This movie requires Flash Player 9
04.03.2016 | Гісторыя

Якуб Колас супраць ГПУ: справа “лістападаўцаў”

У сакавіку 1926 года ў Мінску пачалася гучная судовая справа, замяшаны ў якую аказаўся сам Якуб Колас.

На лаве падсудных апынуліся пяць маладзёнаў, якія нібыта належалі да нелегальнай антысавецкай арганізацыі, а таксама яе кіраўнік Юрка Лістапад, былы ўдзельнік Слуцкага паўстання. Ад яго прозвішча і пайшла назва працэсу: у тагачаснай савецкай прэсе яго гучна менавалі “лістападаўшчынай”. Насамрэч нічога крымінальнага хлапцы не рабілі: любілі Беларусь, чыталі кніжкі, пісалі вершы. А што яшчэ мусілі рабіць слухачы курсаў па беларусазнаўстве ў БССР на занятках літаратурнага гуртка?

Іна Рытар у сваіх успамінах пра Якуба Коласа згадвала: “Лістападаўцы” – пяць юнакоў у веку ад 15-ці да 22-х гадоў, студэнтаў агульнаадукацыйных курсаў у Слуцку, і іхны настаўнік Юры Лістапад. Іх абвінавачвалі ў друкаванні і распаўсюджванні антысавецкай літаратуры, падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, планаванні ў змове з “буржуазнаю Польшчаю” адарваць БССР ад Савецкага Саюза. Фантастычныя абвінавачванні! А доказы? Мізэрныя! Колькі нумароў рукапіснага часопіса “Наша слова”, выдаванага літаратурным гуртком на курсах. Творы часопісаў – вершы, апавяданні, – наіўныя, аматарскія, але прасякнутыя шчырым замілаваннем ад Беларусі”.

Аднак у мінскім ГПУ ведалі, што насамрэч хлапцы займаюцца не толькі літаратурнымі практыкаваннямі, але і клеяць іх вынікі на слупах у Слуцку. Некалькіх расклееных улётак было дастаткова, каб арыштаваць маладых людзей. Іх “прынялі” ўвосень 1925 года. Прыкладна ў той жа час былі праведзеныя ператрусы не толькі ў фігурантаў справы, але і ў Якуба Коласа, які быў асабіста знаёмы з Юркам Лістападам, і Нічыпарам Мяцельскім. Падчас ператрусу ў Коласавай хаце быў знойдзены верш Мяцельскага “Дзе”, які і паслужыў асновай для абвінавачванняў. З жывога класіка беларускай літаратуры хацелі зрабіць калі не лідара маладых антысаветчыкаў, дык дакладна іхняга аяталу. З галоўным фігурантам справы Юркам Лістападам Колас быў знаёмы з лета 1923 года, калі разам з Язэпам Дылай, былым наркамам працы ў першым урадзе БССР, быў камандзіраваны ў Слуцк выкладаць на курсах.

Першы допыт Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча па справе “лістападаўцаў” адбыўся 10 снежня 1925 года, калі яго выклікаў на гутарку да сябе начальнік сакрэтнага аддзелу ГПУ БССР таварыш Рэмізаў. Цікавы факт: у пратаколе допыту не пазначана, у якасці каго праходзіў вядомы беларускі пісьменнік – сведкі ці абвінавачанага.

Цвёрда трымаўся паэт на дапросе, тоячы думкі і словы свае. Падчас усіх допытаў Колас стаяў на сваім: маўляў, маладзёнаў ведаю, грошы ім даваў, вершаў іх не чытаў, пра антысавецкія пагляды чуць не чуў і ведаць не ведаў. Нічога лішняга, што магло б скампраметаваць сябе ці падсудных, у яго словах няма. Бачна, што класіку добра прыдаўся арыштанцкі досвед. У гэты ж час прэса ўчыніла сапраўдную істэрыю. Дасталася, канечне ж, і Коласу. Жывому класіку давялося змагацца і з журналістамі, звяртаючыся з лістамі ў рэдакцыі газет з пратэстам “супроць усялякага правакацыйнага прыплятання”.

Нарэшце 5 сакавіка 1926 года пачаўся судовы працэс. Іна Рытар апісвае яго так: “Працэс быў публічны. У часе ягоных паседжанняў у Доме працаўнікоў асветы зала заўсёды перапаўнялася, галоўна студэнцкай моладдзю. Мы бачылі, што судовы разгляд вядзецца паводле загадзя акрэсленага кірунку. Абвінаваўцы рэальных фактаў злачыну не мелі, таму спрабавалі інсцэніраваць іх. Падрыхтавалі двух правакатараў: аднаго – перабежчыка з Заходняй Беларусі, другога – хлапца-случчака, студэнта Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску. Паказанні абодвух сведкаў хлуслівыя, прадыктаваныя ГПУ”.

І спадарыня Рытар мела рацыю ў сваіх словах, бо, як высветлілася пазней, справа “лістападаўцаў” была на самым высокім кантролі ў Маскве. Яшчэ 28 студзеня 1926 года адбылося пасяджэнне Палітбюро ЦК ВКП(б), на якім разглядалася пытанне “Об открытой в Белоруссии подпольной контрреволюционной организации”. Сябры палітбюро прынялі шэраг прапаноў тагачаснага намесніка наркама юстыцыі РСФСР Мікалая Крыленкі, сярод якіх была і наступная: “Приговор, ввиду молодости членов группы и неопытности их – должен быть не выше 3-5 лет тюрьмы”. Пратакол паседжання падпісаны Сталіным.

Экспертам “па экстрэмізме” на судовым працэсе выступіў Зміцер Жылуновіч, той самы, які ў студзені 1919 года абвясціў БССР у Смаленску. Ён моцна раскрытыкаваў дзейнасць лістападаўцаў. Акрамя яго будуць гаварыць Аркадзь Смоліч і Максім Гарэцкі, а таксама іншыя сведкі, запрошаныя дзяржаўным абвінаваўцам. Але асноўны момант – выступ Якуба Коласа, які, у адрозненне ад Жылуновіча, не будзе накатваць на падсудных.

Віленская газета “Беларускае слова” пра справу Юркі Лістапада, 1926 год.

Згаданая ўжо вышэй Іна Рытар так апісала яго: “Допыты Я. Коласа на працэсе былі адным з найбольш узрушаючых маментаў. Памятаю, як сёння, вялікую паўцёмную залу, да адказу набітую людзьмі. На зырка асветленай сцэне, з левага боку, за сталом, накрытым чырвоным сукном, сядзелі суддзі. Я. Колас павольна выйшаў на сярэдзіну сцэны. Ён стаў насупраць стала ў такім месцы, што быў тварам да нас не менш, як да суседзяў. Стоячы адказваў на пытанні. Часам здавалася, што ён больш гаворыць да тых, хто ў зале, а не да суда і абвінаваўцаў. Што захапіла нас тады бязмерна – гэта поўны кантроль паэта над сабою. Ніводнага непатрэбнага жэсту, руху, выразу твару. Ягоны нягучны голас, без адзінае ноткі хвалявання, быў чутны ў кожным куточку занямелае залы”.

Колас і тут не адступіўся ад сваіх прынцыпаў, заявіўшы, што даведаўся пра існаванне “контррэвалюцыйнай арганізацыі” толькі на папярэднім дазнанні. Класік прызнаў, што Нічыпар Мяцельскі дасылаў яму вершы з антысавецкім зместам, але паэт на гэта “не звярнуў увагі”. Бывае, як той казаў…

«Лістападавец» Міхась Дземідовіч разам з маці і малодшым братам. Пачатак 1920-х

Па выніках судовай справы, якая скончылася 18 сакавіка 1926 года, хлапцы атрымалі адносна невялікія турэмныя тэрміны. Адбывалі іх у мінскай турме. У хуткім часе па амністыі ўсе яны выйдуць на волю. На гэтым, праўда, іх злыбеды не скончацца – наперадзе будуць сталінскія 1930-я. Найбольш за ўсіх дасталася лідару гуртка – Юрка Лістапад акажацца фігурантам іншых гучных працэсаў над беларускай інтэлігенцыяй, будзе асуджаны, трапіць у высылку, дзе ўрэшце і загіне.

Вось іх імёны: Юрка Лістапад, Міхал Дземідовіч, Міхал Макарэня, Нічыпар Мяцельскі, Ціт Курбыка, Казак Мікалай.

 

 

Канстанцін Касяк


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика