З моманту вяртання на сцэну стваральнік знакамітага беларускага гурта «Mauzer» пасьпеў шмат. Пастанавіўшы паспрабаваць сябе ў новым стылі, Ян сабраў новую каманду, зь якою запісаў колькі ўдалых трэкаў і нават зьняў на адзін зь іх кліп. Сайт
violex.info даведаўся, дзе ж гэтак доўга прападаў адзін зь лідараў беларускае рок-сцэны ды чым ён плянуе заняцца цяпер.
VIOLEX: Падзяліцеся, што адбывалася ў Вашым жыцьці за час адсутнасьці на сцэне? Пэўна, за гэтыя 4 гады шмат зьмянілася?
Ян: Калі лічыць з заканчэньня «Маўзэра», то 6 гадоў, але, сапраўды, з 2014 мы пачалі праект «МАМА». Гэта калі лічыць бачнае, бо было яшчэ шмат нябачнае працы — мы й «Маўзэр» спрабавалі аднавіць, і музыкаў я шукаў доўга ды ўпарта, песьні пісаў увесь час.А зьмянілася… Стыль памяняўся, бо гэты больш гнуткі. Мне падабаецца мэталічны саўнд таксама, але мэтал патрабуе большага радыкалізму ў эмоцыях, паўтоны не дазваляюцца — вымогі жанру. А яшчэ было вось як: я схадзіў на канцэрт «KoЯn’у», а потым праз кароткі час — на «Мумі Троля». І больш драйву было на выступе каманды Лагуценкі. Гэта мяне ўразіла. Я зразумеў, што ўзровень драйву са сцэны не заўсёды залежыць ад ступені перагружанасьці гітары ці колькасьці таноў, на якія заніжаны гітарны лад.
VIOLEX: Пра гурт «Маўзэр» на момант пачатку дзьвюхтысячных ня ведаў хіба што лянівы. Але ж сёньняшні Ян Маўзэр і той, каго ведалі ў тыя часы, моцна адрозьніваюцца. Што зьмянілася ў Вашым успрыманьні, у Вашым сьветаадчуваньні, у Вашым разуменьні музыкі? Як Вы прыйшлі да ню-мэталу, што абумовіла такі арыгінальны для Беларусі фармат? Якім чынам Вы перайшлі ад выкананьня музыкі ў ню-мэтале да клясычнага року?
Ян: Гэта была такая гульня. Мы з гітарыстам пастанавілі граць гард-кор. Проста з прынцыпу: а чаму б і не. Мы называлі гэта гард-корам тады, калі ўсе так называлі ню-мэтал. Граць мы такога ня ўмелі й музыкі падобнае ня слухалі. Кажуць, што на нас паўплываў «KoЯn» — безумоўна, яны бацькі стылю, але найбольш нас уразілі й натхнілі нашыя землякі — «3t.on». Магутная была каманда. Яна й цяпер існуе і добра грае, але тады ў Магілёве гэта былі проста культавыя рабяты.Напэўна, уважлівыя прыхільнікі «Маўзэра» заўважылі, што першы й другі альбом моцна адрозьніваюцца. Гэта было абсалютова натуральным. Мы ня ставілі перад сабою заданьня арыгінальнічаць, лезьці са скуры, каб ня быць падобнымі на самых сябе. Проста пісаліся песьні, паступова мы намацвалі свой стыль. Ведаеце, «Роўлінгі» пачыналі з кавэраў. Мы пачыналі са сваіх песень, але якія падобныя адразу на ўсіх бацькоў стылю. Потым «Роўлінгі» прыйшлі да ўласнае пазнавальнае творчасьці. Я ня ведаю, ці зрабілася творчасьць «Маўзэра» пазнавальнаю, але мы таксама рухаліся ў бок свайго. Ведаю, што прайшлі шлях не да канца. Пасьля другога альбому у нас былі 3 песьні, якія нам падабаліся найбольш — мы ў іх чулі сьвежы вецер. І мы паступова дрэйфавалі ў рокавы бок.
VIOLEX: Ці зрабіўся для Вас знакавым выступ на «Джынсавым фэсьце» ў 2006 годзе, калі падчас выкананьня адлучылі электрычнасьць, і Вы чыталі тэкст акапэльна, у мэгафон?
Ян: Знакавым ці не — цяжка сказаць, але гэта запамінальны момант :)
VIOLEX: У 2011 годзе ў інтэрвію «Нашай Ніве» Вы аказаліся, што жадаеце аднавіць легендарных «Маўзэраў», толькі ў новым складзе. Пасьля, ужо ў 2014-ым, Вы адзначылі, што гэта немагчыма. Ці адмовіліся Вы ад гэтае ідэі? Як Вы ставіцеся да мінулае творчасьці цяпер? Ці ёсьць якіясьці наметкі? Магчыма, Вы ўжо ведаеце, з кім жадалі б працаваць? Ці зьменіцца фармат музыкі новых «Маўзэраў»?
Ян: У 2011-м гэта было актуальна, цяпер ужо не. Можа быць, мы запішам незапісаныя песьні, але выступаць… Ну, хіба, калі пасівеем і адросьцім прыстойныя пузы :)VIOLEX: Нядаўняе вяртаньне легендарнага Янкі Маўзэра на сцэну — што гэта? Такім чынам Вы нагадваеце пра сябе, жадаеце працягнуць слаўны пачатак «Маўзэраў» ці «перазапусьціць» уласную музыку, зрабіць яе новаю, іншаю?
Ян: Я пішу песьні, хачу, каб яны гучалі — вось і ўсё. Безумоўна, гэта зусім іншая музыка. Але на канцэртах мы з «МАМАю» абавязкова сыграем пару трэкаў з «Маўзэра». Спадзяюся, гэта будзе цікава публіцы.VIOLEX: У чым адрозьненьне Вашае творчасьці ў межах «Маўзэра» і таго, што Вы робіце цяпер?
Ян: Найперш, раней я пісаў пераважна тэксты, цяпер пішу песьню — тэкст, мэлёдыю, гармонію. Мне здаецца, гэта больш арганічна, бо ў мяне мэлёдыя нараджаецца з інтанацыі тэксту. А хто лепей за аўтара ведае, як мусіць тэкст гучаць.VIOLEX: Творчасьць «Таварыша Маўзэра» была шмат у чым скіраваная на палітыку, сёньняшні ж Ваш праект з назваю «МАМА» пакуль не паказвае такіх рысаў. Вашае дачыненьне да палітыкі зьмяніліся? Як бы Вы ахарактарызавалі Яна тады і Яна сёньня?
Ян: Дазвольце, я ўдакладню. Вось мне тады часта казалі, што музыкі ня мусяць займацца палітыкаю. Ці што музыка мусіць быць па-за палітыкаю. Наконт першага я адказваў, што мы ж не бяром удзелу ў выбарах і ні за каго не агітуем — якая ж гэта палітыка? А наконт другога: гэта дзіцячая пазыцыя — быць па-за палітыкаю. Што такое дзіця? Гэта чалавек, у якога няма адказнасьці. Я б быў па-за ёю, жывучы, напрыклад, у Бэльгіі ці Швайцарыі, бо там гэта можна сабе дазволіць. Жывучы ў Беларусі, я сабе гэтага дазволіць ня мог.Тым ня менш, тое, што вялікая частка тэкстаў адносілася да грамадзянскае лірыкі, — гэта факт. Ня ведаю, як будзе цяпер. Я перажываю за ўсе працэсы, якія адбываюцца вакол нас. Трэба быць бяздушным, каб не заўважаць, прыкладам, як Трэці Рым стаў Трэцім Райхам. І трэба быць бесклапотным, каб не баяцца адчуць на роднае зямлі сьлед братняга бота.
VIOLEX: «МАМА» ўжо мае колькі новых трэкаў, успрынятых, мяркуючы з водгукаў на «Тузіне», на «ўра». Над папярэднімі альбомамі ў мінулым праекце праца ішла досыць доўга. Пытаньне, магчыма, залішне звыклае, але калі ж альбом? Ці зьменіцца Вашае прывычнае «выношваньне» трэкаў на больш хуткае выданьне?
Ян: Ну, я нават ня ведаю, як тут будзе. У прынцыпе, альбомы — гэта састарэлы жанр. Вы калі слухалі альбом апошнім разам? У большасьці ёсьць проста плэй-ліст зь песьнямі розных выканаўцаў. Напэўна, калі запішам дастатковую колькасьць песень, аб’яднаем іх пад агульнаю назвай і выдадзім альбом. Насамрэч матэрыялу на альбом дастаткова, пытаньне толькі ў тэхнічных цяжкасьцях нашае працы ды фінансавых абмежаваньнях. А пра краўдфайдынг мы неяк ня думалі.
VIOLEX: Песьня «Сеяць вецер» гучаньнем крыху нагадвае раньнія працы Кінчава й творчасьць Віктара Цоя агулам. Скажэце, чым Вы натхняецеся ды якім чынам з змрочных, дэпрэсіўных трэкаў «Маўзэра» вырасла такая жыцьцесьцьвярджальная праца?
Ян: Я напісаў першыя радкі «Сеяць вецер», калі ехаў у трамваі на Плошчу 19 сьнежня 2010 году. Я ведаў, што імавернасьць нашае перамогі роўная прыблізна нулю. Але я б пачуваўся дэзэртырам, калі б не пайшоў туды. І таму — «колькі б нас не зьбівалі з ног, мы будзем падымацца з кален», зноў і зноў, да перамогі. Трэба перастаць упівацца ўласным горам — моцаў не застанецца. Для руху наперад патрэбны адчайны аптымізм.Наконт цоеўшчыны. Ёсьць такі стыль — нью ўэйв. Прадстаўнікамі гэтага стылю на савецкай сцэне былі раньняя «Аліса», «Тэлевізар» і «Кіно». Мне гэты стыль падабаецца, так, але рэч ня ў тым. Гітарыст прапаноўваў розныя варыянты аранжаваньняў, усе былі цікавымі, але вось гэты просты й круты рыф, які гучыць у песьні — вы б ад яго адмовіліся? Гэта ж ідыятызм быў бы — адмовіцца ад геніяльнага рыфу толькі таму, што ў большасьці ён асацыюецца з «Кіно». Яшчэ, раю ў пляне адукацыі азнаёміцца зь песьняю «Barbarism begins at home» ансамблю «The Smith».
