Беларускае сучаснае кіно можна лічыць з’явай паўпрывіднай: быццам ёсць, але дзе? Каб сабраць найлепшыя новыя кінапрацы і прадставіць іх гледачу, сёлета ў межах “Лістапада” ўпершыню з’явіўся нацыянальны конкурс. Мы паглядзелі беларускія фільмы, якія атрымалі ўзнагароды фестывалю, што адшумеў напрыканцы тыдня.
Адразу закралася пытанне: ці набярэцца ўвогуле дастаткова беларускіх фільмаў для штогадовага конкурсу? Арганізатары лічаць, што так. Сёлета праграма склалася з 23 намінантаў — 10 гульнявых фільмаў, 6 анімацыйных і 7 дакументальных. Важны момант: у конкурсе маглі ўдзельнічаць таксама выхадцы з Беларусі, якія жывуць і здымаюць свае фільмы ў іншых краінах. Гэта падалося дзіўным старшыні журы конкурсу Аруцюну Хачатрану, рэжысёру і дырэктару ерэванскага міжнароднага фестывалю “Залаты абрыкос”: “На нашым фестывалі мы зрабілі панармянскі конкурс, дзе ўдзельнічаюць армяне з усяго свету. Ваш конкурс таксама наўрад ці можна назваць нацыянальным, ён хутчэй панбеларускі”.
Больш чым палова беларускіх стужак фестывалю створаная незалежнымі кінематаграфістамі, якія самі шукалі грошы на здымкі. Фінансаванне ў такой нятаннай справе, як кіно, вядома ж, застаецца галоўнай праблемай. “Вы вельмі мала здымаеце, якасць кіно набіраецца з колькасцю. Я думаю, што вы на год здымаеце 2-3 мастацкія фільмы, 15-20 дакументальных і 3-4 забаўляльныя, амаль як у Арменіі. Мы яшчэ суцяшаем сябе тым, што ў нас вайна, быў землятрус, а калі-небудзь усё будзе добра. Але чаму вы не здымаеце? Кіно — самая важная зброя нацыянальнай палітыкі”, — дадаў Аруцюн Хачатран.
Сярод гульнявых фільмаў, што прэтэндавалі на перамогу, быў, напрыклад, нядаўні фільм “Белыя росы. Вяртанне” рэжысёра Аляксандры Бутор, а таксама новая стужка Аляксандра Кудзіненкі “Хард Рэбут (Hard Reboot)”, прысвечаная гурту «Noize MC». Але журы вырашыла, што беларускае гульнявое кіно пакуль не вартае ўзнагародаў, і прыз у гэтай намінацыі не ўручаўся.
Затое ўсе аднагалосна сышліся на думцы, што дакументальныя фільмы — наш канёк, а таму тут прызы атрымалі адразу дзве стужкі.
“Героя фільма мы заспелі, калі ён спаў на вадасцёкавай трубе”
Першая з іх — “Скрыжаванне” Анастасіі Мірашнічэнка і Алены Антанішынай — расказвае пра ўжо вядомага бяздомнага мастака з Гомеля Валерыя Ляшкевіча. Мы бачым адзін год жыцця гэтага чалавека з яго дзіўнай, часам па-дзіцячаму простай мудрасцю — вось ён прадае карціны на вуліцах Пецярбурга, хаваецца ад дажджу, сушыць бялізну ля чыгункі, мыецца ў гарадской лазні, разводзіць фарбы ды спіць на лаўцы, пры гэтым захоўваючы жывасць мыслення і пачуццё ўласнай годнасці.
Сёлета фільм атрымаў узнагароды міжнароднага кінафестывалю ў Варшаве і ў Екацерынбургу, у абодвух выпадках ён быў адзначаны і прызамі глядацкіх сімпатый. Герой фільма сапраўды абаяльны і скарае сэрцы гледачоў.
Сааўтарка фільма Алена Антанішына расказала пра ўзаемаадносіны з ім падчас здымак:
“У Варшаве некалькі чалавек падышлі да нас і сказалі, што наш герой святы. І адна варшавянка, на маё здзіўленне, патлумачыла, што святыя — не тыя, хто кананізаваны царквой, а людзі, дакрануўшыся да якіх, робішся лепшым. Мне падаецца, гэта сапраўды так.
Валерыя мы знайшлі за два гады да пачатку здымак. Мы з Насцяй Мірашнічэнка, рэжысёрам фільма, працуем заўсёды разам, я слухаю, а яна бачыць. Яна мне расказала пра гэтага чалавека, і я катэгарычна адмовілася. Мне падалося, што атрымаецца чарговая спекуляцыя на тэму бяздомнікаў. Толькі праз паўтара года Насця знайшла ролік, дзе ён гаворыць літаральна некалькі словаў. Я зразумела, што гэта не бомж у нашым звычайным уяўленні, што гэта чалавек цэльны, незвычайны, цікавы і са сваёй жыццёвай філасофіяй.
Тады мы паехалі ў Гомель. Знайсці яго там было вельмі проста, бо практычна кожны чалавек у раёне вакзала ведае, дзе яго шукаць. Урок ён даў нам ужо ў першую сустрэчу. Мы заспелі яго, калі ён спаў на вадасцёкавай трубе, не ўтрымаліся і пачалі здымаць. Ён прачнуўся і быў вельмі абураны, што мы не спыталі дазволу. Наступнай нашай памылкай было тое, што я дастала грошы і пачала яму прапаноўваць. Ён сказаў, што зараз сыдзе, і мы ніколі яго больш не знойдзем, бо ведае, дзе можна схавацца. Выратавала сітуацыю Насця. Перад здымкамі мы напісалі сваё бачанне фільма, кароткі сцэнар, папрасілі мастацтвазнаўцу Надзею Усаву даць ацэнку творчасці мастака. Яна напісала водгук, мы ўсё раздрукавалі на прыгожым буклеце. Не буду хаваць, што спачатку мы думалі з дапамогай гэтага буклета знайсці грошы на здымкі. Выпадкова ён аказаўся ў Насці з сабой, і яна проста паказала Валерыю. Паколькі ён сур’ёзна ставіцца не толькі да сваёй творчасці, але і да творчасці іншых, то ацаніў, якая намі была праробленая праца. Толькі гэта нам дазволіла згладзіць першапачатковыя памылкі.
Здымалі фільм год. Калі ў нас з’яўляліся грошы на дарогу, мы бралі аператара і ехалі. Фінансавання ў нас не было, увесь камерцыйны бок літаральна з першай сустрэчы адышоў на другі план, мы ўжо разумелі, што хочам проста расказаць пра гэтага чалавека.
Наш герой пабачыў фільм пра сябе. Мы з дапамогай Надзеі Усавай ладзілі яго выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі, яна мела вялікі поспех, і там мы паказвалі наш фільм. Другі раз фільм дэманстравалі падчас ягонай выставы ў палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Рэакцыя была, як заўжды, арыгінальная. Ён сказаў, што сам бы, напэўна, зрабіў усё па-іншаму, але паколькі гэта не ягоная праца, то яму падабаецца”.
“Салдаты любой вайны аднолькавыя”
Другая дакументальная стужка, якая сталася прызавой, “Афганістан. Я помню” Халімы Хасанавай, — балючыя ўспаміны ўдзельнікаў вайны, якія і праз дваццаць пяць гадоў памятаюць усё, быццам гэта было ўчора. Мужчыны з сівымі скронямі, згадваючы бесперапынную лавіну смерцяў, не могуць стрымаць слёз. Асабліва вусцішнай падаецца гісторыя маці, якая страціла на вайне сына і, ашалеўшы ад гора, раскопвала ягоную магілу, не жадаючы верыць. Фільм, безумоўна, немагчыма глядзець з лёгкімі пачуццямі. На сцэну рэжысёр Халіма Хасанава выйшла ў суправаджэнні ўсіх герояў стужкі і расказала, што за час здымак знайшла шмат братоў. “Мне падаецца, мае героі найлепшыя, нягледзячы на ўвесь той боль, што ім давялося перанесці”, — сказала яна і падзякавала “Беларусьфільму”, які запрасіў яе зрабіць гэтае кіно.
Халіма Хасанава расказала, чаму яе закранула гэтая цяжкая тэма:
“Я б не сказала, што гэта тэма Афганскай вайны, фільм найперш пра памяць. Магу сказаць, што салдаты любой вайны — яны аднолькавыя, незалежна ад таго, дзе гэтыя войны адбываюцца. Іх не раздзяляе ні час, ні прастора, таму што заўжды ёсць смерць, жыццё, смеласць. Мы ніколі не адкажам на пытанне, за што загінулі нашыя хлопчыкі. Але мы дакладна ведаем, што кожны з тых, хто быў на гэтай вайне, варты памяці і павагі.
Мне не было маральна цяжка здымаць фільм, я была ўнутрана гатовая да гэтай тэмы ўжо шмат гадоў і адчувала адказнасць. А вось маёй здымачнай групе бывала складана чуць гісторыі герояў, але яны справіліся.
Кнігу Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі” я, на жаль, не чытала, бо баялася нейкага ўплыву. Але пасля даведалася, што маці загінулага хлопца, пра якога расказваецца ў фільме, удзельнічала ў судзе. Думаю, што карэктнасць, адказнасць — вельмі важныя ў дакументалістыцы. Бо слова не верабей, але ці маральна пісаць усё, што мы ведаем? Думаю, што калі ты бярэш рэальных герояў, душэўна траўмаваных, хворых, то трэба тэкст зацвярджаць, абіраць тое, што не пакрыўдзіць герояў. І калі б Святлана Алексіевіч гэта зрабіла, я была б ёй цяпер удзячная за гэтую кнігу”.
Ікар з глыбінкі
Даволі разнастайнай была і намінаваная анімацыя. Першы ж прыз узяў прыгожы, але надта сумны мультфільм “Рандо-капрычыоза” пра жыццё ў правінцыі і дзівакоў, якія нават у празаічнай ды змрочнай паўсядзённасці ўмудраюцца жыць са сваёй марай. Аўтар працы — вядомы беларускі рэжысёр-аніматар Ігар Воўчак.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай