14.03.2017 | Грамадства

Як я змяняў імя ў пашпарце з «Васілій» на «Васіль» — пакрокавая інструкцыя

Калі я атрымліваў першы пашпарт у 2009 годзе, неяк так атрымалася, што маё імя па-беларуску было ў ім напісана як «Васілій», адсюль быў і адпаведны трансліт — «Vasili». Цяпер мне цяжка сказаць, пра што я думаў тады. Але як бы там ні было, калі падыходзіў час чарговай змены пашпарту, вырашыў адначасова выправіць гэтую недарэчнасць. То бок, каб маё імя па-беларуску было напісана як належыць — «Васіль».

Шукаючы інфармацыю наконт таго, як гэта лепей зрабіць, я натыкнуўся на некалькі артыкулаў ды расповедаў. У адных гэта атрымлівалася без праблем, іншым жа даводзілася рабіць шмат незразумелай працы (накшталт паходаў у Акадэмію навук і гэтак далей), але нідзе я не знайшоў пакропкавай інструкцыі, як гэта лепш зрабіць. Распавяду, як гэта атрымалася ў мяне.

Спачатку я паспрабаваў наўпрост пайсці ў разлікова-даведачны цэнтр, ды запоўніць стандартны бланк на змену пашпарта. У акенцы мне патрапілася звычайная для такіх месцаў жанчына, ад якой я пачуў, нібы змена майго імя не ў яе кампетэнцыі. Я паспрабаваў даказаць ёй, што імя не змяняю, але толькі выпраўляю на правільную форму. Яна ж дастала з-пад стала нейкі руска-беларускі слоўнічак (здаецца, яшчэ савецкага выдавецтва) і тыча мне ім, маўляў, там форма «Васілій» дазваляецца. Мне гэтая гутарка хутка надакучыла, асабліва пасля фразы ў мой адрас: «Какая Вам вообще разница, как Ваше имя написано на белорусском?».

Затым я пачаў цікавіцца, якія ў мяне ёсць варыянты. Адразу падавалася, што самы просты шлях — заява на змену імя праз ЗАГС, бо ў гэтым выпадку мінімум папяровай валакіты і, адпаведна, мінімум змарнаванага часу. Аднак мне не падабалася ў такім шляху дзве рэчы. Па-першае, мне не даспадобы сама фармулёўка «змена імя». На мой погляд, я тут сапраўды не змяняю імя, а выключна выпраўляю яго на правільную форму. Па-другое, калі б я так зрабіў (узяўшы папярэдне ад Акадэміі навук пацверджанне таго, што імя «Васіль» сапраўды народнае), змянілася б, адпаведна, напісанне майго імя і па-расейску на «Василь», а мне гэта не патрэбна.

Урэшце рэшт, я звярнуў увагу на сваё пасведчанне аб нараджэнні. У мяне гэта была зялёная кніжачка, на якой вялікімі літарамі напісана СССР. Усе дадзеныя ў ёй былі напісаны толькі па-расейску, беларускай формы імя там не было. Тады і намаляваўся мой далейшы шлях у гэтым напрамку. Спачатку я набраў нумар мясцовага ЗАГСу, дзе прыемны жаночы голас уважліва выслухаў маю сітуацыю і адказаў, што я магу без праблем змяніць сваё пасведчанне аб нараджэнні на новае, сучаснага ўзору, дзе ўся інфармацыя дублюецца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Калі ж я прыйшоў у ЗАГС, уладальніца гэтага прыемнага голасу змяніла мне пасведчанне за 20 хвілін, і ў мяне на руках ужо быў дакумент, у якім маё імя па-беларуску было напісана правільна. Насамрэч, такі просты шлях ёсць у майго пакалення, а таксама ва ўсіх тых, хто нарадзіўся недзе да сярэдзіны 1990-х, то бок тых, у каго пасведчанне аб нараджэнні савецкага ўзору, бо ў такім выпадку пры змене пасведчання можна самому вырашыць, якая мае быць беларускамоўная форма.

Далей я, разам з новым пасведчаннем, пайшоў у разлікова-даведачны цэнтр і запоўніў бланк на змену пашпарта, дзе запісаў усе дадзеныя так, як мне патрэбна. І на гэты раз не было падставаў мне адмовіць, бо атрымліваецца, што маё імя ў старым пашпарце не супадае з імем у пасведчанні аб нараджэнні. Змяніў, адпаведна, і трансліт. Такім чынам, я выпрасіў напісанне свайго імя, фармальна без працэдуры змены імені.

Такім чынам, для ўсяго вышэйпералічанага трэба выканаць два крокі:

1) Пайсці ў ЗАГС і змяніць пасведчанне аб нараджэнні (у заяве аб змене напісаць, як Вы хочаце, каб Ваша імя было напісана па-беларуску).

2) З новым пасведчаннем пайсці ў пашпартны стол ды запоўніць бланк на змену пашпарта, запісаўшы, адпаведна, дадзеныя з новага пасведчання аб нараджэнні.

У маім выпадку гэта быў самы просты шлях. Спадзяюся, каму-небудзь мой вопыт дапаможа.

Васіль Шэлехаў, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика