Сабекошт атрыманай кашулькі – каля пяці тысяч беларускіх рублёў. У трыццаць раз танней, чым набыць хаця б тышотку з адпаведным узорам. Задавальненне неацэннае.
Ідэя сшыць «прышыванку» наведала мяне за тыдзень да фэста «Камяніца» (для мяне кожны год ён абсалютны фаварыт беларускага фестывальнага сезону). Было відавочна, што я сустрэну там натоўп знаёмых у строях, і што слэм пад «Бандудбэнд» стане апошнім, што пабачыць бабуліна вышыванка, калі я яе апрану. Але вылучыцца ўсё ж хацелася :)
Такім чынам мне была патрэбная вышыванка, не тышотка, якую ўжо панабывалі сабе і жук, і жаба, і каб не шкада было сапсаваць. Адказ знайшоўся сам сабой.
Ледзь не кожны тыдзень я набываю розныя штукі для курсаў па шыцці ў шматлікіх універмагах і крамах тканіны, таму для мяне не было адкрыццём, што ў ГУМе пастаянна прадаюцца стужкі з арнаментам розный ступені беларускасці. Большая частка з іх да болю нагадвае дзяржсцяг, але сустракаюцца і больш сімпатычныя. Мне пашанцавала – я набыла апошнія колькі метраў стужачкі з аўтэнтычнымі кручкаватымі ромбачкамі і васьмірогам, да таго ж ячшэ і майго любімага малінавага колеру.
Дома я мела старую кашулю. Неяк яна не прыжылася, тры гады праляжала ў шафе ніводнага разу не апранутая, але выкінуць было шкада. І вось прыйшоў яе час.
Карацей, план дзеянняў такі:
1. Бяром любую кашулю (можна і цішотку, але трыкатажная тканіна расцягваецца і акуратна нашыць стужку будзе значна цяжэй), падбіраем нітку адпаведнага колеру: я моцна дбала пра тое, каб ніткі было не відаць – нават спрабавала знайсці празрыстыя ніткі – яны называюцца монаніткі і ў крамах бываюць не заўсёды. У выніку, я іх не знайшла, але па-мойму і так атрымалася досыць прыстойна.
2. Пасля вызначаемся, куды будзем нашываць і прымётваем стужку. Я на сваю кашулю расшыла не толькі ля гузікаў, але і вакол гарлавіны. Гэта самае складанае, бо гарлавіна круглая і як зрабіць, каб стужка прыняла патрэбную форму мне было невядома. Я парадавалася, што мая стужачка не шырокая, ды злёгку пацягнула яе прасам (прасавала яе, нацягваючы ўбок, каб яна паціху загіналася). Гэта не моцна дапамагло, але ўсё ж, на выхадзе кашуля стала выглядаць больш акуратна.
3. Прымётваем стужку да кашулі. Гэта займае больш часу, чым пасля прышыць яе на машынцы, але ўсё ж гэта +100 да акуратнасці и знешняга выгляду прышыванкі.
4. Ну і нарэшце прышываем і пасля прасуем.
5. Profit ;)