VIOLEX: Распавядзіце падрабязьней пра відэаролік, што цалкам нядаўна выйшаў, на твор «Сеяць вецер». Як ішла праца, як Вы пастанавілі, што відэа трэба здымаць менавіта ў такой эстэтыцы?
Ян: Можна было зьняць тысячамі спосабаў, вядома. Я раіўся з рэжысэрам — Лёшам Александровічам, мы думалі, што мы можам зьняць і колькі гэта будзе каштаваць. Вырашылі, што выбраны варыянт будзе цалкам рокавым, але пры гэтым дастаткова бюджэтным па сродках, бо я ж не алігарх. А іншыя мае ідэі цягнулі ўжо на невялікі блокбастэр. Ну й былі складаныя ў рэалізацыі ўвесну, бо патрэбная была іншая прырода. Адпаведна, давялося б альбо рабіць шмат графікі (зноў бабло), альбо пераносіць здымкі (губляем час). Таму пастанавілі проста здымаць рок. І вэнтылятары як мэтафару сеяньня ветру.
VIOLEX: Наконт дэбютнага трэку «МАМЫ» «Вам!» — ці ёсьць нейкая аналёгія зь вядомым вершам Уладзіміра Маякоўскага? Ці ёсьць пабудаваньне трэку на кантрастах — досыць пяшчотная музыка й суворы тэкст?
Ян: Аналёгіі з Маякоўскім няма, хоць я ведаю гэты ягоны верш, безумоўна. Мне здаецца, там няма кантраставасьці тэксту й музыкі, усё супадае ў настроі. Але, бачыце, у нас розныя адчуваньні — гэта норм.VIOLEX: Вы ў адным з інтэрвію згадвалі, што працуеце над кліпам на песьню «Вам!». Фабула новага відэа нейкім чынам зьвязаная з падзеямі на Майдане? Калі будзе прэм’ера ды чаго ўвогуле чакаць ад роліку?
Ян: Мы здымалі кліп на «Вам!», але паколькі я рабіў мантаж сам, атрымаўся кал, і я проста яго сьцёр. Пераацаніў свае магчымасьці. Там ня фабула зьвязаная з падзеямі на Майдане, проста былі здымкі, ў тым ліку й на Хрэшчатыку, ды йшлі нашыя хлопцы на заднім пляне, несьлі бел-чырвона-белы сьцяг. Такая вось прыемная выпадковасьць.VIOLEX: Ці ёсьць нейкі агульны матыў у трэкаў «МАМЫ»? Ці жадаеце Вы аб’яднаць сэнсамі гэтыя творы (як у ЕР ці альбоме) ці ўсё ж яны мусяць успрымацца асобна адно ад аднаго?
Ян: Не, ніякіх агульных матываў няма. Не хачу выдумляць штучную канцэптуальнасьць. Кожная песьня — асобны твор. Зьвязаныя яны толькі асобай аўтара й часам напісаньня, прыблізна.VIOLEX: Усе ўдзельнікі гурта жывуць у розных гарадах. Як працуецца над трэкамі ў такіх умовах?
Ян: Я пішу песьню, запісваю яе ў мікрафон ноўта (у Кіеве), шлю гітарысту. Той робіць аранжыроўку, запісвае гітарную партыю (у Магілёве). Далей пішуцца бубны. Потым вакал і бас (гэта можа быць у рознай пасьлядоўнасьці, але ўсё ў Менску). Потым гітарыст перапісвае гітару, крыху зьмяняючы партыю, бо ён ужо натхніўся думкамі драмэра й басыста. Потым адбываецца зьвядзеньне й майстарынг — яго робіць Kolxz — колішні гітарыст «Mauzer’а».VIOLEX: Калі «МАМУ» можна будзе чакаць з канцэртамі?
Ян: Мусілі быць канцэрты яшчэ ў канцы траўня, але не дамовіліся наконт сумы ганарараў — мы ж … (ну вы ведаеце) і нам патрэбныя ўсе грошы сьвету. Таму, можна будзе чакаць тады, калі будзеце чакаць. Спадзяемся, Менск — канец верасьня.VIOLEX: Ці плянуеце Вы браць удзел у рок-каранацыі, іншых фэстах ці конкурсах ужо з новым праектам?
Ян: У конкурсах браць удзелу не плянуем, а ў фэстах — калі запросяць.VIOLEX: Горача дзякуем за размову! Ад усяе душы зычым Вам посьпехаў ува ўсім!
Ян: Дзякую, посьпехаў і вам!