05.01.2017 | Культура

Якія зоркі сьвецяць беларусам у Калядную ноч?

Фота Віктара Малышчыца

Каляды, як і Купальле, — адно з самых папулярных у народзе сьвятаў. Яны напоўненыя містэрыяй Раства. Іхная сакральнасьць выяўляецца перадусім у адчуваньні часу і прасторы самім чалавекам. У астранамічным кантэксьце сьвята трапляе на зімовае сонцастаяньне, калі найдаўжэйшая ноч і найкарацейшы дзень. І сёньня мы будзем гаварыць з этнаастраномам Цімафеем Авіліным найперш пра Каляды зорныя.

— Звычайна за зоркамі мы назіраем улетку. Зімою холадна. Меней рамантычна. Здаецца, што тых зорак і ня ўбачыш. А насамрэч, ці добра іх відаць у самы пік зімы? На Каляды? На Новы год?

— Рамантыка назіраньня за зоркамі хутчэй ня ў вонкавай тэмпэратуры, а ў тым, з кім мы знаходзімся ў гэты момант, у цеплыні самога чалавека. А папраўдзе ў цёмную зімовую ноч, асабліва за горадам, зоркі вельмі яркія, бо атмасфэра ўзімку чысьцейшая. Вядома, калі ня падае сьнег ці няма завірухі.

— Чаму людзі сядалі, сядаюць есьці куцьцю менавіта са зьяўленьнем першае зоркі?

— Зьяўленьне першай зоркі сымбалізавала пачатак Сьвята зь некалькіх прычынаў. Па-першае, зоркі пачынаюць загарацца пасьля захаду сонца, а гэта азначае, што пачаўся новы дзень, таму й пачыналі сьвяткаваць. Па-другое, у культурным пляне зьяўленьне першай зоркі — пачатак сьвята Раства, Калядаў, то бок гэтая зорка сымбалізуе Бэтлеемскую зорку. Даволі шмат ужо казалі пра традыцыйна-міталягічны аспэкт гэтага сьвята пачатку новага году — рытуальнае забойства дзіка і да г.п., але, як на маю думку, бальшыня падобных дзеяньняў — толькі формы, якія захаваліся. А зьмест, безумоўна, зьмяніўся і стаў хрысьціянскім.

Цімафей Авілін

Цімафей Авілін

— Зорак жа шмат на небе. Ці мела быць нейкая пэўная зорка, ці абы-якая?

— З падобных кандыдатаў, вядома, можна вылучыць любую найярчэйшую зорку ў гэты пэрыяд. Але, да прыкладу, гэта магла быць і ўсім вядомая зорка (плянэта) Вэнэра, якую (у тым ліку ў Беларусі) называлі Бэтлеемскай зоркай. Яе ўзыход даваў магчымасьць ня толькі пачынаць есьці куцьцю, сьпяваць ня толькі хрысьціянскія канты, але й вельмі папулярны раманс на словы Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра». Бэтлеемская зорка, якая вяла чарадзеяў, а беларусаў вымушае выходзіць зімовым вечарам на вуліцу ды глядзець на зоркі, магла мэтафарычна называцца ў хрысьціянскім асяродзьдзі і «Зара Маці Божай». Можам прыгадаць, да прыкладу, абраз Маці Вострабрамскай — пашыраны вобраз Маці Божай з маленькім Хрыстом, якая стаіць над Маладзіком.

Маці Божая Вастрабрамская

Маці Божая Вастрабрамская

— Чаму менавіта Вэнэра атаесамлялася з Бэтлеемскай зоркай? А іншыя прэтэндэнты былі?

— Яшчэ адным кандыдатам на ролю пачынальніка сьвята можа быць зорка Каза, якую навукоўцы атаесамляюць з Капэляй. Хоць у Беларусі падобная назва фіксуецца адзінкава, яна адразу трапляе ў кола пэрсанажаў каляднага гурту.

— Бэтлеемская зорка калісьці вяла чарадзеяў, дык ці ёсьць тыя чарадзеі на небе?

— Так, ёсьць. Гэта даволі папулярнае сузорʼе Арыён, а дакладней, ягоная частка — пояс Арыёна. У нас яго маглі называць Тры Каралі — тыя тры каралі, якія прыйшлі да Хрыста пасьля яго нараджэньня. Вось як апісвае гэтыя тры зоркі жыхарка Дукоры:

«Тры браты. Адзін большы, срэдні сярэдні, а меншы пасярэдзіне стаіць, а большы з аднаго боку, і значыць, трошкі большанькі з другога, а меншанькі пасярэдзіне, эта я тожа чула. Да, ну зоркі — там чалавек, чалавечка шчэ галава, і так і рукі, і ўсё, і ўродзе так як яны ўжэ і бяруць, ну, эта ж нада ўсё сашчытаць. Тут ужо чула… Эта іх нада апрэдзяліць, яны ж не ўсегда могут выйці… Яны выходзяць па бальшых празьніках. Вот перад Вялікаднем солнушка іграе — далжны яны стаяць, яны тожа Богу моляцца. Да, Тры Браты…Ну, а Тры Браты этыя Богу моляцца, яны ўсегда перад Вялікаднем, перад Калядмі, і яны стаяць наўпор, усе разам сьвязаныя рука с рукою, ета я чула. Іх ня бачыла сама, не, ня буду гаварыць… Апрадзяліць па кропках, яны па кропках… У іх так как длінае ўсё, у іх не штаны, а дліныя такія, як пінжакі, і тут ета ўсё апрэдзяляецца па етаму».

— Якія яшчэ сузорʼі, а мо й плянэты, найлепей відаць на Каляды? Якія зь іх, так бы мовіць, не заходзяць? Што азначаюць яны?

— Яшчэ адным папулярным абʼектам гэтага часу можна назваць Божае Сіта, па-навуковаму — зорнае скопішча Пляядаў. Ёсьць розныя ўяўленьні, адкуль яно зьявілася на небе. Пад Слуцкам кажуць, што гэта месца, дзе адсейваюцца праведныя душы ад грэшных. Адам Міцкевіч пісаў, што праз гэтае сіта Бог прасеяў першыя зярняты жыта. А адна легенда, запісаная на польска-літоўскім памежжы, распавядае, што гэтае сіта трохі крывое і належала калісьці Маці Божай, але тая раптоўна села на яго і пагнула. А яшчэ што сьвятыя нешта не падзялілі паміж сабой і, цягаючы тое сіта, урэшце паламалі яго, а Бог сіта гэтак і павесіў на небе.

Пляяды. Фота ©Shuttetstock

Пляяды. Фота ©Shuttetstock

Зь незаходных сузорʼяў, якія можна глядзець і цягам Калядаў, можна назваць Вялікую Мядзьведзіцу. Кажуць, што гэта Брычка сьвятога Якуба або Воз сьвятога Ільлі. У сузорʼі Дракона беларусы бачаць таго зьмея, якога закалоў сьвяты Юры, і Бог зьмея павесіў ля зоркі, што заўжды стаіць на адным месцы.

Вялікі Воз, фота ©Shutterstock

Вялікі Воз, фота ©Shutterstock

— Увогуле як уяўлялі зорку архаічныя беларусы?

— Гэта добрае, але складанае пытаньне. Бо ёсьць, безумоўна, мэтафарычнае ўспрыманьне зоркі як душы чалавека, як ягонага лёсу. Такое ўяўленьне мае ўзаемныя ўплывы з графічнай візуалізацыяй у кнігах, храмах і г.д. Зь іншага боку, ёсьць этнаграфічныя запісы, паводле якіх людзі апісваюць зоркі як камяні, што ўпалі зь неба, або нават як нейкую сьлізь, а ва ўкраінскіх вераньнях на месцы падзеньня зоркі мусіць зьявіцца смала. Але гэтае хрысьціянскае тлумачэньне мае мэтафарычны сэнс, які ўказвае на тое, што зь неба скінулі чорта або грэшную душу. І зноўку — гэта хутчэй адзінкавыя фіксацыі, чым нейкія распаўсюджаныя вераньні. Заўжды былі людзі, якія больш ведалі або самі фантазіявалі, астатнія, як мне падаецца, або не асабліва цікавяцца і разьбіраюцца ў гэтым, або слухаюць «вучоных» людзей — сьвятароў, знахараў і ім падобных.

Сем зорак на «другой» сфэры — Вялікая Мядзьведзіца. Надпіс на ёй па-царкоўнаславянску: «7 зорак, называныя Лось, іначай Мядзьведзь». Пасхалія. XVIII ст. Расейская дзяржаўная бібліятэка, ф.242, № 66, арк.155 адв. — 156

Сем зорак на «другой» сфэры — Вялікая Мядзьведзіца. Надпіс на ёй па-царкоўнаславянску: «7 зорак, называныя Лось, іначай Мядзьведзь». Пасхалія. XVIII ст. Расейская дзяржаўная бібліятэка, ф.242, № 66, арк.155 адв. — 156

— Якія ўяўленьні людзей зьвязаныя зь лятучымі зоркамі?

— Лятучая зорка — душа чалавека, які памёр або нарадзіўся. Уласна кажучы, зорка толькі «пераходзіць зь месца на месца». Часам лічылі, што гэта ляцяць анёлы або цмокі, лятучыя зьмеі.

вы лятучых зорак. Радзівілаўскі летапіс. Канец XV стагодзьдзя Ілюстрацыі з кнігі: Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. — Менск, Тэхналёгія, 2015

вы лятучых зорак. Радзівілаўскі летапіс. Канец XV стагодзьдзя Ілюстрацыі з кнігі: Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. — Менск, Тэхналёгія, 2015

— Чаму менавіта на Каляды шырока практыкаваліся варожбы? Ці неяк асабліва зоркі стаяць у гэты час? Ці ня толькі ў зорках рэч, а ў самім сьвяце?

— Вядома, асаблівасьць ня ў тым, што зоркі неяк адмыслова стаяць, хутчэй наадварот, бо аснова бальшыні варожбаў — непрадказальнасьць. Цікава само сьвята і ягоную сувязь з Купальлем апісвае расейскі навуковец Аляксандар Страхаў. Зь ягонага гледжаньня, прадказаньні ўраджаю, сьвяточная магія і рытуалізм набываюць у гэты пэрыяд моц за кошт хрысьціянскай сакральнасьці сьвята — як успаміну пра нараджэньне Хрыста.

— На якія пытаньні перадусім людзі шукалі адказу ў варожбах, а менавіта ў калядных варожбах?

— Як і цяпер, раней усіх цікавілі тыя самыя пытаньні, зьвязаныя з урадлівасьцю ў шырокім сэнсе — грошы, дабрабыт, дзеці. Дзяўчат жа, безумоўна, — будучы жаніх, а ў істоце — стварэньне сямʼі.

Калядаваньне ў Нясьвіжы, 2014 год

Калядаваньне ў Нясьвіжы, 2014 год

— Якія дзеяньні ажыцьцяўлялі людзі перад зорамі?

— Апроч непасрэдна саміх назіраньняў за зоркамі з мэтаю варожбаў, маглі чытаць замовы, выносіць дасьпяваць ягады, ставілі падойнік з малаком. Зь іншага боку, сустракаюцца забароны «маліцца і хрысьціцца перад зорамі».

— А калі раптам ночы былі вельмі хмарныя і ніводнай зоркі не было відаць, што тады? Не варажылі? Неяк тлумачылі гэтую зьяву? Мо думалі, што нехта скраў тыя зоркі?

— Падобных тлумачэньняў мне не сустракалася, але вобраз выкраданьня зорак даволі папулярны, прыкладам, сустракаецца нават у Гогаля. Лічылася, што ведзьмы маглі красьці зоркі дзеля варажбы і ўзмацненьня сваёй чарадзейнай сілы. А гадалі і варажылі, безумоўна, ня толькі на зоркі. Усе мы ведаем пра варожбы на воску ў вадзе, пра завядзёнку абхапіць плот або перакідаць боты праз дах.

І цяперашняе пакаленьне варожыць

І цяперашняе пакаленьне варожыць

— Ці кожны мог варажыць? Ці здольнасьцямі варажбы надзялялі пэўнага чалавека? Чараўніка нейкага?

— Гадаць і варажыць папулярнымі шляхамі, так бы мовіць, вядома, маглі ўсе, хто дайшоў да пэўнага статусу. Маю на ўвазе, што дзяўчына, ужо гатовая пабрацца шлюбам, і будзе варажыць для сябе на будучуга жаніха. А вось малой дзяўчынцы або хлопцам гэта не асабліва было патрэбна — іншыя ўсё ж у іх сацыяльныя ролі. Пра рэальную варажбу чараўнікоў нейкія этнаграфічныя запісы ня так і проста знайсьці, бо гэта былі сакральныя веды. Тым ня меней, калі ўзгадаць, што ведзьмы — таксама чараўніцы, толькі са знакам «мінус», можна дапусьціць, што ў гэты час яны маглі ўзмацняць сваю чарадзейную моц праз пэўныя крадзяжы, каб скрасьці прыбытак у іншых людзей.

— А вы самі што адчуваеце ў Калядную ноч? Ці гледзіце на неба? Што шукаеце там? Што бачыце?

— Калядная ноч — гэта, безумоўна, сьвята. І ў гэтае сьвята мне больш падабаецца менавіта калядаваць — хадзіць гуртом каляднікаў, сьпяваць калядныя песьні, удзельнічаць у міні-сцэне «Сьмерць і нараджэньне Казы». На неба ж гляджу заўжды, калі яно бясхмарнае, а шукаю, як і большасьць людзей, надзею на станоўчыя зьмены ды перамены ў жыцьці да найлепшага.

— Ці варта сучаснаму чалавеку глядзець на неба? Сваю зорку шукаць там?

— Зіма, хоць гэта не найцяплейшы пэрыяд і не заўжды бясхмарны, — добры час назіраць нябесныя сьвяцілы. Што да калядных ночаў, дык гэта пэрыяд практыкаваньня шэрагу варожбаў, у тым ліку ўгрунтаваных на асацыятыўных прадказаньнях. Гэтак, выходзілі на вуліцу і глядзелі, колькі на небе зорачак — калі шмат, дык улетку будзе шмат грыбоў, ягадаў і пчолаў. Нават ёсьць блізкая загадка: «Колькі на небе зорачак, столькі на зямлі дзірачак» (пожня). Пэўную ўвагу надавалі і лятучым зоркам, якія добра відаць ня толькі ўвосень (папулярныя Леаніды) і ўлетку (Пэрсэіды). Так, увечары дзяўчаты выходзілі на вуліцу і сачылі, куды паляціць іхная «абраная» зорка. У які бок зорка ляцела, адтуль і прыйдзе яе жаніх. Часам падобныя зоркі сымбалізавалі анёлаў, якія спускаюцца на зямлю.

Вячаслаў Ракіцкі, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика