Пасьля абвяшчэньня прысуду – 25 гадоў пазбаўленьня волі – Ларысу і Янку Геніюшаў не адразу адвезьлі ў турму. За вокнамі згасаў кароткі зімовы дзень, зьняволеныя доўга сядзелі ў пустой залі, агаломшаныя такім суровым выракам Вярхоўнага суду. У галаве Ларысы Антонаўны ўзьніклі і шматкроць паўтарыліся радкі: “Дзе гора, дзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?” Верш пазьней так і не дапісаўся. У перасыльных турмах, у першыя гады гулагаўскай катаргі было не да вершаў. Але ГУЛАГ не прымусіў замаўчаць паэтку. Да нас дайшло нямала яе твораў, напісаных за калючым дротам. Як жа яны траплялі на волю?
У свой час Мікола Канаш – сам былы гулагавец, за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі – перадаў мне больш за дзясятак лягерных лістоў і вершаў Ларысы Геніюш. Я зьвярнуў увагу на паштовыя штэмпелі, дзе месцам адпраўкі значыліся Котлас, Варкута і Ленінград. Аказваецца, праз гэтыя гарады, пакручастымі сьцежкамі вершы Ларысы Геніюш і траплялі на волю.
У лягеры Мікола Канаш атрымліваў лісты ад паэткі празь нелегальную, строга закансьпіраваную пошту. Разумеючы іх каштоўнасьць, пры першай магчымасьці перасылаў сябрам на свабоду. Звычайна, лісты зьбіраліся ў пакунак, які абгортваўся паперай з-пад аманіту і пражыўляўся стэарынам, каб не праходзіла вільгаць. Пакунак мацаваўся да сьценкі вагону, які запаўняўся вугалем. Лісты з ГУЛАГу знаходзілі добрыя людзі падчас разгрузкі ў тых жа Котласе, Варкуце ці Ленінградзе, распакоўвалі і апускалі ў паштовую скрынку. Часам для заахвочваньня “лістаношаў” у пакунак клаўся сьцізорык, выраблены вязьнямі.