15.02.2017 | Гісторыя

Як скласьці свой радавод? 5 парадаў гісторыка Семенчука, які стварыў генэалягічную майстэрню «Naščadki»

Генадзь Семянчук праводзіць першае пасяджэньне сваёй гістарычна-генэалягічнай майстэрні «Naščadki»

Кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук правёў у Горадні першае пасяджэньне сваёй гістарычна-генэалягічнай майстэрні «Naščadki». Мэта — дапамагаць ахвотным шукаць карані свайго радаводу.

Генэалёгія — гэта ня толькі занатоўваньне дат, прозьвішчаў ды сямейных сувязяў, гэта перадусім спроба зразумець продкаў, іх час, гісторыю, іхні сьвет, перакананы гісторык, які адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды:

Чаму варта шукаць карані

— Вас цікавіць гісторыя вядомых родаў, чужыя карані. А ці знайшлі свае? З чаго пачыналі вы генэалягічныя пошукі?

— Будучы прафэсійным гісторыкам і археолягам, пра сваю сям’ю я ведаў шмат. Калі мяне два гады таму звольнілі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, у мяне зьявілася шмат часу. Я прывык працаваць у архівах. І сямейныя зьвесткі пацьвердзіліся архіўнымі дакумэнтамі. Па мужчынскай лініі Семенчукі, якія раней былі Семянчэнямі (прозьвішча зьмянілася паміж 1939 і 1946 гадамі), у большасьці былі прымакі, такая склалася традыцыя. Першым быў Восіп Семянчэня, 1795 год. Потым яго сын быў у прымаках. Мае прадзед, дзед, бацька, я сам і сын — таксама прымакі. Прачытаў у «рэвіскай сказцы», што Восіп Семянчэня жыве з дачкою Міхала Жука на зямлі Жукоў, і мянушка была Семянчэняў у Чарлёне (вёска ў Мастоўскім раёне) — Жукі.

І давялося высьветліць чароўную гісторыю. Дачцэ Паўліне сямнаццаць год. Яна закахалася ў школе ў Глеба. Паўстала пытаньне — дзе вучыцца далей, вырашылі пашукаць, ці мае ён шанцы атрымаць «карту паляка». Я яму ўрэшце сказаў, што шанцаў ты ня маеш, але гэта табе не перашкаджае вучыцца ў добрых унівэрсытэтах. Але высьветлілася нечакана, што продкі дачкі і Глеба сто гадоў таму бегалі па адной вуліцы ў вёсцы Чарлёна. Пра гэта ніхто ня ведаў, ні мы, ні бацькі хлопца. А калі даведаліся, ніхто ня верыць.

Шукаць варта. Карані бываюць вельмі цікавыя. Бывала, сядзіць перад табой студэнт, а ты яму кажаш: ці ведаеш ты, што твой продак у 1567 годзе выстаўляў столькі коней, каб бараніць нашу радзіму ад маскоўскага дэспата? Ды не, кажа, мы ўсе калгасьнікі, сяляне. А я яму кажу: вы былі шляхтай з канца ХV стагодзьдзя. Альбо такі выпадак: адзін праваслаўны сьвятар зацікавіўся радаводам. І высьветлілася, што продкі былі шляхтай, каталікамі.

Калі глыбока пакапацца, то ў кожнай беларускай сям’і знойдзецца камуніст і ахвяра камуністаў. Але ў савецкі час памяць сямейная стала кароткай.

З чаго пачынаць

— З чаго варта пачынаць пошукі? Якімі могуць быць шанцы на станоўчыя вынікі?

— Калі вы хочаце брацца за свой радавод, варта пачынаць з мэтрычных кніг. У каталікоў сытуацыя лепшая, чым у праваслаўных і былых уніятаў. Бо праваслаўныя і ўніяты ў пошуках свайго Бога зьнішчалі дакумэнты адны адных. А потым далучыліся бальшавікі. Дакумэнты ў некаторых касьцёлах захаваліся ад пачатку ХVІІІ стагодзьдзя да 1950 году, калі ў храмах забаранілі весьці запіс дадзеных.

Калі ў 1915 годзе насельніцтва прымушалі выяжджаць у бежанства ў Расею, з сабой абавязаныя былі забіраць мэтрычныя кнігі. І дзевяноста адсоткаў не вярнулася. Але здараюцца цуды. Днямі адзін зь сябраў паведаміў мне, што ў Валгаградзе захаваліся мэтрычныя кнігі адной царквы з Зэльвенскага раёну. У Маскве ў былой Ленінскай бібліятэцы я знайшоў на сёньняшні дзень самыя старыя праваслаўныя мэтрычныя кніжкі зь Бельску, які на Беласточчыне: за 1667–1800 гады, пяць кніг. Яны былі падораныя гэтай бібліятэцы і яўна былі вывезеныя падчас бежанства.

У 1939 годзе Саветы сабралі мэтрычныя кніжкі па навакольных цэрквах і зьмясьцілі ў будынку пры турме ў Ваўкавыску. А 22 чэрвеня 1941-га ў яго трапіла бомба. Але нельга адчайвацца. Асабліва ў каталікоў гэтыя кніжкі рабіліся ў трох асобніках. У індурскім касьцёле ў Гарадзенскім раёне дакумэнты ад 1664 году. І такая асаблівасьць. У каталікоў заўсёды пісалася, што жанчына — Ядвіга з дому Яцкоўскіх, замужам за Арлоўскім, няважна, шляхцянка ці сялянка. У праваслаўных прозьвішча жанчыны не пісалася, толькі — Агаф’я, жонка Антона.

Пра што кажуць прозьвішчы?

Генадзь Семянчук

Генадзь Семянчук

— Нашы прозьвішчы не былі заўсёды нязьменнымі. Як і калі яны зьмяняліся?

— Спачатку прозьвішчы мянялі ў царскія часы. Пры польскай уладзе мянялася напісаньне. Пры Саветах нярэдка мянялі таксама імёны. Напрыклад, каля Індуры, калі мужчыну звалі Казімірам, яму замянялі ў дакумэнтах імя на Кузьму. Альбо магло не падабацца прозьвішча Кароль. Міліцыянты затрымалі аднойчы дзядзьку: прозьвішча? Цар. Адкуль? З Дварца. Ты што, здурэў? Але гэта не анэкдот. У тых мясьцінах, каля вёскі Дварэц, гэта даволі распаўсюджанае прозьвішча.

Прозьвішчы — наша таямніца, і на гэта трэба зьвяртаць увагу. Большасьць даволі лёгка можна вытлумачыць. Семенчукі ад Семянчэні, ад Сямёна. Сэнс прозьвішча мае значэньне. Але самае галоўнае: калі ты шукаеш, складаеш радавод, ты набліжаесься да гэтай разгадкі. Бо ніводзін спэцыяліст-лінгвіст ня зможа табе сказаць, адкуль пачаткі твайго прозьвішча. Агульна могуць сказаць, што прозьвішча можа паходзіць ад мянушкі. Але ў ХVІ стагодзьдзі гэта магла быць якасьць чалавека, альбо занятак, альбо яшчэ што-небудзь. Тое, што было забыта, зьнікла з нашай мовы.

Што стане вынікам пошукаў?

Гісторыя для нас — гэта не гісторыя ўлады, а найперш гісторыя сям’і.

І яшчэ пытаньне: навошта нам гэтым займацца? Вынікам такім глыбокіх дасьледаваньняў, на маю думку, павінен быць фільм, кніга або энцыкляпэдыя. Або ўсё разам. Трэба знайсьці сьцежкі на магілы сваіх продкаў. Толькі цяпер мы пачынаем усьведамляць тое, што ўсе нармальныя людзі разумеюць: гісторыя для нас — гэта не гісторыя ўлады, а найперш гісторыя сям’і. І з такіх гісторый складаецца гісторыя народу.

— Калі да вас зьвяртаюцца па дапамогу, што ўдаецца высьветліць?

— Зьвярнуўся да мяне студэнт з прозьвішчам Тумаш. А я добра памятаю фатаздымак Вітаўта Тумаша, гісторыка зь беларускай эміграцыі. Глянуў: генэтычнае падабенства. Ён кажа: так, гэта стрыечны брат майго дзеда. І ён зьвяртаўся ў архіў. Яму далі адказ. Але адгалінаваньне на эмігранта Вітаўта Тумаша раптам перарываецца. Зьвярнуўся яшчэ адзін знаёмы з Польшчы з просьбай пашукаць зьвестак, што датычаць парафіі Суботнікі (у Івейскім раёне).

Нядаўна атрымаў ліст з Аўстраліі. Людзі сталі цікавіцца сваім радаводам, думалі, што яны палякі, аказалася, што не, што яны беларусы. Іх пераканалі, што палякі, сваякі, што перасяліліся ў Польшчу. А яны кажуць: мы і па-польску ня ўмеем размаўляць.

— Генэалягічныя пошукі робяцца папулярным заняткам, даволі масавай зьявай. Гэта можа сьведчыць пра тое, што ў грамадзтве адбываюцца зьмены?

— Жаданьне ведаць глыбей сямейныя гісторыі, веданьне радаводу — прыкмета сталасьці. У грамадзтвах, якія ўпэўнена становяцца на ногі, гэта робіцца нормай — ведаць сваю гісторыю. Асабліва ў нашай сытуацыі, калі нас увесь час абкрадаюць, нешта прыдумляюць. Мне спадабалася, як наш міністар сказаў: не дазволім красьці нашых Касьцюшку, іншых. Але ж пакуль мы самі сябе абкрадаем: вуліцы не называем іхнімі імёнамі, помнікі ня ставім.

Дзе вучаць спэцыялістаў па генэалёгіі?

Генэалёгія — вельмі важная частка сацыяльнай культуры народу, дзяржавы. Хоць у нас гэта, як ні дзіўна, падразьдзел пахавальнай дзейнасьці. Калі вы хочаце адкрыць фірму, каб займацца паслугамі ў галіне генэалёгіі, то знойдзеце яе толькі ў разьдзеле разам з пахавальнымі канторамі.

Вядучыя ўнівэрсытэты Эўропы рыхтуюць адпаведных спэцыялістаў, праўда, на юрыдычных і факультэтах культурнай антрапалёгіі. У нас жа занятак генэалёгіяй у пэўным сэнсе застаецца табуіраваным, хоць ужо шмат што дазваляецца. Ты маеш права займацца сваім уласным радаводам, або за трэцюю асобу, калі маеш натарыяльную даверанасьць. Але ня маеш права рабіць копіі ўласным фотаапаратам, што дазваляецца ў Польшчы, Літве, ва Ўкраіне і стала магчымым таксама ў Расеі. Але гэта будзе пераадолена, таму што функцыі архіваў сёньня ня сталінска-савецкія. Масавае зацікаўленьне адчыніла шырэй архіўныя сховішчы, чым гэта было яшчэ дзесяць год таму. Хоць, напрыклад, у былым партархіве не даюць зьвестак пра заробкі ў партыйных органах.

Мы пачалі пераадольваць свой страх таталітарызму. Мэта любога зь іх — страх, няведаньне, уніфікацыя. А калі мы пачынаем задумвацца пра саміх сябе, мы запаўняем пустату вакол нас. У архівах Менску, Горадні, а таксама Беластоку, Варшавы ці Масквы, дзе я пабываў ужо двойчы, большасьць людзей займаюцца сёньня радаводамі. Яны шукаюць самі. Раней у гарадзенскім гістарычным архіве было пяць месцаў для працы і заўсёды было вольнае. Архіў пераехаў у новы будынак, там дваццаць пяць месцаў, і часам даводзіцца чакаць на калідоры, калі вызваліцца для цябе.

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика