17.04.2015 | Граблі гісторыі

Язэп Дыла. Тры жыцці аднаго беларуса

У гісторыі абсалютна ўсіх народаў ёсць постаці, якія з’яўляюцца ў пераломныя для Бацькаўшчыны моманты і робяць надзвычай шмат, не патрабуючы наўзамен нічога. Нават памяці.

На жаль, далёка не ўсе з такіх альтруістаў трапляюць пасля ў нацыянальны пантэон герояў. Яркі таму прыклад — жыццёвы шлях Язэпа Дылы, беларускага празаіка, драматурга, гісторыка і грамадскага дзеяча. Сёлета спаўняецца 135 гадоў з дня яго нараджэння.

За сваё доўгае жыццё Язэп Дыла паспеў пражыць некалькі чалавечых жыццяў, кампактна сумясціўшы іх у біяграфіі аднаго чалавека.

I. Рэвалюцыянер

Будучы дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР Восіп Лявонавіч Дыла нарадзіўся 14 красавіка 1880 года ў Слуцку ў сям’і службоўца. Скончыў легендарную Слуцкую гімназію. Быў вучнем Альгерда Абуховіча — удзельніка паўстання 1863 года. Ад Абуховіча малады Язэп Дыла упершыню пачуў пераклады Ёгана Гётэ, Віктора Гюго, Джорджа Байрана, Дантэ Аліг’еры ды іншых. Разам з сусветнай класікай Восіп пачаў цікавіцца рэвалюцыйным рухам і актыўна ўдзельнічаць у ім. Хутчэй за ўсё, менавіта пад уздзеяннем Альгерда Абуховіча аформіліся яго радыкальныя погляды.

Нягледзячы на ўсю інтэлігентнасць, Язэпа Дылу можна ахарактарызаваць наступным чынам: “дерзкий, резкий, участвовал, привлекался”. Яшчэ ў гады навучання ў Слуцкай гімназіі ён трапіў у шэраг нядобранадзейных. У 1899 годзе ён паступае ў Ветэрынарны інстытут горада Тарту, які, аднак, скончыць не здолее, бо будзе адлічаны з яго без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя установы Расійскай імперыі. Прычына нетрывіяльная — “за ўдзел у студэнцкіх сходках і дэманстрацыях, за прымяненне супраць паліцыі хімічных рэчываў”.

Так і не атрымаўшы вышэйшай адукацыі, Восіп будзе ўсё жыццё займацца самаадукацыяй, набываючы энцыклапедычныя веды ў абсалютна розных галінах. Пасля выгнання з інстытута ён вяртаецца ў Мінск і нейкі час працуе ў газеце “Северо-Западный край”, дзе імкліва крочыць па кар’ернай лесвіцы — ад простага карэктара да загадчыка газетнай канторы.

У пошуках лепшай долі ён выпраўляецца ў Пецярбург. За ім у спісе Восіпа будуць Арэнбург, Казань, Масква ды іншыя гарады Расійскай імперыі. Паўсюдна ён займаецца самымі рознымі справамі, у тым ліку і выдавецкай дзейнасцю, добра знаёмы з мясцовай багемай.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Язэп Дыла сустракае ў Маскве. Гэтую падзею ён разглядае як мажлівасць пачаць будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці і актыўна ўключаецца ў працу разнастайных беларускіх камітэтаў пры бальшавіцкай партыі. У снежні 1917 года Язэп Дыла бярэ актыўны ўдзел у Першым Усебеларускім з’ездзе. У гэты перыяд ён таксама актыўна піша ў газету “Дзяньнiца”, галоўным рэдактарам якой быў Зміцер Жылуновіч.

II. Дзяржаўнік

Калі паўстала неабходнасць з’яўлення Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якую абвясцілі ў Смаленску 1 студзеня 1919 года, Язэп Дыла заняў пасаду наркама працы ў Часовым рабоча-сялянскім урадзе. Варта адзначыць, што з 17 чалавек, якія складалі першы ўрад БССР, толькі 8 выступалі за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

Аляксандр Мяснікоў у той час пісаў: “Наконт сепаратызму Мы казалі, што для рэспублікі няма глебы, але для нацыяналізму яна знойдзецца. Але тут мы пазбеглі гэтага, таму што ва ўрадзе былі камуністы-небеларусы. Але паколькі ЦК хоча стварыць урад з чыста беларусаў — сыдуць лепшыя таварышы, застануцца камуністы-нацыяналісты, і тады Беларусь стане нацыяналістычнай рэспублікай”.

Пратрымаўся Язэп Дыла на сваёй пасадзе нядоўга — камуністы-інтэрнацыяналісты хутка прыбіралі тых, каму не давяралі. Як і многія беларускія дзеячы таго часу, ён быў майстрам на ўсе рукі і не займаўся нечым адным. Даводзілася і дзяржаўныя справы вырашаць, і на эканоміку з культурай час знаходзіць.

Язэп Дыла быў старшынёй Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў, дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства Інбелкульта, працаваў у Дзяржплане БССР і Белдзяржкіно. Ён стаў адным з арганізатараў Першай Усебеларускай выставы ў 1925 годзе, якая была прысвечаная юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання. У тым жа годзе яго прызначаюць дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра.

У той час Язэп Дыла актыўна шукае сродкі, перакладае і адаптуе на беларускую мову замежныя п’есы, а пасля пачынае займацца ўласнай творчасцю. Так, у 1926 годзе на сцэне тэатра з’яўляецца п’еса “Панскі гайдук”, напісаная і пастаўленая аўтарам. Ён жа кансультуе стваральнікаў адной з першых беларускіх кінастужак “Кастусь Каліноўскі”, якая пабачыла свет у 1928 годзе.

Пэўна, так працягвалася б і далей, калі б не фіктыўная справа “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой Язэпа Дылу арыштуюць 18 ліпеня 1930 года разам з іншымі дзеячамі культуры і мастацтва. У красавіку 1931 яго на пяць гадоў вышлюць у горад Кунгур Пермскай вобласці, а пасля будзе Саратаў, дзе ў той час жыў і працаваў іншы вядомы беларускі дзеяч — Вацлаў Ластоўскі. У 1938 годзе Язэп Дыла будзе паўторна арыштаваны, а Ластоўскага расстраляюць. Праз год былы наркам працы выйдзе на волю, але ўжо ніколі не вернецца ў Беларусь.

III. Пісьменнік

У якасці пісьменніка Язэп Дыла дэбютаваў з абразком “Перад раніцаю…”, напісаным у 1909 годзе. Але на старонках “Нашай Нівы” ён з’явіўся толькі ў 1912 годзе. У гэтым кароткім тэксце аўтар паказвае сваю веру ў радыкальныя сацыяльныя змены, якія мусяць адбыцца неўзабаве. Ужо па гэтым абразку можна зразумець, што Язэп Дыла не ўпісваецца ў шэрагі плакальшчыкаў, якія былі модныя ў тыя часы.

Знаходзячыся ў Саратаве, ён пачаў пісаць гістарычныя творы. У другой палове 1940-х на вокладках старых часопісаў ён напіша раман “На шляху з варагаў у грэкі”. Пазбаўлены мажлівасці працаваць з дакументамі, ён будзе пісаць па памяці, узнаўляючы ранейшыя веды. У сваёй аўтарскай энцыклапедыі “Імёны Свабоды” Уладзімір Арлоў гэтак ахарактарызуе аўтара і яго твор: “Заснавальнікам жанру гістарычнай раманістыкі ў нас традыцыйна лічыцца Уладзімір Караткевіч. Між тым, Дылу належыць напісаны значна раней раман “На шляху з варагаў у грэкі” — твор, шмат у чым наватарскі: пазбаўлены лінейнай пабудовы, скіраваны на асэнсаванне не асобных падзеяў, а самога гістарычнага працэсу. І, дарэчы, дагэтуль незнаёмы чытачу”.

У 1968 годзе ў лістападаўскім нумары часопіса “Маладосць” пад псеўданімам Тодар Кулеша выйдзе яго аповесць “У імя дзяцей”, у аснову якой было пакладзенае “Паданне пра абарону Слуцка”. У тым жа годзе Адам Мальдзіс запіша аўтабіяграфію Язэпа Дылы “Шлях амаль у сотню год”, у якой выбітны беларускі дзеяч акуратна распавядзе пра свой няпросты жыццёвы шлях. Акрамя гэтага Язэп Дыла напісаў шэраг драматычных твораў, прац па гісторыі і культуры Беларусі.

У артыкулах пра Язэпа Дылу нярэдка згадваюць, што ён аўтар успамінаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа і Яна Райніса. Пры гэтым часцяком забываюцца, што Язэп Дыла напісаў вельмі цікавыя ўспаміны пра свайго сябра і паплечніка Цішку Гартнага, дзякуючы якім можна лепш зразумець як іх героя, так і аўтара. У прыватнасці, Язэп Дыла сярод іншага згадвае раман Этэль Ліліян Войніч “Авадзень”, якім захапляліся маладыя людзі ў дарэвалюцыйныя часы. Усе гэтыя тэксты выйдуць асобным выданнем у 1981 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці аўтара.

Асабіста для сябе я адзначыў наступны момант — сваю аўтабіяграфію Язэп Дыла заканчвае наступнымі словамі: “Часта вяртаючыся ў думках у край майго дзяцінства, юнацтва і сталасці, і сёння, аглядаючы жыццёвы шлях, я радуюся, што лепшую частку гэтага шляху я прайшоў, верна служачы майму народу, маёй Беларусі”. І гэта словы чалавека пасля арыштаў, допытаў і высылкі. На працягу ўсяго жыцця гэты чалавек не забываўся пра сваю Радзіму. Хацелася б верыць, што і яна не забудзе свайго простага і мужнага сына.

Канстанцін Касяк


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика