This movie requires Flash Player 9
15.03.2016 | Музыка

Яўген Калмыкоў: “Ляпіс” скончыўся, калі мы перасталі быць роўнымі

Былы дырэктар і прадзюсар “Ляпіс Трубяцкі” распавёў пра акалічнасці распаду гурта ў эксклюзіўным інтэрв’ю Budzma.by

“Ляпіс Трубяцкі” спыняў сваё існаванне шумна і весела – Міхалок напаўжартаўлівым тонам абвясціў пра самароспуск, гурт даў развітальны тур ды ціха-мірна распаўся на дзве часткі – Міхалок у Brutto агітаваў за здаровы лад жыцця, а Trubetskoy – за дэнс, адрыў ды рок-н-рол. Але спакой доўжыўся нядоўга – Міхалок спачатку выступіў з заявай, у якой распавёў, што распаўся “Ляпіс” праз несупадзенне поглядаў, потым назваў творчасць сваіх былых паплечнікаў “гаўном” ды “крутым рок-н-ролам для бухіх мяшчанаў”. Зрэшты, ад гэтых словаў ён потым адмовіўся (Brutto заявілі, што іх акаўнты ўзламалі, і Міхалок гэтага не пісаў), каб потым іх фактычна пацвердзіць і забараніць гурту Trubetskoy выконваць песні “Ляпісаў”, назваўшы калегаў “сепаратыстамі” ды “рэйдарамі”, што захапілі “спадчыну вялікага гурта”. І вось апошняя заява Міхалка – ён зноў дазваляе выконваць песні “Ляпісаў” тым, з кім ён іх калісьці ствараў.

Trubetskoy у гэтай сітуацыі абраў тактыку маўчання. Гурт выдаў альбом песень, напісаных самастойна, і звёў да мінімуму выкананне старой спадчыны. На выпады Міхалка яго ўдзельнікі папросту не адказваюць. Аднак з нагоды апошняй заявы экс-лідара “Ляпісаў” яго даўні паплечнік Яўген Калмыкоў, які амаль 20 гадоў быў у гурце дырэктарам і прадзюсарам ды заснаваў з Міхалком творчае аб’яднанне “Дзеці Сонца”, зрабіў адзінае выключэнне для Budzma.by, каб патлумачыць сваю пазіцыю.

– Міхалок дазволіў цяперашняму вашаму гурту Trubetskoy выконваць песні з рэпертуару “Ляпіса Трубяцкога”. Вы радыя?

– Гэта мы ўжо праходзілі – былі дазволы, потым забарона, потым зноў дазвол. Trubetskoy з гэтага пачаўся, калі Міхалок нам сказаў: уся гэтая спадчына ваша. Пакінуў нам, як ён сам сказаў, усё – песні, імя, традыцыі. Потым была забарона – усім можна выконваць песні “Ляпісаў”, толькі не гурту Trubetskoy. Цяпер, аказваецца, нам зноў можна. Значыць, можна меркаваць, што неўзабаве будзе нельга. Наогул жа гэта выглядае як прыватнаўласніцкая дробная валтузня і знаходзіцца ў той плоскасці, якая ў мяне прыватна выклікае гідлівасць.

– Чыста юрыдычна – каму належаць правы на песні “Ляпіса Трубяцкога”? Каму ідуць аўтарскія ад ратацыі песень?

– Міхалку. Усе кампазіцыі да нядаўняга часу знаходзіліся ў ТАА “Дзеці сонца”. Нядаўна я пералічыў увесь гэты даробак прадстаўнікам аўтараў. Мы не хочам спрэчак на гэты конт, хоць і ёсць заканадаўчыя кручкі, каб які заўгодна гурт выконваў тое, што ён хоча. І мы гатовыя з канцэртаў за выкарыстанне песень “Ляпісаў” пералічаць грошы аўтару. Мы не супраць гэтага. Хоць у той час, калі мы яшчэ размаўлялі, ён сам казаў, што яму нічога не трэба.

– Чаму вы цалкам аддаяце аўтарскія? Няўжо ўнёску іншых у гэтыя песні няма?

