13.02.2017 | Гісторыя

Як у 1956 годзе загінуў апошні партызан УПА на тэрыторыі Беларусі

Адразу скажу — характэрна загінуў. Але спачатку раскажу не пра апошняга. Перш распавяду пра «Арла».

На адзінаццатым годзе пасля сканчэння Другой сусветнай вайны, у пачатку сакавіка месяца, у хату 26-гадовай незамужняй сялянкі з хутара Памесце Ксені Пытаевай (вулічная мянушка — Самарка) зайшло двое ўзброеных партызанаў. Яны папрасілі паснедаць. Яны бывалі ў гэтай хаце не ўпершыню.

Ксеня спякла ім яечню. Яны паелі, набралі жару з печы ў чыгунок і спусціліся ў падвал, у «падполле», як называюць падвалы на Палессі.

Калі ўвечары Ксеня залезла туды набраць бульбы, адзін хлопец ляжаў нежывы. Не, яго не забіў пабрацім. І не атруцілі энкавэдысты. «Арол» застрэліўся, патлумачыў ягоны сябар.

«Арол» моцна пакутаваў на рэўматызм і стаміўся цярпець нязносны боль. Ясна, ад чаго ўзнік рэўматызм: партызанам часам даводзілася спаць на снезе і ўвесь час — у сырых схованках ці паграбах. Як гаворыцца ў адным з данясенняў КДБ, «Паўло» прызнаваўся агенту, што ім за зіму 1955—1956 гадоў тройчы давялося спаць на снезе ў лесе.

Ішоў 1956 год. Гэта значыць, для «Арла» ішоў 14-ы год падполля, два першыя з якіх прыпалі на нямецкую акупацыю і 12 — пад саветамі. Не маючы доступу да знябольваючага, «Арол» зрабіў сабе смерць.

Сапраўднае імя «Арла»было Сцяпан Трусевіч. Ён быў камандзірам апошняй «баёўкі» Украінскай паўстанцкай арміі, якая дзейнічала, у тым ліку, у Іванаўскім і Пінскім раёнах Беларусі.

Украінская паўстанцкая армія (УПА) была ўтвораная ў 1942 годзе. Яе касцяк склалі актывісты Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, але яна стала шырэйшай за АУН. УПА ставіла задачу здабыцця Украінай незалежнасці. Даволі масавай была УПА і ў паўднёвых раёнах Берасцейшчыны і на Піншчыне, дзе ў многіх людзей была ўкраінская свядомасць і да вайны існавалі арганізаваныя ўкраінскія палітычныя і культурныя структуры. Аляксандр Лукашэнка са спасылкай на архівы заяўляў, што ва УПА на тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай вобласці ўваходзіла да 15 тысяч чалавек. З цікавых фактаў: у дапамозе падполлі УПА ўдзельнічаў у тым ліку бацька Ірыны Абельскай, які жыў у Бярозаўскім раёне. У 1952 годзе яго за гэта асудзілі на 25 гадоў турмы.

Фотаў «Арла» і «Паўла» не захавалася. А як яны маглі выглядаць? На гэтым здымку — Аляксандр Сцепанюк, які ў 1949—1950 гадах быў кіраўніком «Беларускай акругі» УПА. Ён загіне ў 1952 годзе. Ішоў 1956-ы — уявіце. Мінула шэсць месяцаў ад часу публікацыі артыкула «Пра амністыю савецкім грамадзянам». Мінуў месяц, як Хрушчоў прачытаў свой даклад на ХХ з’ездзе.

З лагераў пачыналі вяртацца вязні. Магчыма, да далёкіх хутароў гэтыя весткі яшчэ не дайшлі або дайшлі цьмяна. Хтосьці скажа: выцерпі «Арол» яшчэ некалькі месяцаў — можа б ён не рабіў сабе смерць, а здаўся б хрушчоўскай уладзе і выжыў. Як выжылі Васіль Кук ці Цімох Вострыкаў. Не думаю, што здаўся б. А чаму не думаю?

А вось зараз я раскажу, як загінуў «Паўло» — апошні партызан, і вы зразумееце.

Дарэчы, усе гэтыя звесткі сталі вядомыя, таму што ва Украіне адкрылі архівы КДБ.

Сапраўднае прозвішча «Паўла» было Ланевіч — Аляксандр Ланевіч. 23 мая 1956 года прыкладна а 23.00 «Паўло» зайшоў да селяніна Вакулы Савоніка, якога партызаны доўгія гады выкарыстоўвалі як сувязнога.

«Паўло» не ведаў, што за 6 месяцаў да таго Вакулу і ўсіх ягоных сямейнікаў затрымлівалі. Вакула не луснуў, а вось ягоную дачку Любу і ўнука Івана завербавалі. Іван, тайная мянушка «Лясны», адправіўся да кагэбістаў і расказаў, што

«Паўло» быў узброены аўтаматам, выглядаў бадзёрым, паводзіў сябе разняволена, прылашчыў дзяцей і пайграўся з імі, распытваў пра супрацоўнікаў органаў бяспекі і пра тое, чаму і каго з акругі ў апошні час выклікалі на допыты. Ад вячэры «Паўло» — упершыню за час заходаў у сям’ю Савонікаў — адмовіўся, толькі выпіў пару кубкаў вады і наліў сабе ў фляжку малака. Гэта навяло супрацоўнікаў дзяржбяспекі на думку, што «Паўло» больш не давярае «Лясному».

Было чаму — «Лясны» меў каля сябе снатворны сродак «Нептун», той самы, якім, хто памятае па адной з даўнейшых публікацый «Нашай Нівы», карыстаўся агент Юозас Булька, каб прысыпляць і здаваць у рукі МДБ літоўскіх партызан. Наступны раз «Паўло» з’явіўся ў «Ляснога» праз месяц, у той жа вечаровы час. І павёў яго праз балота, з ягоных слоў, на суседні хутар,

каб «здабыць самагону для хворага «Арла» (якога насамрэч тры месяцы як не было ў жывых). «Лясны» нерваваўся, думаў, што «Паўло» атрымаў ад сваёй агентуры інфармацыю пра яго здраду і вядзе забіць яго. Ці так гэта было, дазнацца ўжо немагчыма, бо знерваваны «Лясны» выхапіў выдадзены яму для самаабароны пісталет, расстраляў у «Паўла» ўсе патроны да аднаго і ўцёк да размешчанага на мясцовым тартаку пад выглядам работніка агента КДБ па дапамогу. Калі аператыўная група з сабакамі выявіла параненага «Паўла» ў лясным гушчары, ён не стаў ні здавацца, ні адстрэльвацца, а застрэліў сябе.

Апошняга праціўніка «Арол» і «Паўло» забілі за два гады да таго, у 1954-м — гэта быў агент КДБ БССР «Галубей», на хутары Ападышча Іванаўскага раёна. Апошнія два гады яны проста выжывалі і вялі сякую-такую агітацыю — КДБ выявіць, што іх прыхільнікі з ліку сялян куплялі ім фотаматэрыялы ў Пінску, якія, відаць, былі ім трэба, каб размножваць улёткі.  А як стала вядома ўсё пра «Арла»? А так.

Пры забітым «Паўлу» выявілі аўтамат ППШ, пісталет «Вальтэр» і 60 патронаў да іх, падпольную літаратуру і штодзённік «Арла». У выніку доўгага і стараннага аналізу зашыфраваных запісаў у штодзённіку праз пяць месяцаў пасля смерці «Арла» і пасля два месяца пасля гібелі «Паўла» была арыштаваная 24-гадовая калгасніца Марыя з хутара Гліны.

«Будзь разумны — маўчы!» было жалезным правілам тых людзей і тых часоў. Але не ўсе вытрымлівалі. Марыя здала Ксеню як дзяўчыну, што калісьці — калісьці — хавала «Арла». А ў Ксені каля хлява выявілі не так даўно засыпаную яму.

І тую яму сталі раскопваць, і знайшлі там цела «Арла». Тады і Ксеня расказала — ды што было ўжо хаваць: што пяць месяцаў таму яна, яе 19-гадовая сястра Ліда і «Паўло» разам выцягнулі цела з лёха і пахавалі.

«Арол» і «Паўло» не былі «бандытамі», якімі малявалі і малююць антысавецкіх падпольшчыкаў прарасійскія «гісторыкіў пагонах». Бандыты так не гінуць і так не паводзяць сябе. Але «Арол» і «Паўло» і не былі «супермэнамі», якімі апісваюць тую партызанку нашы рамантычныя нацыяналістычныя гісторыкі, яны не «бралі Наваградак і Кобрын», не «вызвалялі эшалоны з арыштаванымі» і не «сыходзілі лясамі ў Германію», як апісваў дзейнасць Вітушкі Сяргей Ёрш. «Арол» і «Паўло» проста былі ў падполлі да канца і не далі сваім ворагам сябе схапіць.

Яны «проста ішлі і проста стаялі». Здаецца, іх фотаздымкаў не захавалася. Магіл, здаецца, таксама. Засталіся вось гэтыя дакументы іх праціўніка, на аснове якіх удалося рэканструяваць — штрыхпункцірна — апошнія гады іх жыцця. І божа мой, як цікава гэта чытаць — безадносна да таго, як мы ставімся да іх ідэй, метадаў і мэтаў.

Я апісаў толькі пра момант смерці і не буду расказваць пра іх ранейшую дзейнасць, каб вы купілі 4-ы выпуск альманаха «Справа» і прачыталі артыкул Яраслава Антанюка цалкам. Моцны нумар — як у гістарычнай, так і ў краязнаўчай і літаратурнай частках. Дай бог каб кожны рэгіён Беларусі меў такія альманахі.

Сёння «Справа» прадаецца на Мінскай кніжнай выставе — на стэндзе часопіса «Arche».

А ўвогуле набыць альманах у Мінску можна ў кнігарнях «Акадэмкніга»(пр. Незалежнасці, 72), «Логвінаў» (пр. Незалежнасці 37А), на кніжнай выстаўцы «Каля спяваючых фантанаў» (КЗ «Мінск», Кастрычніцкая, 5, аддзел гістарычнай літаратуры), а таксама праз інтэрнэт-кнігарню kniger.by.

4-ы выпуск «Справы», які выдае Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў, як заўсёды месціць тэксты па-ўкраінску, беларуску, па-руску і на гаворках Берасцейшчыны і Піншчыны.

Нумар мае тэмаю «Боль і як з ім жыць».

Вось яго змест:

Публікуюцца кранальны ліст і вершы Уладзіміра Шыпілы з Полацка, псіхалагічны аповед Алеся Кіркевіча з Гродна. Апавяданне Кіркевіча — пра тое, якую дэфармацыю церпіць асоба на вайне і што канец вайны яшчэ не канец пакутам: прыстасавацца да міру ўдаецца не ўсім абаронцам айчыны.

Нядаўна ва Украіне святкавалі два важныя юбілеі — гісторыка Міхайлы Грушэўскага і святара, нацыянальнага дзеяча Андрэя Шаптыцкага. Слынныя юбіляры шмат зрабілі і для беларускай культуры. Пра гэта — у артыкулах рэлігіязнаўцы Ірыны Дубянецкай і гісторыка Віктара Кахновіча.

Болем страчаных літаратурных сувязяў адгукаецца гісторыя жыцця ўкраінскага перакладчыка 1920-30-х гадоў Аляксандра Сарокі (артыкул Вячаслава Лявіцкага).

Пра насычанае творчае жыццё слыннага ўкраінскага даследчыка беларускай літаратуры Івана Дзенісюка піша сябра рэдкалегіі «Справы», прафесар Вячаслаў Рагойша. У наш час умацаваннем повязяў беларускай і ўкраінскай літаратуры займаецца, у прыватнасці, Сяржук Сыс: украінскія пераклады яго лірыкі — у нумары.

Таксама «Справа», як заўжды, месціць матэрыялы з беларуска-ўкраінскага памежжа. На гэты раз чытайце беларускія вершы Наталлі Сацуты, а таксама наш скарб — творы на гаворках: старасты сяла Лелікава з Кобрыншчыны Пятра Шэпецюка, народнай паэткі з Бярозаўскага раёна Ніны Амяльчук і настаўніцы з Камянеччыны Веры Філосаф.

Сярод вершаў — і вельмі незвычайная рэч. Гэта «дума», прысвечаная памяці загіблых у Кіеве ў лютым 2014 года. Аўтар, былы вайсковец, а пасля супрацоўнік урада Беларусі, украінец па паходжанні Аляксандр Грыцай, — непрафесійны літаратар, але народная манера робіць яго твор яшчэ больш шчымлівым.

У гэтым нумары публікуюцца і два чалавекі, якія не толькі прыклалі намаганні, каб захаваць родную культуру, але і пераламілі ход падзей. Яны здолелі зрабіць лакальную культуру, якая, здавалася, аджывае — цікавай, моднай, сучаснай, запатрабаванай. Гэтыя людзі — уласнікі аграсядзіб: Ала Палікарпук, што стварыла цэлы турысцкі кластар на Кобрыншчыне, назваўшы яго па-мясцоваму «Муховэцька кумора», і Васіль Грынь, які будуе турысцкі бізнес на прывабнасці беларускай вёскі. Штогод да іх прыязджаюць сотні турыстаў.

Ала Палікарпук распавяла чытачам «Справы» пра свой бізнес і падзялілася рэцэптамі гаспадынь з Кобрыншчыны, па якіх гатуюць і ў яе «Куморы».

Васіль Грынь падзяліўся замалёўкамі з мясцовага жыцця — вясёлымі, мілымі, часам горкімі, але заўжды поўнымі годнасці, якую Грынь пабачыў у сваіх аднавяскоўцах. Пачуццё ўласнай годнасці, гонар за сваю працу і ўменне смяяцца — тое, што ўздымае чалавека над болем і скрухай. Адметна, што замалёўкі напісаныя каларытнай гаворкай Віленскага краю.

Як жыць з цяжарам нязробленага, непаспетага, незваротна страчанага — і як зменшыць гэты цяжар — пра тое пішуць Алесь Паплаўскі і Таня Скарынкіна.

Упершыню да беларуска-ўкраінскага дыялогу ў «Справе» далучыліся польскія аўтары.

Цэнтральны твор «болевага» нумару — раман «Сонька», па вызначэнні крытыкаў, найлепшы раман Цэнтральнай Еўропы 2010-х гадоў. Яго аўтар Ігнацы Карповіч — польскі пісьменнік, які паходзіць з праваслаўнай, этнічна беларускай вёскі на Падляшшы. Невялічкі раман пісаўся восем гадоў, але ў выніку — ніводнага лішняга слоўца, ні фальшывага вобразу. Гэта кніга зацягвае і не адпускае да апошняга. Гэта тонкае, далікатнае і трапнае падарожжа да самых глыбінь чалавечага, дзе толькі боль і любоў. Як любы таленавіты твор, тэкст мае шмат пластоў, закранае шмат тэмаў. Адна з галоўных — страта ідэнтычнасці і мовы. Раман, напісаны ў арыгінале па-польску з украпленнямі беларускай мовы, перакладзены ў альманаху на рускую з украпленнямі беларускай — рэдакцыі альманаха падалося, што менавіта гэта дае магчымасць данесці пасыл аўтара самым поўным чынам.

Друкуецца і ўрывак з кнігі «Аблічча Беларусі» польскага дыпламата, былога пасла Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі.

Карацей, купа ўсяго цікавага.

Мікола Бугай, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика