Вясомы ўклад у асэнсаванне 500-годдзя беларускай кнігі ўносяць мастакі і скульптары, графікі і кніжныя ілюстратары. На выставе ў мінскім Палацы мастацтваў прадстаўлены працы ў розных жанрах, якія адлюстроўваюць выдавецкі подзвіг Францішка Скарыны, выяўляюць розныя грані яго асобы.
Значную частку экспазіцыі складаюць партрэты і скульптурныя выявы першадрукара. Сярод іх, найперш, прыцягваюць увагу партрэты пэндзля Георгія Паплаўскага (“Францыск Скарына”), Алеся Цыркунова ( “Першадрукар”), Юрыя Каралевіча ( “Адраджэнне”), скульптурныя бюсты з таніраванага і белага гіпсу Льва і Сяргея Гумілеўскіх, постаць асветніка, адлітая ў бронзе Паўлам Лукой. Велічна ўзвышаецца над усёй экспазіцыяй скульптура Францыска Скарыны з дрэва аўтарства Сяргея Гумілеўскага.
Родным мясцінам асветніка прысвечаны творы Івана Козела “ Полацк” ,Уладзіміра Пракапцова – “Нараджэнне дня” і Аксаны Хамко – “Шляхамі Скарыны”.
Роздум пра Кнігу кніг, Слова, якое было адпачатку, пранізвае працы Паўла Хадаровіча “Прадмова”, Алены Шлегель “Алфавіт” і іншыя. Майстры плаката – Генадзь Мацур, Аляксандр Кулажанка, Сяргей Саркісаў падрыхтавалі ў юбілейным годзе серыі ёмкіх і лаканічных знакавых твораў на тэму беларускага слова і літары. У межах выставы прадстаўлены мастацкі праект “Беларускі АРТ-Алфавіт”, куратарам якога з’яўляецца віцебская мастачка Кацярына Мяснікова. У выставачным праекце ўдзельнічаюць знакавыя прадстаўнікі беларускай графічнай школы – Юрый Якавенка, Павел Татарнікаў, Леў Алімаў, Міхаіл Басалыга, Раман Сустаў.
Што новага прыўносіць сёлетняя “Скарыніяна” у параўнанні з працамі майстроў жывапісу 70-90 гадоў мінулага стагоддзя? На выставе зацікаўлены глядач знойдзе шэраг прац ў новых незвычайных тэхніках. Напрыклад, Канстанцін Вашчанка выканаў вялікую кніжную гравюру са скарынавых кніг з полісцірола.Таццяна Сакалоўская падрыхтавала працу ў змешанай тэхніцы на дрэве, а Таццяна Ласка вышывала літары беларускага алфавіту на тканіне. Аматарам беларускай кнігі будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з акварэльнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава да кнігі “Айчына: маляўнічая гісторыя”.
Акрамя твораў выяўленчага мастацтва на выставе прадстаўлены адноўлены Уладзімірам Ліхадзедавым друкарскі станок Францыска Скарыны, на якім дэманструецца працэс старажытнага кнігадрукавання. Выстава працягне сваю працу да 3 снежня.
Эла Дзвінская, фота аўтара