З чым сёння пазмагацца жанчыне, якая прагне адстаяць свае правы? Поле бітвы – спустошанае, вораг – зваяваны, выбарчае права – здабытае, права працаваць пяць дзён на тыдзень – калі ласка; кіраваць аўтамабілем, тралейбусам, краінай – ну куды болей? Але вораг зманлівы, ён перакідваецца, мяняе абліччы – і дыскрымінуе бесперапынна. І вось ён, вораг, – рэкламны плакат.
Атака на дыскрымінацыйную рэкламу ідзе дробнымі, але незгасальнымі хвалямі: я з года ў год не-не дый сустрэну напад-артыкул на няправільна ілюстраваную дзіцячую кніжку, некарэктны відэаролік, абразлівы слоган. Але дзеля справядлівасці мушу адзначыць, што і змест рэкламы ў нас трэцяе дзесяцігоддзе не мяняецца. Буйную рыбу ловяць на жыўца, а пакупніка тавараў і паслугаў – на жанчыну.
У канторы, якая запраўляе прынтары, на плакаце дзявуля ў кароткай спаднічцы. У бюро перакладаў – строгая бізнэс-лэдзі ў белай блузцы, расшпіленай на тры гузікі. Банк абавязкова змесціць на бігбордзе прывабную касірку. Толькі тая аўтамыйка прыйдзе да поспеху, у якой машыны будуць мыць супрацоўніцы ў ніжняй бялізне (тру сторы). Ніякая выстава аўтамабіляў не абыходзіцца без “бодзі-арту” (гэта калі між машынамі ходзяць расфарбаваныя дзяўчаты ў адных… ну, скажам так, топлес). А ўжо начному клубу сам божанька загадаў наляпіць на афішу як мага болей, не пабаюся гэтага слова, голых дзевак.
Я б, дарэчы, папрасіла абражаных “феміністак” назваць адсотак дыскрымінацыйных рэкламных матэрыялаў сярод іншых, бо падазраю, што такіх не пераважная большасць; але ўчэпістае вока заўжды знаходзіць аб што абразіцца.
Не надта інтэлектуальная рэклама, пагаджуся. Рэкламшчык-неафіт, ударнік інтэлектуальнай працы ў першым пакаленні, транслюе свае прымітыўныя каштоўнасці, спрабуючы прывабіць пакупніка тым, што сам уважае за галоўнае ў жыцці: купляй, маўляў, і будзеш альфа-самцом, і найлепшыя жанчыны самі сядуць ля тваіх ног. І адваротны працэс: некаторыя вытворцы рэкламы, можа, і хацелі б абяцаць пакупнікам прасвятленне і выхад з кола пераўвасабленняў, але даводзіцца прадаваць жанчыну, бо, прабачце, попыт стварае прапанову. Ну, што зробіш, нашае грамадства маргіналізаванае, “господа все в Париже”, і адным намаганнем волі на роўным месцы інтэлектуальную эліту не ўтворыш.
Я б нават пазначыла такую “сэксісцкую” рэкламу як спробу новага пакалення мужчынаў, не затлумленых музычнымі школамі і іншымі этыкетамі, пазбавіцца дыскрымінацыі жанчын і наноў усталяваць патрыярхат. Увага: няўдалую спробу.
Тыя, каго абражае рэклама з выкарыстаннем вобраза сэксапільнай жанчыны, я звяртаюся да вас. Як гэтая рэклама вас дыскрымінуе? Што яна перашкаджае вам рабіць?
Хіба пасля з’яўлення ў метро чарговага плаката з даўганогай мадэлькай у вас самаліквідуецца ступень прафесара матэматыкі, і абелевы інтэгралы трэцяга рангу перастануць прыводзіцца да эліптычных інтэгралаў? Ці, можа, выдзеленая шляхам працяглых эксперыментаў фракцыя ўранавай руды перастане свяціцца, і ў вас адбяруць дзве Нобелеўскія прэміі? Напэўна, супрацоўнікі вашай кампаніі адмовяцца працаваць пад вашым кіраўніцтвам, а прыпаркаваны пад акном офіса аўтамабіль, які вы зарабілі тым, чаго не маюць мужчыны (мазгамі), анігілюецца?
Тыя, хто лямантуе аб жаночай дыскрымінацыі і мужчынскім шавінізме, якую сур’ёзную справу вам перашкодзілі зрабіць Адамавы браты?
Дзе яшчэ засталася ў Беларусі зона “прыгнятання жанчынаў”, апрача як на гэтых няшчасных рэкламных плакаціках? Як на мяне, то наадварот: засталося некалькі лёгкіх рухаў, каб баланс “роўнасці правоў і абавязкаў” парушыўся і нахіліўся ў наш, жаночы бок. Ці ёсць у вас знаёмыя мужчыны, якія сядзяць з дзецьмі, у той час як іх жонкі зарабляюць грошы? Асабіста я ведаю некалькі такіх.
Югася Каляда