– Ніхто не разбіраўся ніколі, хто дзе што прыдумаў. Так, асноўную частку рабіў Міхалок, але гэта была і сумесная праца. Мы ніколі ў гэтым не корпаліся і ўсюды казалі, што мы банда, сям’я і гэта ўсё нас аб’ядноўвае. Між намі не было ніякіх дамоваў, і ў гэтым была наша фішка. Таму і цяпер не хочацца педаляваць гэтую тэму і казаць: гэта і нашы песні таксама! Нейкі цырк выходзіць, мы проста маўчым.

– Наколькі можна зразумець, закід Міхалка не ў тым, што Паша Булатнікаў працягвае спяваць “Яблони” і “Котик”, а ў тым, што цяперашнія ўдзельнікі гурта Trubetskoy бяруцца за выкананне яго рэвалюцыйнай і бунтарскай лірыкі, ды яшчэ і на сцэну выходзяць у той жа адзежы па ска-панку.

– Дык ніхто не чапаў гэтыя песні. А заява наконт таго, што музыкі з “Трубяцкога” шорцікі не змянілі падчас выступу на фестывалі, выглядае смешна – лета ж на двары. І шорцікі яму пакінулі ўрэшце, цяпер мы ў штанішках і пры матылях (смяецца).

– Па вашым адчуванні, дзе праходзіць гэтая лінія: што “Трубяцкому” можна граць з рэпертуару “Ляпісаў”, а што – не?

– На той сустрэчы, дзе абмяркоўваліся пытанні падзелу маёмасці, размова наогул вялася толькі пра некалькі канкрэтных песень, якія ён прасіў не спяваць: “Железный”, “Я верю”, “Воины света”. “Огоньки” аднойчы Паша заспяваў, дык мы прасілі яго болей гэтага не рабіць, бо гэта таксама асабістая песня для Міхалка. А што да пратэсту, то першапачаткова не толькі ён быў носьбітам гэтай ідэі ў гурце.

– А хто яшчэ?

– Напрыклад, Аляксандр Бергер, прэс-аташэ “Ляпіса Трубяцкога”. У сваім свежым інтэрв’ю Міхалок зазначыў, што Бергер быў з той часткі гурта, якая падзяляла ідэалогію старых “Ляпісаў” і не выказвалася палітычна. У той жа час менавіта Бергер пастаянна падкідаў Міхалку прапановы падпісаць лісты пратэсту, зняць ролік у падтрымку палітвязняў, беларускіх анархістаў ці Pussy Riot, угаворваў выступіць на тым ці іншым мітынгу. І Міхалок не заўсёды прымаў гэтыя прапановы. Праз удзел Бергера ў мітынгах і выказванні на адрас дзейнай улады ў Расіі, Trubetskoy, напрыклад, трапіў у стоп-ліст “Нашего радио”. Дзе наогул фота каго-небудзь з Brutto, дзе яго вяжуць і кудысьці цягнуць?

Аляксандра Бергера затрымліваюць на апазіцыйным шэсці ў Маскве, 21 лютага 2014, фота Дзяніса Бачкарова

– Тым не менш цяпер гурт Trubetskoy падкрэслена апалітычны.

– Так, мы для сябе так вырашылі. Занадта шмат ёсць сілаў, якія раз’ядноўваюць людзей, і занадта мала прысутнічае таго, што можа паяднаць. Мы выступаем як у Беларусі, так і ў Расіі і ва Украіне. Але ў ідэалагічных мерапрыемствах удзелу не бярэм.

– Дык калі адбыўся гэты злом у адносінах паміж Міхалком і цяперашнім “Трубяцкім”? Вы ж і той жа Бергер нават здымаліся у кліпе Brutto.

– На той момант мы яшчэ сябравалі. Гітару ў першым альбоме Brutto запісаў Руслан “Пан” Уладыка з “Ляпісаў”, як табе такое?  Думаю, гэта быў паэтапны працэс перараджэння. Пачалося з таго, каб абысці забароны, якія пасыпаліся на “Ляпісаў”. Потым па ходзе справы ўзнікла ідэя ў Міхалка: маўляў, а давайце мы зробім свой склад, а вы зробіце свой склад, каб там граў Пан, а Паша спяваў, бо неяк няёмка – сябры ж. І з таго часу мы пайшлі кожны сваёй дарогай.

 

Яўген Калмыкоў у кліпе на песню “Brutto”

– Давайце тады адкруцім крыху назад. Рашэнне аб спыненні дзейнасці “Ляпіса” прымаў асабіста Міхалок ці яно было агульным?

– “Ляпіс” скончыўся, калі скончылася ідэя. Яна проста перастала працаваць. Мы гулялі ў анарха-бэнд, шчыра гэта рабілі. У анархістаў галоўны прынцып – Карабаса Барабаса няма, як няма і падначаленых, мы роўныя між сабою. Калі мы перасталі быць роўнымі – гурт скончыўся. Калі сярод роўных з’явiўся Гаспадар, ідэя пайшла па швах, бо лідару не патрэбная крытыка, не патрэбнае меркаванне іншых. І калі ён стварыў Brutto і сказаў, што разам не працуем, усё было арганічна для астатніх музыкаў. Бо ўжо было немагчыма – ён на нас касіўся, год разам з “Ляпісам” ездзілі яго спартсмены, ён размаўляў усё больш з імі, усё менш з намі – які ж гэта анарха-сіндыкат? А як адбылося афіцыйнае абвяшчэнне пра разыход, частка гурта ўздыхнула з палёгкай.

– Маеце на ўвазе зварот Міхалка з Канаў?

– Тады размова вялася акурат пра рэбрэндынг калектыву, прынамсі, так гучала з яго вуснаў. А потым выйшла так, што ён стварыў анарха-сіндыкат, казаў пра любоў і братэрства назаўжды, але пры гэтым думаў ужо пра іншае і ствараў зусім іншае, з ягоных жа далейшых заяваў гэта вынікае. І потым з гэтымі жа ідэямі братэрства ён даў нырца ў Brutto. Дык а цана гэтаму братэрству – нуль. Няхай сабе пайшоў у іншую сям’ю, але навошта гаўно ліць, гэта супярэчыць нашым ідэям. Непрыемна і вульгарна.

– Што патрэбна сапраўднаму Міхалку, у тым ліку ад вас? Наўрад ці тут прычына ў грашах.

– Ведаеш, у яго песня была ў пачатку кар’еры, неапублікаваная. З прыпевам: “Любите, любите, любите, любите, любите меня / Без вашей любви я погибну или сойду я с ума”. Мабыць, яму патрэбная любоў. Міхалок вельмі таленавіты і вельмі працавіты, а калі ты шмат аддаеш, прырода патрабуе нечага ўзамен.

– Вы ўсялякую камунікацыю між сабою прыпынілі?

– У мяне засталіся ўсё тыя ж сябры. Але Міхалка сярод іх я не бачу.

– Якая атмасфера цяпер у гурце Trubetskoy?

– Мы працягваем унутры калектыву тую ж ідэю – у нас няма галоўнага, ёсць дарадчы камітэт, усе рашэнні прымаюцца сумесна, ганарар размяркоўваецца пароўну і гэтак далей. Гэта складана. З моцным, вялікім і разумным павадыром, канечне, нашмат прасцей. Аднак мы яшчэ так у юнацтве вырашылі, і я гэтым ідэалам па-ранейшаму адданы. Ну так, Булатнiкаў любіць дарагія аўто і цыгары, Але ж Фідэль іх таксама любіў (смяецца).

У гэтым сэнсе мне спадабалася тлумачэнне метадолага Уладзіміра Мацкевіча: адзін чалавек – гэта кропка ў прасторы, калі два чалавекі – ужо можна прамую правесці, а кожны аб’ект – гэта галаграма, аб’ёмная выява, яна складаецца з мноства кропак. Так і з пунктам гледжання. Такімі жа прынцыпамі кіруюцца, напрыклад, “Серебряная свадьба” і Noize MC. Яны выносяць агульны пункт гледжання ў бясконцых спрэчках між сабою. Хоць у кожным гурце і ёсць ярка выяўлены лідар, ён не кажа: пайшлі ўсе ў дупу, я так вырашыў.

– Які вам бачыцца далейшы шлях “Трубяцкога”? Ці ёсць у вас адчуванне, што альбом “Magister Bibendi” спрацаваў?

– Неяк Мышкевiч i Старажук пасля запісу чарговага сiнла сказалі, што яны хочуць граць цяжкую музыку. І альбом вырашана было запісаць менавіта ў такім рэчышчы. А колькі на нашых прасторах прыхільнікаў такой музыкі? Тым не менш я лічу, што ў асноўным альбом сваю задачу выканаў. Ён нам даў разуменне, што з дапамогай сваіх новых песень мы можам сабраць у больш-менш вялiкiм горадзе ад 300 да 1500 чалавек.  Больш за тое – яна трохі ўзрасла, калі мы пачалі асноўную частку праграмы складаць з новых песень. Цяпер Паша згадвае “Яблони”, “Котика” там ці яшчэ што-небудзь. Магу сказаць, што наступны альбом не будзе падобны да гэтага. Ёсць новыя музычныя ды іміджавыя ідэі, якія мы неўзабаве рэалізуем.

– Вас задавальняе, што Trubetskoy збірае некалькі сотняў людзей?

– А мы не збіраліся паставіць планету на вушы. Мы разумелі, што з нашым альбомам не трапім на радыё, нас не будзе ў поп-індустрыі. “Ляпіс” збіраў значна больш людзей, бо ішоў да гэтага 20 гадоў. Я шмат размаўляў з музыкамі, якія былі ў падобнай сітуацыі – з Чачам з “Наіву” ці з Кагадзеевым з “НОМу”. У “Агаты Кристи” спытай пра гэта, напрыклад. Калі гурт-брэнд распадаецца на дзве часткі, гэта не значыць, што яго публіка падзяляецца на дзве часткі. Проста ў 10 разоў менш народу будзе хадзіць, як на адну, так і на другую частку. Гэта просты закон – брэнд трэба разгайдаць, каб ён працаваў. У нас дагэтуль ідуць тэлефанаванні: “Добры дзень, мы хочам запрасіць гурт “Ляпіс Трубяцкі”. А для кагосьці, быць можа, толькі нядаўна дайшло, што ёсць такая каманда – “Ляпiс Трубяцкі”.

– Чаму б тады не ажыццяўляць свае ідэі пад назвай, якая не звязаная з мінулым?

– Зноў мяняць назву? Не, мы ўжо назваліся Trubetskoy. Канечне, мы б нізашто не ўзялі гэтую назву, калі б ведалі, што будзе далей. Нам гэта цяпер у мінус, але мы ўжо заявілі пра гэта. Старажук ужо дзядуля. Ён сказаў ужо: я – Trubetskoy. І што, яму мяняць сваю пазіцыю пад уплывам нейкай кан’юнктуры? Мужчыны так не робяць.

– Пры якіх умовах “Ляпіс Трубяцкі” можа сабрацца разам?

– Калі гэта і можа сёння адбыцца, то толькі дзеля грошай. Іншай прычыны не бачу. Можа быць, дзеля вялікай і светлай дабрачыннай ідэі. Але ж гэта трэба, каб кожны з музыкаў пад гэтым падпісаўся. Міхалок казаў у сваім апошнім інтэрв’ю, што можа паціснуць руку кожнаму з былых калегаў. Але ці захочуць калегі паціскаць яму руку? Бо нехта можа паціснуць, а нехта і не.

– Выходзіць, вы ворагамі між сабою сталі?

– Я вырашыў пагаварыць пра гэта не дзеля таго, каб выкрыць Міхалка ці злавіць яго на нечым, а распавесці пра ідэю, бо гэта галоўнае. Пра ідэю, якая людзей аб’яднала і што з ёю стала цяпер. Сакрэт папулярнасці “Ляпіса” быў не толькі ў таленавітым, разумным і абаяльным чалавеку, але і ў тым, што мы ўсе працавалі на адну ідэю і ўмелі дамаўляцца доўгі час. Цяпер мы асірацелі, але варушымся, каб працягнуць гэтую ідэю. Вось Пан кажа, што не зрабіў яшчэ сваю найлепшую песню і абавязкова яе зробіць у будучыні. І дзеля гэтага я з імі.

Не хачу быць неўдзячным яму. Гэта быў вельмі цікавы шлях. Магу шмат за што падзякаваць Міхалку. І зусім не пра што не шкадую. Калі б не яго ўдзел у жыцці “Трубецкога”, дык, можа, свой першы альбом мы б дагэтуль запісвалі.

 

Размаўляў Сяргей Будкін для budzma.by

Фота Аляксандра Ждановіча


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика