17.04.2017 | Гісторыя

Яны былі першыя. Аляксандар Уласаў

Аляксандар Уласаў

Аляксандар Уласаў

Уласаў Аляксандар Мікітаў. Нар. 16.08.1874 у г. Вялейка Віленскай губ. (цяпер раённы цэнтар Менскай вобл.). Памёр 11.03.1941 г. Месца сьмерці і месца пахаваньня невядомыя.

Калісьці гісторык В. Скалабан апавядаў, як беларускія пісьменьнікі, якія жылі ў Менску, у ліп. 1920 прыйшлі да А. Чарвякова ды спыталіся ў яго: што чакаць ад бальшавіцкай улады? І Чарвякоў шчыра сказаў: калі што якое, будуць страляць, не паглядзяць, што пісьменьнік. Пачуўшы такое, А. Уласаў хуценька паехаў у сваю Мігаўку, пад Радашкавічы.

Фальварак Мігаўку (60 га зямлі) купіў бацька Ўласава, цывільны палкоўнік, калі яго, паштовага чыноўніка, з Табольску перавялі ў Вялейку. З павятовай Вялейкі бацьку накіравалі ў губэрнскую Вільню, але кар’ера ня склалася: за службовае ўпушчэньне яго са сталіцы Паўночна-Заходняга краю перавялі ў сталіцу Палесься — Пінск. У гэтым горадзе, пакінуўшы на руках у жонкі 6 дзяцей, бацька ў 1887 памёр.

У «Минских епархиальных ведомостях» можна прачытаць, што Ўласаў вучыўся ў Пінскім духоўным вучылішчы, што ў 1885 ён пераведзены ў ІІ клясу, а ў 1886 яму была прызначана праэкзамэноўка з расейскай мовы і арытмэтыкі. Больш пра яго вучобу ў духоўным вучылішчы зьвестак няма. Мэмуарысты ж паведамляюць, што сям’я зь Пінску пераехала ў Менск, дзе юны Ўласаў паступіў у рэальнае вучылішча. Аднак маецца згадка пра тое, што скончыў ён рэальнае вучылішча ў Лібаве. Яшчэ трэба даведацца, як насамрэч называлася тая ўстанова ў Рызе, у якой Уласаў вучыўся пасьля рэальнага: політэхнічны інстытут, політэхнічнае вучылішча ці палітэхнікум? Зноў жа, некаторыя сьцьвярджалі, што курс гэтай установы Ўласаў ня скончыў, але атрымаў дыплём Пятроўска-Разумоўскай земляробчай і лясной акадэміі.

Нельга сказаць дакладна, калі Ўласаў пазнаёміўся з І. Луцкевічам, але з ягоных жа ўспамінаў вынікае, што ён, студэнт, і на 6 год маладзейшы менскі гімназіст набіраліся беларускага духу ў знаўцы нашай мінуўшчыны, менскага архэоляга Генрыха Татура. Таму ня дзіва, што разам з братамі Луцкевічамі Ўласаў быў адным з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, стаў у студз. 1906 сябрам яе Цэнтральнага Камітэту, а ў сьнеж. — рэдактарам-выдаўцом партыйнай газэты «Наша Ніва». На гэтай пасадзе яму давялося зьведаць і канфіскацыі асобных нумароў газэты, і пастаяць перад судом за свой артыкул «Народ і Дума». Мала таго, што 22.01.1910 Віленская судовая палата прысудзіла яму 2 месяцы крэпасьці, яго нават хацелі былі пазбавіць права займаць пасаду адказнага рэдактара якога-небудзь пэрыёдыку. Уласаву ўдалося аспрэчыць гэтае рашэньне піцерскіх чыноўнікаў. І хоць з таго часу да яго выдавецкай дзейнасьці ставіліся «с особою тщательностью и вниманием», у 1912 Уласаў стаў рэдактарам-выдаўцом яшчэ аднаго выданьня — першага беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха», а ў 1914 — выдаўцом часопіса для моладзі «Лучынка» (рэдактаркай была А. Пашкевічанка-Цётка). Рэдактар, выдавец, таленавіты публіцыст, ён быў таксама аўтарам артыкулаў на тэмы мясцовага самакіраваньня і эканамічнага жыцьця. З усіх беларускіх аўтараў, якія пісалі пра эканоміку, у ёмістай манаграфіі В. Бусько з гісторыі эканамічнай думкі Беларусі 1861–1939 (2009) імёны А. Смоліча і Ўласава згадваюцца найчасьцей.

1-я сусьветная вайна спыніла выдавецкую і рэдактарскую дзейнасьць Уласава. З успамінаў Л. Сівіцкай мы ведаем, што Ўласаў быў мабілізаваны, што ў 1915–1917 служыў у Менску, быў госьцем у Беларускай хатцы і Беларускай кнігарні. Праўда, мэмуарыстка не паведаміла, якога роду служба была ў яго. Магчыма, службаю можна патлумачыць тое, што імя Ўласава ня згадваецца ў пратаколе Зьезду беларускіх арганізацый 25–27.03.1917. Затое ягонае імя мы сустракаем у сьпісе сябраў паўсталай у тр. 1917 Беларускай народнай партыі сацыялістаў (слова «сацыялістаў» у назьве гэтай партыі — даніна тагачаснай модзе на сацыялізм).

У кастр. 1917 Уласаў стаў сябрам прэзыдыюму Вялікай Беларускай Рады, з ініцыятывы якое быў скліканы Ўсебеларускі Зьезд. На Зьезьдзе Ўласаў прадстаўляў воінаў-беларусаў Заходняга фронту. Пэўна, ягоная паправеласьць была прычынай таго, што яго, аднаго з пачынальнікаў беларускага вызвольнага руху ХХ ст., не абралі ў Раду Зьезду, якая ў сак. 1918 стала Радай БНР. У лют. 1918 Уласаў увайшоў у Менскае беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам. Ад гэтай інстытуцыі у крас. 1918 яго кааптавалі ў Раду БНР. З 1.05 ён уваходзіў у сэньёрэн-канвэнт Рады ад фракцыі цэнтру. Яго кандыдатуру вылучылі на пасаду старшыні Народнага Сакратарыяту Рэспублікі. Што супраць гэтай кандыдатуры быў Я. Варонка, тое вядома. Але Варонку, пэўна, падтрымалі радныя ад БСГ і Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У выніку 14.05.1918 Уласаў стаў намесьнікам старшыні Рады БНР. Працаваў ён таксама ў Міжнароднай камісіі Рады, а ў жн. стаў старшынём Эканамічнай камісіі. У 1918 ён быў пісарам выдавецкага таварыства «Заранка», якое выдавала газэту «Беларускі Шлях» (рэдактар А. Прушынскі).

Калі ў сьнеж. 1918 у Менск прыйшлі бальшавікі, Уласаў разам з В. Іваноўскім ды інш. раднымі застаўся ў горадзе. На жаль, больш дакладных зьвестак пра дзейнасьць Уласава ў час бальшавіцкага панаваньня няма. Пасьля таго, як бальшавікі адступілі пад напорам Войска Польскага, ён браў чынны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці. 13.12.1919, калі эсэры і сацыялісты-фэдэралісты вырашылі дзейнічаць напралом і стварыць свой кабінэт на чале з В. Ластоўскім, другая частка радных сабралася на кватэры Ўласава і пацьвердзіла мандат А. Луцкевіча. Уласаў стаў сябрам сфармаванай у гэты дзень Найвышэйшай Рады БНР. І ў гэты ж дзень прыхільнікі Ластоўскага вырашылі выключыць яго з Рады БНР.

Разумеючы, што Беларусь, якая стала прадметам польска-савецкага збройнага канфлікту, ня зможа сама выстаяць, у чэрв. 1920 Уласаў разам з П. Алексюком і С. Лянкоўскім увайшоў у часовы арганізацыйны камітэт клюбу «Беларуская Рэспубліканская Сувязь», які выказваўся за аднаўленьне дзяржавы ў межах Вялікага Княства Літоўскага з апорай на Польшчу. Настроены супраць саветаў, у ліп. 1920 Уласаў разам з Я. Лёсікам ды І. Серадой усё ж застаўся ў Менску. Тады і адбылася яго ды іншых дзеячаў беларускай культуры сустрэча з Чарвяковым. Пакінуўшы Менск, Уласаў праз пэўны час апынуўся разам з іншымі сябрамі Найвышэйшай Рады ў Варшаве.

Праўдападобна, пасьля заключэньня ў 1921 Рыскага міру паміж Польшчай і бальшавікамі Уласаў вярнуўся на Бацькаўшчыну. Ён увайшоў у заснаванае ў тым самым годзе Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны і стаў адным з першых сябраў Таварыства беларускай школы. Ён чыніў захады дзеля адкрыцьця ў Радашкавічах беларускае школы. У адказ палякі кінулі яго ў канцлягер каля Стшалкова (Strzałkowo; цяпер у Слупецкім пав. Вялікапольскага ваяводзтва). Там яго пратрымалі 4,5 месяца. Ёсьць легенда, што вызвалілі Ўласава пасьля таго, як ён арганізаваў зварот вязьняў у Лігу Нацый. Ёсьць таксама сьведчаньні, што за Ўласава хадайнічаў Л. Вітан-Дубейкаўскі. Пасьля выхаду на волю Уласаў усё ж дамогся сваёй мэты. У 1922 гімназія імя Скарыны ў Радашкавічах была адчыненая. Яе дырэктарам стаў вэтэран беларускага руху Ф. Стацкевіч. У тым самым годзе Уласаў удзельнічаў у выбарчай кампаніі і ў лістап. заняў крэсла ў Сэнаце Польскай Рэспублікі. Дзякуючы свайму статусу мог абараняць гімназію, арганізаваць пры ёй летнія курсы для настаўнікаў пачатковых клясаў і гімназій. Аднак і рызыкаваў, калі салідарызаваўся зь Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой, калі пасьля таго, як лідэраў БСРГ зьняволілі, разам з А. Луцкевічам ды інш. працягваў грамадаўскую працу, калі заплюшчваў вочы на камуністычную актыўнасьць у гімназіі, калі знайшоў для яе дабрачынцаў у Мэтадысцкай Царкве, калі прымаў у Мігаўцы неляяльных да польскай дзяржавы дзеячоў. У Радашкавічах меўся адмысловы агент дэфэнзывы, у абавязкі якога ўваходзіла сачыць за Ўласавым і яго гасьцямі.

У 1939 польскія чыноўнікі занесьлі Ўласава ў чорны сьпіс за тое, што не падпісаўся на ваенную пазыку. Запатрабавалі, каб ён даставіў 60 пудоў жыта, за сабатаж прыгразілі Картуз-Бярозай, але тут прыйшлі Саветы. І Ўласаў з кошыкам яблыкаў пайшоў сустракаць «вызваліцеляў», мала таго, ён, стары культурнік, прапанаваў уладзе свае паслугі, дзеля гэтага паехаў у Маладэчна. Нібыта забыў словы Чарвякова, сказаныя ў ліп. 1920.

У Маладэчне 16.10.1939 яго арыштавалі, а праз год, 29.11.1940, Асобая нарада пры НКВД вызначыла 66-гадоваму Ўласаву меру пакараньня: 5 гадоў лягеру. Адпраўлены ў Сіблаг (Новасібірская вобласьць, Расея), ён памёр, паводле адных крыніц, на станцыі Марыінск Кемераўскай вобласьці, паводле іншых — у Марыйскай АССР (цяпер Рэспубліка Марый Эл).

***

З кнігі: Лявон Луцкевіч, Галіна, Войцік. Аляксандар Уласаў (сэрыя «Партрэты Віленчукоў») Вільня, 2000:

Калі прыяжджалі госьці, Саша аглушальным басам зваў сваю гаспадыню: «Анатоля, гоп, гоп!» Калі госьці былі Анатолі да спадобы, яна прыносіла яечню, масла, сыр, кіўбасы; калі не — казала, што нічога няма, і ніякія ўгаворы дзядзькі не памагалі. У садзе былі спартовыя прылады, і ўся моладзь мусіла практыкавацца. А вечарам у старым доме дзядзька запальваў у каміне, перад ім клалі посьцілкі, мы сядалі на падлогу, пілі каву й слухалі найчасьцей дзядзьку. А старэйшыя сядалі на надзвычай вялікую канапу, каторая мела каля 5 мэтраў даўжыні.

Калі было горача, дзядзька хадзіў у адных шортах (тады гэта была рэдкасьць), а такі волат, як ён, выглядаў досыць арыгінальна. Нават здараліся зь ім анэкдоты. Прыехаў нейкі беларус з ваколіцаў Вільні й пайшоў зь дзядзькам у сад. Тым часам прыйшоў нейкі селянін па раду. Яго паслалі ў сад, але ён хутка вярнуўся перапалоханы ды кажа: «Там нейкі голы вар’ят ходзе, а каля яго, мусі, фэльчар круціцца, і ўсё яго ўгаворвае!» Аднаго разу прыйшла нейкая дзяўчына, і яе паслалі ў сад. Яна пайшла й паклікала: «Пан сэнатар!». і раптам пачула аднекуль з гары: «Гоп, гоп!» Узьняла галаву, а на дрэве нейкае вялізнае, праве голае цела. Ад нечаканасьці амаль не самлела.

Калі дзядзька зьбіраў гасьцей, дык за вячэрай хадзіў каля стала й казаў: «А Божа ж мой, ня ежце гэтак шмат, гэтак вы мяне зруйнуеце!» Госьці рагаталі, і нідзе, здаецца, як у яго так смачна ня елі й не пілі. А сам дзядзька Саша мог зьесьці яечню зь 10 яек на сале, а ў пост — на алеі. Моладзь яго надта любіла за ягоныя жарты, за любоў да спорту, за кнігі, каторыя ён пазычаў са сваёй багатай бібліятэкі, за добрыя парады. Увечары прыходзілі суседзі зь Мігаўкі, Шалухічаў, Пяцюлей. Дзядзька чытаў ім газэты й распавядаў, што дзеецца ў сьвеце. Будучы сэнатарам, ён бараніў пакрыўджаных. Каб вучням было лягчэй вучыцца, ён прыняў прапанову мэтадыстаў з Варшавы, якія арганізавалі ў Радашкавічах інтэрнат для хлапцоў і дзяўчатаў: такім чынам яны мелі бясплатную кватэру, сьвятло й апал… На жаль, на новых выбарах ён ужо ў Сэнат не патрапіў«.

Надышоў 1939 г. Уласаў не заплаціў 100 злотых на ваенную пазыку, за што патрапіў на «чорную дошку». Далі 4 дні, каб даставіў 60 пудоў жыта. За сабатаж гразіла зьняволеньне ў Картуз-Бярозе. Але 17 верасьня Заходнюю Беларусь акупавалі савецкія войскі. Уласаў узяў кошык яблыкаў і, у акружэньні дзяцей, пайшоў сустракаць Чырвоную Армію.

Камітэт беднаты даў яму як народнаму інтэлігенту 5 га зямлі. Часовая ўправа ў Радашкавічах зацьвердзіла гэтае пастанаўленьне. Аднак неўзабаве сытуацыя зьмянілася. Уласаву сказалі, што ён ёсьць «помещик» (60 га), і загадалі пакінуць Мігаўку. Яму ў той час было ўжо 65 гадоў, зь ім была жонка ды два сыны. Ён хацеў яшчэ працаваць дзеля дабра Беларусі, цешыў сябе ілюзіямі, што пры новай уладзе зможа пісаць успаміны, каб паказаць моладзі, як змагаліся за Беларусь пры розных рэжымах.

і вось неяк ён паехаў у Маладэчна, зайшоў у аддзел асьветы. Адтуль яго накіравалі ў НКУС. А тамака яму ветліва сказалі: «Сядьте и опишите подробно свою деятельность». Ён сеў і напісаў, амаль 17 старонак. У яго ўзялі напісанае, перагледзелі й задаволена сказалі: «На обвинительный акт достаточно!» Дамоў ён ужо не вярнуўся.

Жонка шукала яго, стоячы пад вокнамі турмы, дамагалася спатканьня, але дарма. Калі яна прыносіла перадачы й пыталася ў вартавога пра мужа, той казаў: «А-а-а, гэты, зь вялікімі вусамі… Дык ад яго расказаў рагоча ўся камэра!»

Уласава судзіла асобая нарада. Далі яму 5 гадоў лягеру, і 28 лістапада 1940 г. накіравалі ў Марыінскі лягер у Новасібірскую вобласьць. Дзякуючы моцнаму здароўю, ён дацягнуў да Новасібірску. Памёр Аляксандар Уласаў 11 сакавіка 1941 г. Прычына сьмерці, як запісана ў пасьведчаньні, паралюш сэрца.

Анатоль Сідарэвіч, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика