Тры хлопцы і тры дзяўчыны, што выглядаюць, як Эркюль Пуаро пад ЛСД, ствараюць хаос вакол сябе і гледачоў, якія нават не падазраюць пра тое, што зараз пачнецца. Тэатр узаемадзеяння «Мусташ» выбягае на вуліцы, даказваючы, што свабода – гэта тое, што ў цябе ўнутры.
«Ніколі не ведаеш, што здарыцца на запоўненай людзьмі вуліцы»
«Хлопцы, а няўжо сёння дзень ВДВ?» – пытае нецвярозы дзядуля ў скверыку, гледзячы на тое, як тры дзяўчыны і адзін хлопец наклейваюць вусы і апранаюць цяльняшкі. Праз пару хвілін яны будуць выступаць на Карла Маркса. Сёння – нядзеля, частка вуліцы зрабілася пешаходнай. Чаму б гэтым не скарыстацца?
Група маладых тэатральных актывістаў з Менску вырашыла, што гэтаму гораду не стае шызанутасці – і стварыла тэатр узаемадзеяння «Мусташ». Такія тэатры часам называюць яшчэ вулічнымі або інтэрактыўнымі. «Мусташ» ладзіць свае шоу проста на вуліцах, выступае на фэстах ды іншых культурна-масавых зборышчах, нядаўна адзначыліся на FSP.
Цяпер у іх руках – фотаапараты, а пад носам – камічнага выгляду вусы. Яны гучныя, прыкметныя і выглядаюць, як недарэчныя прышэльцы з іншага сусвету. Іх выступы вельмі адрозніваюцца ад звычайных тэатральных стандартаў. Няма сцэны, ёсць толькі вуліца. Таксама няма бар’еру паміж акторамі і гледачамі – апошнія пачынаюць удзельнічаюць у дзействе. Часам – не са сваёй волі.
Сюжэт адсутнічае таксама – ёсць толькі задума і план паводзінаў, памножаныя на імправізацыю, настрой публікі і фактар выпадковасці (бо «ніколі не ведаеш, што здарыцца на запоўненай людзьмі вуліцы»).
«Нас натхніла магчымасць быць такімі ж свабоднымі»
З боку гледача «Мусташ» выглядае так, нібы ў яго няма ніякіх правілаў: акторы могуць проста выбегчы на дарогу і пачаць спыняць машыны, залезці на агароджу і ўпасці на зямлю, бегаць у натоўпе людзей і лазіць у іх пад нагамі. Асноўны прыярытэт тут – узаемадзеянне з публікай, а мэта – дапамагчы мінакам пераадолець рамкі сапраўднасці, разняволіць і пашырыць межы дазволенага.
Ідэя стварыць першы ў Беларусі інтэрактыўны тэатр з’явілася летась, калі на фэст эксперыментальных тэатраў «Тот самый фестиваль» прыехала славенская трупа Kud Ljud, якая выступае на вуліцах у вобразе ружовых напаўголых іншапланецян. Яны стваралі вакол сябе поўную вакханалію: скакалі з дахаў аўтобусаў, залазілі на слупы і дрэвы, абмазвалі людзей ружовай фарбай. «Гэта быў проста выбух мозгу, мы ніколі такога не бачылі, і нас натхніла магчымасць быць такімі ж свабоднымі», – успамінае актор тэатра «Мусташ» Уладзімір Галак.
Хлопцам удалося пасябраваць са славенцамі, якія нават выступілі ў якасці добрых настаўнікаў: прысылалі нашым відэаўрокі свайго шаленства, якія запісвалі адмыслова для «Мусташ».
Аднак да ўласнага вобраза – вусы + цяльняшкі – беларусы прыйшлі трохі пазней: «Вусы – гэта пацешна, цікава, дый выглядае класна, такія закручаныя вусы, як у Эркюля Пуаро. А з цяльняшкамі выпадкова атрымалася – мы ў іх на рэпетыцыі хадзілі, гэта было як спартыўнае адзенне, а потым зразумелі, што на вуліцы яны таксама ярка выглядаюць, мы выдзяляемся».
Сам выступ «Мусташа» на Маркса палягае ў тым, што акцёры тэатра бегаюць з фотаапаратамі і шчоўкаюць людзей навокал і саміх сябе – камера патрэбная, каб прыцягнуць увагу і ўцягнуць людзей у дзею. Шоу атрымала назву «Фотафрэнія». «Мінакі на гэта добра рэагуюць: усе ж эгаістычныя, любяць фатаграфавацца, – кажа актрыса Кацярына Карпіцкая. – Вядома, насамрэч мы іх не здымаем, камеры ў нас для выгляду, але сам працэс атрымліваецца вясёлым».
«Мы на зямлі валяемся, гэта негігіенічна»
Вядома, заўсёды ёсць тыя, каму зусім не падабаецца, што адбываецца вакол. «Вы што, дурныя зусім?» або «Зніміце, блядзь, вусы!» тэатралам даводзілася чуць не аднойчы. Але большасць, паводле актораў, настроеная пазітыўна і не саромеецца па-рознаму кантактаваць з акторамі: таньчыць, фатаграфаваць, біць у бубны або проста абдымацца ды бегаць.
Гэтым летам «Мусташ» паўдзельнічаў у фэсце Ana Desetnica у Славеніі, дзе выступаў на вуліцах Любляны. «Асаблівай розніцы паміж гледачом тут і там мы не заўважылі, – кажа Алена Іванюшэнка. –Былі там і гледачы, якія прыйшлі адмыслова на нас паглядзець. Вядома, у Славеніі таксама нехта крычаў «Fuckin’ Moustache!!!», але гэта бывае. Вось на першым выступе ў Менску на нас сурова наехаў нейкі мужык, маўляў, чаго мы да яго жанчыны прысталі? Ды што тут казаць, нават мае бацькі лічаць, што гэта не сур’ёзна: мы на зямлі валяемся, гэта негігіенічна».
Скончыўшы выступ, «Мусташ» уцякае ў бліжэйшы дворык, каб прывесці сябе ў звычайны выгляд. «Сёння ў нас быў даволі эксперыментальны выступ, не змаглі ўдзельнічаць два акторы, звычайна нас шасцёра, – уздыхае Кацярына Карпіцкая. – Наогул, у нас пастаянна нейкія форс-мажоры, таму кожны выступ атрымліваецца эксперыментальным. З іншага боку, так нават цікавей».
Пераапрануўшыся, «Мусташ» сыходзіць праз тую ж вуліцу, дзе літаральна пяць хвілін таму быў іх выступ, але ніхто іх ужо не заўважае. «Заўсёды так, – усміхаецца Кацярына. – Гэта як у Супермэна. Адзеў акуляры – ніхто не пазнае, зняў – ты адразу Супермэн. Толькі ў нас наадварот і з вусамі».