Спецыяльна для вас мы працягваем каментаваць конкурс “Еўрабачанне”. Канечне, Беларусі сярод удзельнікаў ужо няма, аднак пара-другая цікавостак назбіраецца. І, як заўжды, нашае меркаванне застаецца суб’ектыўным, хоць і відавочна правільным.
Такім чынам – на старт! Другі паўфінал!
Літва. Моніка Лінкітэ і Вайдас Баўміла. – This Time
Нашыя суседзі літоўцы сёлета спяваюць песню пра каханне і пра тое, што адбываецца гэта толькі “тым разам” – няпраўда, шаноўныя Моніка і Вайдас, пра каханне тут спяваюць усе. Што да песні, то ў ёй выкарыстоўваецца такі нехарактэрны інструмент як банджа (ці нешта гучыць як банджа), і ўвогуле, залічваем у плюс спробу папрацаваць у жанры кантры. З папраўкай на Еўрабачанне.
Былі часы, калі ірландцы настолькі часта выйгравалі Еўрабачанне, што гэта надакучыла ім самім. Здаецца апошняе яны правялі ў памяшканні, падазрона падобным да стадолы. Налета стадола не спатрэбіцца – у прынцыпе, песня Молі Стэрлінг сімпатычная, але сказаць пра яе нешта большае цяжка, калі вы не фанат песняў пад клавішы пра самі ведаеце што.
Песня падазрона маладой пары з Сан-Марына пачынаецца з таго, што спявак Мікеле гучна кажа “No!”. Мы б пагадзіліся, аднак у гэтай песні ёсць нешта сімпатычнае – нават падобнае аж на ламаныя рытмы, гэта на конкурсе, дзе дабстэп – гэта нешта кшталту дыверсіі. Пад канец песні, праўда, чамусьці прыгадаўся савецкі шлягер “Замыкаааая круг”, не да дабра гэта.
А вось спявак з Чарнагорыі спявае па-чарнагорску, што адразу зніжае ягоныя шанцы з пункту гледжання мэтавай аўдыторыі: як яны, калі што, будуць спяваць гэтую песню хорам? А вось мы выбар ухваляем. Тым больш што ці нам падалося, ці ён праспяваў нешта падобнае на “а я лягу, прылягу”, дадалі мы і паставілі чарнагорцу плюсік.
Якое ваяўнічае сёлета Еўрабачанне, ажно другая песня з назвай Warrior! Гэтым разам ад Мальты. Але, як і ў першым выпадку, гэта звычайная песня ў стылі Еўрабачання – з пафаснай аранжыроўкай і надрыўным вакалам. Закрадаецца думка, што, можа, гэта з намі нешта не так, і мы проста пазбаўленыя пачуцця прыўкраснага?
Назва нас заінтрыгавала – а вось і песня… Спявак Мёрлан расказвае спявачцы Дэбры пра нешта страшнае, што калісьці зрабіў (што менавіта зрабіў, мы не пачулі – патанула ў клавішах і скрыпках). Але вось далучаецца спявачка, і мы разумеем, што і яна нічым не лепшая. Усё гэта зроблена ў манеры поп-песні, але змрочнай – у Нарвегіі такое ўмеюць, паглядзіце на іх прагноз надвор’я. Сімпатычна.
Кажуць, ніхто сёлета не хоча ставіць грошы на Партугалію. Ніхто-ніхто. Мы разумеем. Мы ўхваляем, што песня па-партугальску, па-англійску б яна зусім згубілася. Добрая спроба, Партугалія, але не.
Ізноў метал на Еўрабачанні, спявачка Марта Яндава спявае ужо больш за 20 гадоў у нямецкай альтэрнатыўнай метал-камандзе, калі што. Але калі б мы вам пра гэта не сказалі, вы б нізашто не здагадаліся. А проста паслухалі б чарговую баладу пад клавішы. У такія моманты мы пачынаем думаць, што не да ночы прыгаданы Крыс дэ Бург, магчыма, таксама таемны металіст.
Вы, магчыма, чакаеце якога-небудзь хітрага жарту, але не, яго не будзе – такія песні былі ў самым пачатку нулявых гадоў. Раней лічылася і ў нас, што арабскія матывы гэта крута. Мы больше не маем чаго скзаць за гэтую песню.
А хто-хто ў нас спявае голасам як у Кейт Буш (першыя 20 секунд)? Ну не як у Кейт Буш, але… І вось гэтае перабулькванне ў навушніках – мы не супраць, але на прыпеве песня псуецца, пасля выпраўляецца, пасля, праўда, ізноў псуецца. Электронныя эфекты харашо, песня нам адносна спадабалася, плюс, але не пераможа яна ніколі, уявіце яе ў маршрутцы з радыё. Вось так.
Яшчэ адна краіна, для якой перамога ў Еўрабачанні – справа аўтарытэту. Аднак не сёлета. Мы не можам нават пажартаваць пра гэтую песню. Пажартуйце, калі ласка, пра яе самі і дашліце свой жарт нам. Пры такім раскладзе нам страшна думаць, што наперадзе яшчэ фінал.
Пагроза пра “яшчэ больш балад” была не проста так. Ну давайце глядзець, песня лепшая за сваіх найбліжэйшых канкурэнтаў, тых, якія пачынаюцца ціха, а пасля вадаспад інструментаў, распеўкі, прыпеў, радыёфармат. Праўда, чым яна лепшая, мы дакладна сказаць не можам. Калі (што наўрад ці) Ісландыя пераможа, мы доўга будзем запамінаць, як клічуць спявачку.
А вось і галоўны сёлетні фаварыт. Швецыя ж не перамагала ў Еўрабачанні страшна падумаць колькі (два гады)! А ведаеце, песня насамрэч нічога, нават нешта падобнае на слайд-гітару прагучала. Праўда, у другой палове ўсё гэта перайшло ў звычайную дыскатэку, аднак мелодыка куплета вельмі нават нічога. З іншага боку, у нас ёсць для вас іншая песня з такой назвай (як заўжды), геніяльная, дарэчы.
“Час ззяць” – заклікае нас спявачка Мелані з Швейцарыі. Букмекеры заклік не ацанілі, і песня знаходзіцца ў табліцах дастаткова нізка. Той выпадак, калі мы з букмекерамі згодныя.
А вось Яніс Караяніс з Кіпра ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў апошнія гады ў акустычнай поп-музыцы, на выхадзе маем вельмі сімпатычную песню, якая, праўда, вельмі нагадвае тое, што робяць амерыканскія санграйтары, але за яе не сорамна. Кіпру адпраўляецца рэдакцыйны плюс.
А вось яшчэ Славенія сочыць патроху за тым, што адбываецца ў музычным свеце. Пасля Кіпра не так цікава, але гэтая песня адрозніваецца ад таго, што запісваюць дзяўчаты пад клавішы для Еўрабачання. Можна і ў фінале адзін раз яшчэ паслухаць. Так, мы будзем слухаць і фінал таксама.
А вось, наадварот, тыповая жаночая еўрабачанне-балада пад клавішы, суседзяў-палякаў мы даўно на конкурсе не бачылі, таму і чакалі нечага большага. Такім чынам, давайце разам падлічым, колькі раз за сёння пачулі са сцэны слова love. Здаецца, перадазіроўка.
Такім чынам у фінал выйшлі: Літва (кантры), Польшча (відаць за сумавалі), Славенія (сінгер-санграйтэрства на кані), Швецыя (а мы казалі, мы казалі), Нарвегія (монстры наступаюць), Чарнагорыя (вось што мова родная робіць), Кіпр (тут мы таксама за), Азербайджан (а жарт мы так і не прыдумалі), Латвія і Ізраіль.
З вамі быў Мікалай Левертаў