22.03.2017 | Музыка

Янка Бі Гуд. Як Чак Бэры прыдумаў нам электрычнасць

З чаго пачынаецца электрычнасць? Не са школьных заняткаў па фізіцы. Не з няўдалай спробы замяніць лямпачку, калі няслаба так дзеўбанула токам. Тым больш не са славутай “лямпачкі Ілліча”. Плюс, блін, электрыфікацыі ўсёй краіны. Сапраўдная электрыка – не дроты ды лінкі, а асабісты драйв з пераходам у каманднае шаленства. Гэта харэаграфія супраціву дурным абставінам, дзяржаўнай хлусні  ды кіраванай культурцы. Яна паўстае нібыта ніадкуль. Як бы з побытовага хлуду. З лёгкіх красовак пасля вайсковых ботаў. З першай бел-чырвона-белай налепкі на сэрцы. З халоднай раніцы, калі з падвойным эспрэса курыш на ганку. З дзявочага позірку на трамвайным прыпынку – а ты такі ўвесь дваццацігадовы і ўсё яшчэ наперадзе. І, бясспрэчна, з кантрабанды свабоды – чорных рок-н-рольных вінілаў. Першы партызан электрычнасці Чак Бэры пару дзён таму сышоў на свае электрычныя нябёсы.

berry2

Лічбы хлусяць. І факты не важаць анічога. Ну, было старэчы ажно 90. Ну, да апошняга граў канцэрцікі – як кажуць адмыслоўцы, абсалютна жахлівай якасці. Апранаўся ў ідыятычныя гарнітурчыкі і капітанскія фуражачкі а-ля Астап Ібрагімавіч. Фоткаўся з Білам Клінтанам і Тоні Блэрам. Любіў жанчын – магчыма, занадта. Упершыню трапіў у вязніцу няпоўнагадовым – за групавы ўзброены крадзеж. Потым яшчэ пару разоў – за (нібыта) цьмяныя справы з малалеткамі ды ўхіленне ад падаткаў. Судзіўся за аўтарскія правы з “бітлом” Джонам Ленанам і “бічбоем” Браянам Вільсанам. Напісаў большасць залатых хітоў рок-н-рола – але не здолеў азалаціцца. Музычны цярпіла? Амерыканскі лузер? Здаецца, так. І абсалютна не так.

Мастацтва жыцця не мае нічога агульнага з жыццёвым поспехам. Якраз наадварот: першае з другім прынцыпова несумяшчальнае. Бо рэжысура поспеху мае звычку ператварацца ў рэдактуру лёсу. І тады губляецца фантастычная прыгажосць непрадказальных учынкаў і неразумных паводзінаў, спантанных рухаў ды геройскага абышто. Знікае прыгажосць адхіленняў ды хістанняў. Жыццё памірае. Застаецца сцэнар.

Каб адбыцца Чакам Бэры, трэба найперш нарадзіцца чорным. Застацца без адукацыі. Атрымаць першы досвед сістэмнай гітарнай працы ў турэмным аркестры. Граць паўсюль і ўсё, за што плацяць. Слухаць старыя чорныя блюзы напалам з каўбойскім кантры ды вясковым хілбілі. І дзесьці бліжэй да трыццатніка зразумець, як з усяго гэтага зрабіць новы гук ды новыя словы. Чак Бэры не проста падлучыў сваю гітарку да напругі. Ён сам і быў той напругай.

Амаль сінхронна ў сярэдзіне 1950-х стартавалі іншыя электрыкі: пухнаты Біл Хэйлі, нахабны Джэры Лі Люіс, далікатны Бадзі Холі. Выпрабоўваў вакальныя здольнасці мэмфіскі хлопчык Элвіс Прэслі. Але Чак вылучаўся сярод іх, як чорны груган сярод бялявых галубоў. Не колерам скуры (побач шчыравалі Літл Рычард і Фэтс Даміно). А градусам драйву. І непаўторным мастацкім почыркам.

“Sweet Little Sixteen”, “Roll Over Beethoven”, “Memphis Tenessee”, “Rock And Roll Music”, “Johnny B. Goode”… Так, ён цяпер спяваў толькі сваё. Няпростыя складанкі простых словаў. Пра школьныя справы і салодкіх шаснаццацілетак, пра танцы ў танных кнайпах і абдымашкі ў адкрытых аўто, пра хлапцоў з гітаркамі і дурнымі марамі пра Галівуд, пра начныя вандроўкі абы-куды і сямейныя войны. І пра новую музыку, з якой не варта змагацца: “Валі адсюль, Бетховен! І распавядзі навіны Чайкоўскаму!”. Маўляў, прыйшлі свежыя пацаны са сваёй гульнёй. І далей усё будзе інакш. Чорны аўтсайдар дзёрзка пазначыў змену матрыцы.

Чак абвясціў культурную рэвалюцыю. І, як цяпер бачна, цалкам меў рацыю. Пазней падцягнуліся Боб Дылан і Джон Ленан, Эрык Клэптан з Мікам Джагерам, “паплы” і “цэпеліны”. Але той хударлявы мурын з сумным позіркам застаўся першым, хто паставіў на кон не поспех, а самога сябе. Зрабіў рок асабістай прыгодай даўжынёй у жыццё.

Бэры быў першым вялікім аўтарам рок-н-рола – сапраўдным вулічным паэтам і гітарным дыверсантам. Акуратныя белыя рокмэны, што далікатна кранаюць свае струны, па ўсіх параметрах прайгравалі агрэсіўнай бэрыеўскай гітарцы – з пазнавальнымі дынамітнымі сола, закручанымі, як спружына гадзінніка, якой цесна ў сваёй бляшанцы.

Чак Бэры ператварыў гітарную працу ў падзею і выклік – у штосьці нашмат большае за банальны фон да поп-вакалу. Таму ўсе гітарныя зоркі, што былі пасля, ад Джымі Хендрыкса да Піта Паўлава, – ягоныя нашчадкі ды спадкаемцы.  Як і ўсе электрычныя паэты – ад Ленана да Вольскага (незалежна ад таго, ці ведаюць яны пра гэта).

Што робяць сівыя джынсовыя чувакі, калі праграму ўжо адыгралі, а сэрца просіць яшчэ больш угару? Граюць Чака Бэры. Пад што танчаць у “Крымінальным чытве” Ума Турман з Джонам Траволтам (яна босая, ён у шкарпэтках)? Пад песеньку Чака. Хто сваім зонгам даў назву колішняй легендарнай мінскай рок-кнайпе? Той самы Чак.

А найлепшым зваротам да нефарматных культурактывістаў усіх часоў застаецца ягоны гітарны сігнал з сярэдзіны мінулага стагоддзя: “Go-go! Go, Johnny, go! Johnny B.Goode…”

Жыві насуперак. Гары, пакуль не сышоў у попел. Рабі сваё. І ў дупу наступствы.

Максім Жбанкоў, budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика