная калёна сымбалізуе завершанасьць жыцьця. Даволі часта сустракаецца сымболіка ўслаўленьня нябожчыка, вельмі ўласьцівая Рыму зь яго любоўю да героікі. У першую чаргу гэта вянкі з ляўровых, дубовых ці аліўкавых галінак у розных камбінацыях. Тут жа урны і вазы, якія ставіліся на тумбах і калёнах.

Ракіцкі: А ці сустракаецца ў Беларусі сымболіка, якая не адпавядае хрысьціянскім філязофскім канцэптам і ідэям — штосьці з таго, чым знакамітыя Грэцыя і Рым?

Грунтоў: Ёсьць рэдкія прыклады. Такія, як «ураборас» — зьмей, які скручваецца ў кола і кусае ўласны хвост. Гэта старажытны сымбаль перараджэньня і цыклічнасьці часу, паўтарэньня і вяртаньня ўсіх праяваў быцьця. У гэтым сэнсе ён выразна адрозны ад хрысьціянскага сьветаўспрыняцьця, заснаванага на лінейнай канцэпцыі часу і руху ўсяго ў бок фінальнага пункту — Страшнага Суду. «Ураборасаў» на беларускіх могілках усяго некалькі. Найлепшы ў Гародніках на Ашмяншчыне на мармуровым надмагільлі Андрэя Сьнядэцкага, знакамітага ў свой час навукоўца-хіміка і публіцыста. Зьмей замыкае кола, у цэнтры якога разьмешчаная выява хімічнай лябараторыі — сымбаль прафэсійных заняткаў нябожчыка. У іншых выпадках зьмяя на надмагільлях сустракаецца ўжо ў хрысьціянскім кантэксьце — заўсёды пад нагою Дзевы Марыі, як сымбаль зла, якое яна перамагае.

Гароднікі, фрагмэнт надмагільля Андрэя Сьнядэцкага, 1839 год

Гароднікі, фрагмэнт надмагільля Андрэя Сьнядэцкага, 1839 год

Ракіцкі: Акрамя навукоўца-хіміка і ксяндза, сымбалі якіх яшчэ прафэсіяў можна пабачыць на беларускіх могілках?

Грунтоў: Часьцей за ўсё сустракаюцца вайскоўцы і лекары. Першых прадстаўляе зброя, другіх — зьмей з чашай, добра вядомы нам па выкарыстаньні ў аптэках. Часам прафэсію сымбалізуе сам матэрыял, зь якога зроблены помнік ці яго агароджа. Так, у Берасьці на каталіцкіх могілках ёсьць надмагільле з агароджай міжваеннага пэрыяду, зробленае з танкавых гусеніцаў. Часам сустракаюцца крыжы над пахаваньнямі чыгуначнікаў, зробленыя з рэек. Адзін такі помнік можна ўбачыць на могілках у Слуцку. Паводле прамысловай маркіроўкі на рэйцы, яна была зробленая ў 1876 годзе.

Унікальны для Беларусі помнік ёсьць на старых каталіцкіх могілках у Горадні. Гэта надмагільле Баляслава Шышкевіча, гарадзенскага скульптара, які памёр у 1893 годзе. Яго майстэрня была вядомая шматлікімі скульптурнымі надмагільлямі, якія можна сустрэць у Беларусі, Літве і Польшчы. Там жа было зроблена надмагільле і для яе заснавальніка, цалкам магчыма, што паводле ўласнага эскізу. На пастамэнце стаіць жанчына ў доўгім строі, у руках яна трымае дрэўка ад крыжа ці ручку ад інструмэнта. Верх скульптуры не захаваўся. Ніжэй — барэльефны партрэт Шышкевіча ў мэдальёне і выява інструмэнтаў скульптара; паабапал — перавернутыя паходні.

Гародня, надмагільле Баляслава Шышкевіча

Гародня, надмагільле Баляслава Шышкевіча

Ракіцкі: Такім чынам, мы можам сказаць, што наяўнасьць інструмэнтаў на помніку азначае пахаваньне тут нейкага майстра. Ці можна зразумець, якога майстра, калі ўважліва паглядзіш на іх?

Грунтоў: І зноў-такі, усё залежыць ад кантэксту. Часта разам на надмагільлі сустракаюцца малаток, шчыпцы і цьвікі — напрыклад, у цэнтры літых ажурных крыжоў. Але гэта нішто іншае, як сымбаль пакутаў Хрыста.

Ракіцкі: Вы казалі пра дрэва, якое вырастае з труны як сымбаль уваскрэсеньня, перараджэньня, пра «ўраборас». А якія яшчэ можна сустрэць сымбалі неўміручасьці душы? І ці ўвогуле мае сама душа нейкі свой, уласны сымбаль?

Грунтоў: Магчыма, самы цікавы сымбаль душы і яе неўміручасьці, які можна сустрэць у Беларусі, — гэта выява матыля. Гэты сымбаль быў вядомы ў антычнасьці, а пасьля адаптаваны хрысьціянствам. У межах мэтафары матыля цела ўспрымалася як вусень, які «паміраў», ператвараючыся ў кукалку, якая сымбалічна адпавядала целу ў труне. Пасьля з кукалкі нараджаўся матыль — так душа вызвалялася з палону цела. Цікава, што і ў беларускай народнай культуры зафіксаваныя ўяўленьні пра тое, што душа можа выступаць у вобразе насякомага. Праўда, часьцей гэта муха ці мошка. Паводле фальклёрных запісаў, можна ўбачыць, як яна вылятае з роту чалавека, калі ён засынае, і вяртаецца туды, калі ён прачынаецца.

Ракіцкі: І дзе на беларускіх могілках можна ўбачыць тых матылёў?

Грунтоў: У якасьці сымбалю яны даволі рэдкія. У дэкоры каменнага надмагільля адзін матыль выяўлены на тых жа каталіцкіх могілках у Горадні, на надмагільлі Францішка Баркоўскага, які памёр у 1871 годзе. Іншы варыянт прадстаўлены матылём у цэнтры літага ажурнага крыжа. Два такія аднолькавыя крыжы выяўленыя ў Селіванаўцах пад Гародняй і ў Жырмунах Воранаўскага раёну. Гэтыя крыжы пастаўленыя пасьля 1895 і 1908 гадоў.

Гародня, фрагмэнт надмагільля Францішка Баркоўскага, 1871 год

Гародня, фрагмэнт надмагільля Францішка Баркоўскага, 1871 год

Ракіцкі: Жывёльная сымболіка мае свае багатыя традыцыі. У Эўропе ў старых храмах нярэдка можна сустрэць на саркафагу скульптуру рыцара, а ў нагах ляжыць сабака ці леў, які сьцеражэ свайго гаспадара, сымбалізуючы тым адданасьць і вернасьць. А ці ёсьць нешта падобнае ў Беларусі?

Грунтоў: Ёсьць, ці, дакладней, было. Гэта надмагільле, пастаўленае над родавым склепам Тукальскіх-Нелюбовічаў у Пінску. На пастамэнце стаіць высокая стэла ў форме неапрацаванага кавалка скалы, парослай расьлінамі і кветкамі. Ля яе стаіць дзяўчына ў форме гімназісткі, з партфэлем у руцэ. А побач, ля ног, сядзіць невялікі сабачка. Тут жа надпіс «Сьпі, Ліля, сьпі, мая адзіная!». Гэты помнік быў выкананы вядомым варшаўскім майстрам Барталямэем Мазуркам у 1914 годзе. Можна думаць, што ў Першую сусьветную вайну, якая неўзабаве прыйшла на Палесьсе, ён вельмі ўражваў нямецкіх вайскоўцаў, бо з выявай гэтага помніка выдалі ня менш як тры розныя паштоўкі. На адной зь іх быў подпіс: «Надзвычай прыгожае надмагільле на польскіх могілках». Дзякуючы гэтым паштоўкам мы ведаем першапачатковы выгляд помніка, бо на сёньняшні дзень страчаныя галава і ногі дзяўчыны, таксама як і сабака, які сядзеў побач. Родавы склеп разрабаваны.

Пінск, надмагільле Лілі Тукальскай-Нелюбовіч, 1914, сучасны стан

Пінск, надмагільле Лілі Тукальскай-Нелюбовіч, 1914, сучасны стан

Ракіцкі: Так, ад лютасьці ХХ стагодзьдзя не ўберагліся нават нябожчыкі. У гэтых словах эпітафіі — «Сьпі, Ліля» — пазнаецца вядомая ідэя сну як сьмерці, таго, што аднойчы памерлыя прачнуцца. Здаецца, яна прасякае ўсю хрысьціянскую культуру. А ці знайшла яна свае сымбалічныя формы на могілках?

Грунтоў: Калі паглядзець уважліва, то тэма сну прадстаўленая і ў эпітафіях, і ў сымболіцы. У мэмарыяльнай скульптуры папулярнай была выява немаўляці, якое сьпіць над дзіцячымі пахаваньнямі. Часам яму дадаваліся крылы, і яно выступала ў вобразе анёлка. Прыклады такіх надмагільляў можна ўбачыць у Кобрыне ці Бабруйску. Акрамя таго, папулярным сымбалем сну быў мак. Глыбокі сон, выкліканы апіятамі, быў знаёмы ад старажытнасьці, а ў беларускай народнай культуры дзецям, якія дрэнна засыналі, давалі смактаць анучку з завязаным у яе макам. Выявы маку сустракаюцца на надмагільлях як у выглядзе вянкоў, так і проста кветак на сьцяблінах. Іх можна пабачыць на могілках у Новай Мышы ля Баранавічаў, на парафіяльных могілках у Ківацічах каля Кобрыні і яшчэ шмат дзе.

Ракіцкі: Сапраўды, надмагільных сымбаляў на беларускіх хрысьціянскіх могілках даволі шмат. Зь іх можна скласьці цэлы лексыкон — і, калі добра вывучыць яго, навучыцца той мове сымбаляў, на якой да нас зьвяртаюцца памерлыя продкі.

Глыбокае, фрагмэнт надмагільля, каля 1880 году

Глыбокае, фрагмэнт надмагільля, каля 1880 году

Вячаслаў Ракіцкі, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика