На сакавіцкім “Жывым Тузіне” франтмэн Martin S. Уладзімір Боська прымусіў усіх танчыць, а вакаліст IQ48 Аляксандр Ракавец так скакаў падчас свайго сэту, што ледзьве не праламаў сцэну.
“Нешта я заблытаўся ў прома-сінглах, сінглах і альбомах гэтага маладога гурта”, — заўважыў вядоўца вечарыны Алег Хаменка, прадстаўляючы Martin S. Для іх канцэрт у межах “Жывога Тузіна” быў асаблівым. Музыкі адзначалі гадавіну сваёй дзейнасці, прадстаўлялі дэбютны альбом, складзены з сінглаў розных колераў , а таксама новы рэліз, складзены з рэміксаў на песні з першага альбому. Вакаліст Уладзімір Боська праявіў сябе сапраўдным шоўмэнам, з першай жа песні заклікаў усіх танчыць і паабяцаў дабрацца да кожнага слухача, які сядзіць, і падняць яго. Частка публікі яго паслухалася. Было бачна, што песні з дэбютнага альбому людзі ўжо ведалі, шмат з іх сапраўды трапілі ў шчыльную ратацыю на мінскія FM-станцыі, што для беларускамоўнай каманды вялікае дзіва. Асабліва бурна рэагавалі на песню “Талісман”. З сюрпрызаў — нечаканае выкананне “Купалінкі” ў дзіўнай электра-рок версіі. Адзін з трэкаў каманды прагучаў якраз у рэміксаваным выглядзе, і Боська прызнаўся, што музыкі з дапамогай запрошаных электроншчыкаў урэшце разабраліся, што ёсць глітч.
Перад выступам IQ48 Алег Хаменка, як той Дзед Мароз, раздаваў падарункі — магніты, фільмы, дыскі ды іншыя прыемнасці ад кампаніі “Будзьма беларусамі” і ад саміх музыкаў. Суперпрыз дастаўся таму, хто слушна адказаў на пытанне, якой футбольнай камандзе IQ48 напісалі ў свой час гімн. Саша Ракавец з калегамі літаральна ўварваўся на сцэну, паабяцаў “парачку шлягераў” і нястомна праскакаў па сцэне з паўтары гадзіны. IQ48 у гэты вечар вырашылі істотна разбавіць сваю апошнюю праграму “HMR” старымі хітамі і новымі кампазіцыямі. Было некалькі прэм’ераў, сярод якіх трэк “Бандэрлогі”, напісаны пад уплывам сацыяльных сетак. Канцэрт зваўся “Вясна-красна”, паводле адной з песень гурта, на вуліцы быў люты мароз, але Ракавец заклікаў не сумаваць з гэтай нагоды. “Вясну проста не пусцілі на свіданку”, — патлумачыў ён ды падчас выканання гэтай самай песні ледзь не праламаў сцэну. Што цікава, і вакаліст Martin S., і IQ48 намагаліся разварушыць публіку і неаднойчы спускаліся са сцэны да гледачоў. Ракаўца дык наогул на пэўны момант узялі ў карагод і адпусцілі назад без вялікага жадання. Сыграўшы два дзесяткі песень, “здаровыя ласі” ахвотна выйшлі двойчы на біс, сыграўшы “Чыво ты” і “Калідор” — свой кавер на класічную рэч Rage Against The Mashine. Нягледзячы на заявы музыкаў, што гэты канцэрт для іх будзе апошнім у сезоне, яны вырашылі дадаць неўзабаве яшчэ адзін — 28 сакавіка ў клубе TNT.
Фота: Аляксандр Ждановіч
Відэа: Яўген Шапчыц, Tuzin.fm