Сёлета святкуецца 140-годдзе ад нараджэння славутага мастака з Вілейшчыны, чые работы сустракаюць наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
З гэтай нагоды сёлета выдалі кнігу “Леў Альпяровіч”, аўтар тэксту і складальнік Валянціна Вайцяхоўская, вядучы навуковы супрацоўнік музея.
Кніга − частка серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”, якая будзе складацца з 30 кніг, прысвечаных жыццю і творчасці мастакоў з Беларусі 19-20 стагоддзяў.
Жанчына ля мора. 1905 г.
Дамок у вёсцы. Канец 1900-х гг.
Быў удзячны настаўніку ўсё жыццё
Лейба (Леў) Абрамавіч Альпяровіч нарадзіўся 4 (16) снежня 1874 года ў мястэчку Куранец Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Куранец Вілейскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і Абрама-Рубіна Шаломавіча і Хаі Уравай. Каля 1882 года сям’я пераехала ў Мінск. У 1890 годзе 16-гадовы юнак паступіў ў Віленскую малявальную школу акадэміка Івана Трутнева, дзе вучыўся два гады і атрымаў пахвальны ліст і сярэбраны медаль.
Ад 1892 да 1896 года Альпяровіч – у Адэсе, у малявальнай школе і агульнаадукацыйным вучылішчы Адэскага таварыства вытанчаных мастацтваў. Тут ён вучыўся ў Мікалая Кузняцова. Менавіта гэты майстар аказаў на яго найбольшы ўплыў, за што мастак быў удзячны яму ўсё жыццё. Яго поспехі былі адзначаныя малым і вялікім бронзавымі медалямі за “жывапіс з мёртвай натуры” (нацюрморт) і малым сярэбраным медалём за малюнак з натуры.
Рэпін зацікавіўся няшчасным маладым мастаком
Мэтанакіраванасць, поспехі ў вучобе заахвоцілі таленавітага юнака адправіцца ў Санкт-Пецярбург, дзе пасля паўгадавога выпрабавання, ад 1 студзеня 1897 года, ён стаў вучнем Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Імператарскай акадэміі мастацтваў. Але тут параўнальна плаўны ход жыцця Альпяровіча даў збой. Збег аб’ектыўных (хвароба і безграшоўе) і суб’ектыўных (няздача іспыту, паштовая блытаніна) абставін прывёў да таго, што ў 1899 годзе ён быў выключаны з ліку навучэнцаў.
Альпяровіч звярнуўся па дапамогу да Ільі Рэпіна. Самага знакамітага рускага мастака зацікавілі працы няшчаснага юнака, якому пагражала воінская служба. У кастрычніку 1899 года Альпяровіч стаў вольным слухачом майстэрні Рэпіна.
Праз тры гады ён атрымаў званне мастака, чын Х класа пры паступленні на дзяржаўную службу, права на нашэнне сярэбранага акадэмічнага знака і на выкладанне малявання ў навучальных установах. Ад лістапада 1902 года Альпяровіч стаў “самым сапраўдным” мастаком, прайшоўшы ўсе стадыі расійскай мастацкай адукацыі. У гады вучобы пабываў у выдатных і рознахарактарных гарадах імперыі: Вільні, Адэсе, Санкт-Пецярбургу, Маскве і блізка пазнаёміўся з выдатнымі мастакамі і асобамі.
Напрыканцы 19 стагоддзя ў Мінск прыязджаюць жыць многія вядомыя прафесійныя мастакі, адкрываюць свае майстэрні, ладзяць выставы, хаця ў той час горад культурнай сталіцай зусім не быў. У 1902 годзе ў Мінску пасяляецца і Альпяровіч, дзе пражыў 11 гадоў, за выключэннем нядоўгіх вандраванняў.
Удзельнік мінскіх і віленскіх выстаў
Ён актыўна ўключаецца ў мастацкае жыццё сталіцы і ўжо лютым 1906 года прэзентуе 37 нумароў каталога сваіх работ: партрэты, пейзажы, эцюды. Наступны вядомы нам яго ўдзел у выставе – красавік 1910 года, у мастацка-прамысловым музеі пры Мінскім камерцыйным вучылішчы.
Ад канца 1906 года і, відаць, да 1909 года Альпяровіч знаходзіўся за мяжой. Па дакументах і працах вядома, што ён быў у Берліне. Пра тое, як магла быць ажыццёўлена гэта паездка небагатым мастаком, можна толькі здагадвацца. Магчыма, спрыялі заможныя сваякі, мабыць, жонка мастака.
Паездка ў Еўропу аказала моцны ўплыў на фарміраванне сталага стылю мастака. Але пры вяртанні ў Мінск становішча не стала больш трывалым і забяспечаным.
У 1911-1913 гадах ён удзельнічаў яшчэ у трох мінскіх і віленскіх выставах, акрамя таго, працаваў табельшчыкам. У апошні год жыцця выкладаў у прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.
Партрэт жанчыны ў белым. Канец 1900 – пачатак 1910-х гг.
Некралог з газеты- капейкі
У канцы 1913 года ў “Минскай газете-копейке” змешчаны некралог ад Савета Мінскага Вегетарыянскага Таварыства, які апавясціў “О кончине своего члена-соревнователя свободного художника Льва Абрамовича Альперовича, последовавшей 23 декабря после непродолжительной и тяжелой болезни”.
У 1925 годзе на Першай Усебеларускай выставе экспанаваліся і дваццаць твораў Льва Альпяровіча, у тым ліку тры аўтапартрэты. Пасля чаго пра мастака забыліся, што нядзіўна ў сітуацыі “будаўніцтва новага свету”.
І толькі ў 1939 годзе сябар мастака, мінскі скрыпач Юльян Жухавіцкі, вяртае імя Альпяровіча, знаёміць з яго творчай спадчынай, якая захавалася ў сям’і.
Сапраўды, гэта падзея падавалася тады, як сенсацыя: усімі забыты, нікому невядомы мастак, а тут 300 работ, ды яшчэ вучань Рэпіна!
Вынікам з’явілася персанальная выстава твораў Альпяровіча ў чэрвені 1939 года. З таго часу яго работы заўсёды ўваходзілі ў склад рэтраспектыўных выстаў мастацтва Беларусі і ў адпаведныя выданні.
Дзяўчынка. Пачатак 1910-х гг.
Славутыя мастакі-сябры: Пэн, Кругер, Альпяровіч
Творчыя інтарэсы Льва Альпяровіча былі рознабаковыя. Ён пісаў краявіды, бытавыя кампазіцыі, вялікую ўвагу надаваў партрэту. Большасць яго работ мае характар эцюдаў.
Сёння Нацыянальны мастацкі музей Беларусі захоўвае больш як 50 твораў Льва Альпяровіча: 33 – жывапісу і 18 – графікі. Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, Адэскім мастацкім музеі і прыватных калекцыях.
Большасць работ уцалела дзякуючы шчасліваму збегу абставін: у 1941 годзе ў Віцебску адкрылася выстава трох славутых мастакоў-сяброў: Юдэля Пэна, Якава Кругера і Льва Альпяровіча. Калі пачалася вайна, яна была эвакуяваная ў Саратаў, а пасля вернутая. Сярод найбольш значных твораў Альпяровіча – партрэты і кампазіцыі, вернутыя з Германіі ці знойдзеныя пасля вайны ў мінскіх музейных зборах.
Сёння пяць палотнаў мастака Льва Альпяровіча, разам з творамі майстроў пачатку 20 стагоддзя, сустракаюць наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў пачатку экспазіцыі – мастацтва Беларусі канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Каштоўнасць яго твораў як факта мастацтва, мастацкай культуры, духоўнага жыцця безумоўна не выклікае сумненняў, як і прывабнасць яго творчасці – таленавітай і шчырай, адкрыта эмацыйнай і годна стрыманай.
Ад аўтара
У канцы 1913 года ў “Минскай газете-копейке” змешчаны некралог ад Савета Мінскага Вегетарыянскага Таварыства, які апавясціў “О кончине своего члена-соревнователя свободного художника Льва Абрамовича Альперовича, последовавшей 23 декабря после непродолжительной и тяжелой болезни”.
У 1925 годзе на Першай Усебеларускай выставе экспанаваліся і дваццаць твораў Льва Альпяровіча, у тым ліку тры аўтапартрэты. Пасля чаго пра мастака забыліся, што нядзіўна ў сітуацыі “будаўніцтва новага свету”.
Мы помнім, шануем памяць і ганарымся, што менавіта на нашай зямлі нарадзіўся такі славуты мастак – Леў Альпяровіч!
Вольга Коласава, rh.by